Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Чамусьці ім усе нясуць ежу, нібыта гуманітарную дапамогу жабракам...


Радыё Свабода 1 кастрычніка ў Беларусі – Дзень настаўніка. Жыхары Віцебску дзеляцца сваімі меркаваньнямі пра тое, ці прэстыжная сёньня настаўніцкая праца. І разважаюць пра тое, што трэба зрабіць, каб яна зрабілася прэстыжнай.

(Дзяўчына:) “Наколькі прэстыжная праца настаўніка, бачна менавіта зараз, калі іх ушаноўваюць перад прафэсійным сьвятам. Ім дараць не кнігі, не нейкія інтэлектуальныя падарункі – падарункі, якія дапамаглі б ім падвысіць сваё прафесійнае майстэрства. Чамусьці ім усе нясуць ежу, нібыта гуманітарную дапамогу жабракам: пачак гарбаты, кава, цукеркі. І менавіта тым, што яны гэтаму радыя, што яны дазваляюць рабіць сабе такія падарункі, яны яшчэ больш прыніжаюць прэстыж свае працы”.

(Спадар:) “ Гаварыць пра прэстыжнасьць не выпадае. Каб хаця б трохі зарабляць, настаўнікі мусяць працаваць вельмі шмат, таму яны вымушаныя і працаваць пасьля ўрокаў, і браць класнае кіраўніцтва – “нагружацца” напоўніцу. На ўласных дзяцей часу ў іх ужо не застаецца!”

(Дзяўчына:) “Выкладчык, настаўнік – гэта заўсёды прэстыжна. І беларусы як нацыя да гэтага імкнуцца. Гэта высокадухоўныя, высокаадукаваныя людзі. У нас ёсьць універсітэт, дзе рыхтуюць настаўнікаў, і, мне здаецца, вольных месцаў там ніколі не было”.

(Спадарыня:) “Хоць іх і “кляпаюць” паболей, усё адно тыя настаўнікі, якія былі раней – якія вучылі нас, усё адно былі больш багатыя духоўна, чымсьці цяперашнія настаўнікі. Цяпер яны ведаюць мала, з дзецьмі працаваць ня ўмеюць. Трэба зрабіць так, каб да настаўніка цягнуліся. А самі настаўнікі каб былі ад Бога – каб яны хацелі быць настаўнікамі!”

(Дзяўчына:) “Лічаныя людзі, скончыўшы педагагічны ўніверсітэт, хочуць працаваць у школе! Як гаворыць мая сяброўка, туды йдуць толькі тады, калі ўжо больш ісьці няма куды. Яна працуе ў адной віцебскай школе, ня самай лепшай. І клясу ёй далі ня самую добрую – знайшлі “Макаранку”! І вось цяпер гэтая “Макаранка” у вольны ад працы час бегае па мікрараёне, шукае сваіх вучняў, выцягвае іх з розных прытонаў – бо там ёсьць і дзеці наркаманаў, і дзеці алькаголікаў... І ўсё гэта за 400 тысяч беларускіх рублёў у месяц. Так, настаўнік мусіць выхоўваць дзяцей, гэта нармальна! Але гэтая праца вымагае вялікіх высілкаў, вялікага нэрвовага напружаньня. Трэба падвышаць настаўнікам заробкі!”

(Спадар:) Прафесія настаўніка робіцца непрэстыжнай таму, што яны не займаюцца сваёй працай: іх прымушаюць пісаць нейкія паперы, ездзіць у калгас, арганізоўваць выбары. Таму ў нас і вырастаюць такія дзеткі, якія потым кажуць, што Скарына жыў у Піцеры, а Васіль Быкаў пісаў вершы. Калі настаўнік будзе займацца сваёй працай, вось тады ў нас усё будзе добра”.
XS
SM
MD
LG