Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віка Мароз адаптoўваецца да беларускіх умоваў


Радыё Свабода 10-гадовая Віка Мароз, якая 30 верасьня ўначы была дастаўленая з Генуі ў Беларусь, знаходзіцца пад даглядам беларускіх ды італьянскіх мэдыкаў і псыхолягаў, у адной з адмысловых сацыяльна-пэдагагічных установаў Меншчыны. Паводле паведамленьня Беларускага тэлебачаньня, хутчэй за ўсё, гэта спэцыяльны інтэрнат у Барысаве, хаця дакладнае месца знаходжаньня дзяўчынкі прадстаўнікі міністэрства адукацыі Беларусі не называюць.

Як заявіў італьянскім журналістам амбасадар Беларусі ў Рыме Аляксей Скрыпко, дзяўчынка будзе знаходзіцца пад даглядам адмыслоўцаў да таго часу, пакуль не адаптуецца да беларускіх умоваў. Паводле ягоных словаў, далейшыя кантакты Вікі зь сям’ёй Джуста-Барначын будуць залежыць непасрэдна ад паводзінаў самой сям’і. Тым часам адвакаты Джуста-Барначын рыхтуюць зварот у Эўрапейскі суд у Страсбуры.

У інтэрвію сёньняшняй Corriere della Sera адзін з адвакатаў сямейнай пары Маўрыцыа Фрыцы сказаў: “Паводзіны італьянскай дзяржавы выклікаюць агіду. Усім нам мусіць быць сорамна. Тлумачэньні адносна вяртаньня дзяўчынкі дадому вартыя сьмеху”.

Паводле адваката, Апэляцыйны суд у Генуі, які 28 верасьня адклаў сваё паседжаньне да панядзелку, нарэшце адхіліў прашэньне Джуста ды Барначын.

Дзеяньні італьянскіх праваахоўных структураў і юстыцыі сустрэлі рэзкую крытыку правых італьянскіх палітыкаў і шэрагу грамадзкіх дзеячаў.

У мястэчку Кагалета, дзе гасьціла Віка Мароз, прайшла грамадзянская акцыя пратэсту супраць дзеяньняў італьянскага ўраду.

Адмысловую службу ў Кагалета сёньня правёў сьвятар Даніла Грыла. Ён заявіў, што італьянцы, у якіх гасьціла дзяўчынка, павінны ведаць, дзе яна цяпер знаходзіцца. Ён заклікаў жыхароў мястэчку ў знак салідарнасьці зь Вікай павесіць на свае вокны белыя палотны. На самым вялікім палатне сёньня напісана –“Каму было выгадна прынесьці ў ахвяру беларускую дзяўчынку?“

На здымку: Марыя Барначын (справа) пасьля адлёту Вікі Мароз у Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG