Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці наўмысна Бэнэдыкт XVI ў Рэгенсбургу закрануў мусульманаў?


Сяргей Абламейка, Прага Эфір 23 верасьня.

У сьвеце працягваюць віраваць спрэчкі вакол выказваньняў папы рымскага Бэнэдыкта XVI-га ў нямецкім горадзе Рэгенсбургу.

Лекцыя Бэнэдыкта XVI-га была прысьвечана гістарычнаму дасьледаваньню ісламскага экстрэмізму і джыхаду. Аднак папа рэзка скрытыкаваў не іслам, але заходняе грамадзтва, у духоўным крызысе якога ён бачыць прычыну распаўсюджваньня мусульманскага экстрэмізму.

У сувязі з прамовай папы пачалі зноў шмат пісаць аб шарыяце і джыхадзе. Сёньня ў нашай праграме бяруць удзел супрацоўнік інстытуту этналёгіі і антрапалёгіі Расейскай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук Ахмэд Ярлыкапаў і Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі, доктар тэалёгіі архімандрыт Сяргей Гаек.

Напачатку я папрасіў Ахмэда Ярлыкапава расказаць пра шарыят.

(Ярлыкапаў: ) "Ну што такое шарыят? Можна сказаць, што шарыят – гэта аналяг таго, што ў Старым Запавеце называецца Законам зь вялікай літары, рэлігійным Законам. Гэта ясныя ўстаноўкі, якія былі дадзеныя Богам людзям у сьвятой кнізе Каран. Вось гэта шарыят. А ўжо з гэтых шарыяцкіх палажэньняў нараджаецца канкрэтнае ісламскае права. Гэта значыць, што шарыят – гэта адна рэч, а канкрэтнае ісламскае права – гэта іншая рэч. З шарыяту выводзяцца канкрэтныя нормы ісламскага права – фітха. Ёсьць некалькі багаслоўска-прававых школаў. У суніцкім ісламе чатыры такія школы. Іслам тым і адрозьніваецца, што тут шмат што залежыць ад пазыцыі канкрэтнага правазнаўцы – таго чалавека, які выводзіць канкрэтныя прававыя палажэньні з таго ідэальнага рэлігійнага Закону. Таму вельмі часта бывае, што розныя мусульманскія багасловы выводзяць розныя прававыя рашэньні. І кожны прыводзіць сваю аргумэнтацыю, кожны абапіраецца на пэўныя часткі Карану або суны”.

Усе яшчэ памятаюць сёлетні выпадак у Аўганістане, калі за пераход у хрысьціянства 40-гадовы Абдул Рахман быў прыгавораны да сьмерці і адпушчаны за мяжу пасьля ўмяшаньня заходніх лідэраў і папы рымскага. Дык ці сапраўды шарыят прадугледжвае сьмяротнае пакараньне за пераход у іншую рэлігію? Адказвае Ахмэд Ярлыкапаў.

(Ярлыкапаў: ) "Так, у Каране аб гэтым напісана, ёсьць такое палажэньне ў шарыяце. Але канкрэтнае правапрымяненьне залежыць ад кожнага канкрэтнага выпадку, ад часу, ад месца і ад тых правазнаўцаў, якія сёньня верхаводзяць. Таму рэальна сьмяротнае пакараньне сёньня нідзе не прымяняецца. Яно прымянялася толькі ў такіх адыёзных краінах пры такіх адыёзных рэжымах як Аўганістан у часы талібаў. Зрэшты і пры Карзаі ў краіне поўна месцаў, якія ён не кантралюе".

Бэнэдыкт XVI пачаў свой выступ вялікай цытатай зь ліста бізантыйскага імпэратара Мануіла ІІ Палеалога невядомаму мусульманскаму багаслову XV стагодзьдзя. Мунуіл ІІ Палеалог вёў няроўную барацьбу з султанам Баязетам, рабіў турнэ па Заходняй Эўропе ў пошуках падтрымкі, але, практычна, не атрымаў яе. У лісьце імпэратар крытыкуе іслам, у прыватнасьці, папракае прарока Мухамэда ў закліках распаўсюджваць веру мячом, і сьцьвярджае, што распаўсюджваньне рэлігіі шляхам гвалту “неразумнае”, бо гвалт супярэчыць прыродзе Бога і самой чалавечай душы. Дык што ж такое джыхад? Ахмэд Ярыкапаў.

(Ярлыкапаў: ) "Джыхад у перакладзе з арабскай мовы – гэта намаганьне. І ў першую чаргу гэта разумецца, як намаганьне чалавека на шляху ўдасканальваньня самога сябе. Паводле клясычнай тэорыі Джыхаду, якая ўсімі мусульманамі прынятая, ёсьць два віды Джыхаду. Ёсьць вялікі Джыхад або барацьба за маральнае ўдасканальваньне, і ёсьць малы Джыхад, які азначае барацьбу за сваю веру са зброяй у руках. Каб малы Джыхад быў аб''яўлены, патрэбныя пэўныя ўмовы. Гэта значыць, павінна быць яўная агрэсія ў бок мусульманаў. Там наогул ёсьць вельмі шмат умоваў, якія павінны мець месца, каб быў абвешчаны малы Джыхад".

Гаварыў Ахмэд Ярлыкапаў.

У Рэгенсбургу Бэнэдыкт XVI сказаў, што ў працягу многіх стагодзьдзяў Захад выключаў пытаньне Бога са сфэры разумнага пазнаньня. Такое шматгадовае ігнараваньне рэлігійнай думкі прывяло да таго, што Захаду сёньня цяжка пачаць вельмі неабходны ў цяперашніх умовах дыялёг з ісламскім сьветам. Розум, які чужы да боскага і які адносіць рэлігію да субкультураў, – сказаў папа, – ня можа ўступіць у дыялёг культураў. Іншымі словамі, сэкулярызаваны атэістычны розум ня можа зразумець тых, хто разумнае і боскае не аддзяляе. Вось што да гэтага дадае архімандрыт Сяргей Гаек.

(Гаек: ) "Усе вялікія культуры знаходзяць інспірацыю ў рэлігіях. І таму каб разумець культуры, каб весьці зь імі дыялёг, вельмі важна знайсьці катэгорыі гэтага дыялёгу, якія грунтуюцца на розуме. Рэлігія не павінна быць нечым асаблівым, і розум не павінен ісьці асобным шляхам. Таму, аддзяленьне розуму ад рэлігіі, якое на Захадзе мае ўжо доўгую гісторыю (розум там цалкам аўтаномны і часта нават ставіцца супраць рэлігіі), гэта для сёньняшняй сытуацыі сур''ёзная непаўнавартаснасьць заходняга чалавека, які хоча ўвайсьці ў глыбокі дыялёг зь іншымі культурамі – ня толькі спазнаваць іх зьнешні бок, але і знаёміцца зь імі знутры".

Папа рымскі заявіў у Рэгенсбургу, што хрысьціянскае багаслоўе прыйшло да высновы, што вера заснаваная на прынцыпах розуму, а неразумныя дзеяньні супярэчаць прыродзе Бога. Паводле Бэнэдыкта XVI-га, далейшы падзел розуму і веры прывёў чалавецтва да вельмі небясьпечнай сытуацыі – грамадзтва спрабуе сканструяваць этычную сыстэму, не беручы пад увагу рэлігію. Асобныя інтэлектуалы, сказаў папа, спрабуюць рабіць маральны выбар, грунтуючыся выключна на сваім суб’ектыўным успрыманьні.

На думку Бэнэдыкта XVI-га, прычына гэтага маральнага крызысу часткова палягае ў доўгім працэсе так званай дэ-элінізацыі хрысьціянскай тэалёгіі. У выніку каштоўнасьць Эвангельля была зьведзеная да гуманітарна-маральнага пасланьня, а паміж багаслоўем і навуковым эмпірызмам узьнікла сапраўдная прорва.

Я папрасіў айца Сяргея Гаека больш падрабязна патлумачыць, што разумецца пад паняцьцем “дэ-элінізацыя”.

(Гаек: ) "Як вядома, у старажытнай Царкве для тлумачэньня Эвангельля, для тлумачэньня тайнаў веры карысталіся грэцкімі, элінскмі катэгорыямі філязофіі. Калі Саборы кадыфікавалі навучаньне Царквы пра Хрыста, пра Багародзіцу, пра Духа Сьвятога, карысталіся тымі ж грэцкімі катэгорыямі. Для разумнай гаворкі пра тайны веры гэтыя катэгорыі аказаліся вельмі карысныя. На жаль, ужо нейкі час доўжыцца працэс так званай "дэ-элінізацыі", гэта значыць, шмат вернікаў розных канфэсіяў, асабліва пратэстантаў, лічаць, што гэтыя філязофскія катэгорыі не патрэбныя, што лепш толькі чытаць Біблію. Вядома, Біблію чытаць трэба. Але калі кожны гаворыць на сваёй мове і выкарыстоўвае свае катэгорыі, тады вельмі цяжка весьці сапраўдны дыялёг. Таму папа зьвярнуў увагу, што рэлігію нельга трактаваць як нешта асабістае і адкідаць традыцыйныя катэгорыі філязофіі і тэалёгіі".

Папа рымскі падкрэсьліў, што ня ставіць сабе за мэту павярнуць гадзіньнік сучаснай думкі назад або ігнараваць прагрэс чалавецтва. Але Царква, – сказаў ён, – бачыць небясьпеку і верыць, што пераадолець яе можна будзе толькі тады, калі вера і розум аб’яднаюцца па новаму.

Як жа да выказваньняў Бэнэдыкта XVI-га ставяцца людзі? Наш карэспандэнт Алягерд Невяроўскі апытаў менчукоў.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да даволі бурнай, а часам нават агрэсіўнай, рэакцыі многіх прадстаўнікоў мусульманскага сьвету на выказваньні папы Бэнэдыкта XVI пра недапушчальнасьць распаўсюджваньня рэлігіі гвалтоўнымі, збройнымі мэтадамі?”

(Спадар: ) “Натуральна, што гэта не дапушчальна. Але я ня надта маю часу пра гэта разважаць. Я лічу, што існуюць у чалавецтва адпрацаваныя цывілізаваныя мэтады зносінаў і паміж нацыямі, і між рэлігіямі. Яны павінны перамагчы, а не агрэсія”.

(Хлопец: ) “Трэба ўсё рабіць мірным чынам. А сілавы мэтад ні да чаго не прывядзе”.

(Спадар: ) “З такім жа посьпехам можна сказаць, што і хрысьціянства ў часы крыжовых выправаў насаджалася агнём і мячом. Каманда, якая працуе з папам не падумала і гэтая цытата абсалютна не дарэчы. Тое, што мячом нельга ўсталёўваць сваю рэлігію, з гэтым я цалкам згодны. Але цытата, якую ён падабраў, яна абсалютна не дарэчная. Трэба было выбраць нейкую больш мірную, спакойную цытату. Пасьля тых абразьлівых малюнкаў, што зрэшты таксама ня добра, ён падліў алею ў агонь, у гэтую ня добрую сытуацыю”.

(Спадар: ) “Усё трэба дараваць, нават і Рымскаму папу. Ён жа таксама чалавек. А ягоныя словы могуць быць і не правільна зразумелыя, альбо няправільна, можа несвоечасова выказаныя”.

(Спадар: ) “Гэта ж натуральна, што любая рэлігія не павінна распаўсюджвацца гвалтоўна”.

(Спадарыня: ) “Гвалтоўныя мэтады нідзе не прымальныя. Ні ў рэлігіі, ні ў якой іншай дзейнасьці”.

Апытаньне ў Менску правёў Альгерд Невяроўскі. А вось якое меркаваньне аб лекцыі Бэнэдыкта XVI-га выказвае Ахмэд Ярлыкапаў.

(Ярлыкапаў: ) "Вы ведаеце, яна сапраўды вырваная з кантэксту – з таго, сярэднявечнага. А чалавеку такога ўзроўню, як папа рымскі, неабходна неяк больш асьцярожна да такіх рэчаў падыходзіць. І калі прыводзіць такія цытаты, дык нейкім чынам выказваць свае адносіны да іх. А проста прыводзіць цытату без тлумачэньняў, гэта, канечне, можа выклікаць нейкае раздражненьне. І выклікала".

21 верасьня сёлета газэта “The New-York Times” надрукавала артыкул пад назвай “Некаторыя кажуць, што прабачэньняў ад папы занадта шмат”. Артыкул пасьля быў перадрукаваны і некаторымі ўплывовымі эўрапейскімі газэтамі. У артыкуле прыводзіліся меркаваньні некаторых хрысьціянаў, што папу ня варта апраўдвацца і што нехта з заходніх лідэраў даўно павінен быў ясна заявіць, што некаторыя элемэнты вучэньня прарока Мухамэда выкарыстоўвацца для гвалту.

Далей “The New-York Times” выказала меркаваньне, што для многіх католікаў прамова папы пры ўсёй яе складанасьці і за-ву-аляванасьці пасылаў, азначыла паваротны момант пантыфікату Бэнэдыкта XVI-га і, магчыма, гістарычны момант ісьціны: гэтак сама, як Ян Павал ІІ адыграў ключавую ролю ў распадзе камуністычнай сыстэмы, так і роля Бэнэдыкта XVI-га можа заключацца ў процістаяньні радыкальнаму ісламу.

На заканчэньне “The New-York Times” прывяла заяву мансіньёра Томаса Бэрга, кіраўніка амэрыканскага Інстытуту Этыкі і Чалавека ў Вэст-чэстэры. Айцец Бэрг заявіў, што Бэнэдыкт XVI ні ў кога не прасіў прабачэньня і ня зрокся ніводнага пункту са свае прамовы ў Рэгенсбургу. Папа, – сказаў Томас Бэрг, – выказаў толькі шкадаваньня з прычыны рэакцыі на яго словы.

Да ўсяго сказанага варта дадаць, што ўжо пасьля вострай рэакцыі мусульманскага сьвету на выказваньні Бэнэдыкта XVI-га, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што падчас старшынёўства яе краіны ў Эўразьвязе (ад пачатку 2007 году) яна прапіша ў праекце эўрапейскай канстытуцыі спасылкі на хрысьціянскія карані Эўропы. За апошні год Мэркель двойчы сустракалася з папам рымскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG