Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіслач атрымала сьцяг з выявай зубра (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня У райцэнтры Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці ў мінулыя выхадныя адзначылі 750-годзьдзе гораду. На флагштоку лунаў мясцовы сьцяг з выявай зубра — на поўдні раёну пачынаецца Белавеская пушча. Да ўгодкаў быў пастаўлены памятны камень з з цытатай з Іпацьеўскага летапісу 1256 году: “І пайшоў Даніла на яцьвягаў… І прыйшлі да яго на дапамогу Раман Навагародзкі, Глеб Ваўкавыскі і Ізяслаў Сьвіслацкі са сваімі войскамі”. У мястэчку усталяваныя два бюсты Кастуся Каліноўскага, які тут вучыўся. І нарэшце была ўсталявана бронзавая мэмарыяльная шыльда зь яго выявай, чаго раённыя ўлады доўгі час не хацелі рабіць. Каля цэнтральнай плошчы, дзе адбылося сьвяткаваньне, стаіць гмах недабудаванай царквы. Сьвята наведаў наш карэспандэнт, які цікавіўся ў жыхароў — як ім жывецца ў Сьвіслачы.

(Маладая спадарыня:) “Увогуле я родам не са Сьвіслачы, але жыву тут гадоў дзесяць. Цяпер яна зьмянілася, стала чыстай, акуратнай, прыгожай”.

(Карэспандэнт:) “А за апошні час у вас тут што-небудзь пабудавалі новае?”

(Маладая спадарыня:) “Радыёвышку пабудавалі, пачалі лепей паказваць усе тэлеканалы, і сталі радыё прымаць. Сьвіслач знаходзіцца ў “яме”, таму ў нас нічога не прымалася”.

(Карэспандэнт:) “А што Вы можаце сказаць пра вашую царкву: яе ніяк не пабудуюць”.

(Маладая спадарыня:) “Мы, каталікі, калі будавалі касьцёл, мне здаецца, пабудавалі яго хутка і добра. Гэта клопат парафіянаў, у першую чаргу, і клопат царквы ўсё-ткі. Улады — так, яны павінны нешта дапамагаць, але людзі павінны самі варушыцца”.

(Спадар:) “Сьвіслач падабаецца, чаму не падабаецца? Я тут восем гадоў жыву”.

(Карэспандэнт:) “А не было жаданьня куды-небудзь зьехаць, каб была магчымасьць?”

(Спадар:) “Можна было б, канечне, але я ўжо спыніўся на гэтым: хату купіў, работу маю, на аўтобусе раблю, зарабляю 350-400 тысяч”.

(Карэспандэнт:) “А ў Белавескай пушчы бываеце, зуброў бачылі?”

(Спадар:) “Бачылі, я з маленства бачыў — і зуброў, і аленяў, і ласей”.

(Карэспандэнт:) “Сьвіслач яшчэ, кажуць, знакамітая тым, што ў пушчы робяць “карчоўку”, самагонку. Гэта праўда?”

(Спадар:) “Ужо апошнім часам ня тое, што раньш было, змагаецца нашая міліцыя…”

(Пэнсыянэрка:) “Нашая Сьвіслач прыгожая, утульная, я жыву тут ужо дваццаць восем гадоў. Царква нашая, знаяце, доўга не будуецца, спонсараў няма. Трэба, каб быў у нас у рэшце рэшт храм пабудаваны, а то цісьнемся ў тым маленькім на могілках”.

(Карэспандэнт:) “Сьвіслач незвычайная тым, што тут і помнік Каліноўскаму, і помнік Сталіну. Каму кветкі больш носяць?”

(Пэнсыянэрка:) “Ня ведаю, каму тут кветкі больш носяць — і туды носяць, і сюды носяць”.

(Прадпрымальнік:) “Сьвіслач у наш добры, кампактны гарадок, прырода ў нас добрая — Белавеская пушча побач. Праца ёсьць, зарабляем някепска, я маю на ўвазе сябе, мяне заробкі задавальняюць”.

(Спадарыня:) “Не, мы нікуды ня хочам адсюль пераяжджаць. Усё тут падабаецца: чысты горад, ня ведаю нават што яшчэ сказаць, усё прыгожа, усё добра”.

(Карэспандэнт:) “Ну, а вось мы стаім каля помніка Сталіну. Улады мясцовыя гаварылі, што калі помнікаў будзе больш, стане прыяжджаць больш турыстаў у Сьвіслач”.

(Спадарыня:) “У нас не турыстычны горад. Мясьціны ў нас ёсьць прыгожыя, але турысты да нас рэдка прыяжджаюць”.

(Карэспандэнт:) “Карацей кажучы, з-за помніка Сталіну турыстаў больш ня стала?”

(Спадарыня:) “Не, ня стала”.

На здымку: вулічны турнір па барацьбе пад час сьвята прыцягнуў увагу сьвіслаччанаў.



На здымку: на сьвята прыехалі рыцары.



На здымку: гараджане шпацыруюць каля помніка Сталіну.



На здымку: сьвіслаччанкі.



На здымку: недабудаваная царква.



На здымку: шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG