Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці чулі менчукі ўчорашні выступ Лукашэнкі?


Іна Студзінская, Менск Ці глядзелі альбо слухалі вы прэсавую канфэрэнцыю кіраўніка дзяржавы? Якое вашае ўражаньне ад яе? З такімі пытаньнямі наша карэспандэнтка зьвярталася да мінакоў на вуліцах Менску.

(Спадар: ) “Ведаеце, я ня слухаў і не глядзеў”.

(Юнак: ) “Я таксама ня слухаў. І наагул, я прэзыдэнта ня слухаю”.

(Дзяўчына: ) “Я ня слухала, магу нават патлумачыць, чаму: у мяне ёсьць больш цікавыя справы, я вельмі заняты чалавек. Я ўвогуле больш цікаўлюся мастацтвам, а ня нейкімі вось такімі справамі прыватнымі. Я лічу, што гэта прыватныя справы – палітычныя”.

(Юначка: ) “Я таксама не глядзела. Часу няма”.

(Спадарыня: ) “На жаль, ня чула і не чытала, мне вельмі шкада вас расчароўваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А наагул, цікавіцеся выступіла прэзыдэнта?”

(Спадарыня: ) “Я вельмі цікаўлюся такімі рэчамі, проста ў нас няма дома тэлебачаньня беларускага нацыянальнага, мы не чытаем газэты беларускія. А ў тым, што чытаем, не заўсёды пра гэта пішуць”.

(Хлопец: ) “Не было часу. Калі ёсьць час – гляджу”.

(Карэспандэнтка: ) “Учора кіраўнік дзяржавы больш за тры гадзіны выступаў перад расейскімі журналістамі. Ці слухалі, ці глядзелі? “

(Спадар: ) “Не, не глядзеў”.

(Дзяўчына: ) “Не, не было часу, працуем і вучымся, таму няма калі”.

(Спадарыня: ) “Не, ня бачыла”.

(Юначка: ) “Не, няма асабістага часу”.

(Спадар: ) “Крыху глядзеў, частку выступу”.

(Карэспандэнтка: ) “І якія вашы ўражаньні?"

(Спадар: ) “Па-мойму, звычайны выступ, як заўсёды ў яго: крытыкі ён не баіцца, і Пуціна “працягнуў”, так бы мовіць. Як мне падаецца, ён аб’ектыўна падае нашу рэчаіснасьць”.

(Спадарыня: ) “Я не глядзела, але яго падтрымліваю цалкам”.

(Галасы: ) “Я не глядзеў”, “Не, ня чулі”, “Не глядзелі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы не цікавіцеся палітыкай ці прынцыпова не глядзіце?”

(Хлопец: ) “Тэлевізара пакуль няма, мы студэнты”.

(Дзядуля: ) “Я глядзеў, уразіў мяне выступ”.

(Карэспандэнтка: ) “А чым уразіў?”

(Дзядуля: ) “Усім. Я ўжо не памятаю, стары стаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А наагул, падабаюцца выступленьні кіраўніка дзяржавы?”

(Дзядуля: ) “Канечне!”

(Спадарыня: ) “Не, ня бачыла”.

(Карэспандэнтка: ) “А наагул, вы сочыце за палітычнымі падзеямі?”

(Спадарыня: ) “У прынцыпе, сачу”.

(Карэспандэнтка: ) “А вам падабаюцца выступы прэзыдэнта?”

(Спадарыня: ) “Абыякава да іх стаўлюся”.

(Спадар: ) “У яго ёсьць штосьці такое асабістае, не прэзыдэнцкае. Але чалавек нармальны, шчыра ўсё патлумачыў. І я за яго!”

(Юнак: ) “Ну так, часткова слухаў. Але я чалавек апалітычны, мне не цікава, мне ўсё адно”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму тады слухалі?”

(Юнак: ) “Проста сядзеў на кухні і абедаў”.
XS
SM
MD
LG