Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: нашая справа ў дачыненьні Вікі Мароз выкананая


Радыё Свабода 10-гадовая Віка Мароз была сёньня ўначы дастаўленая самалётам з Генуі ў Менск. Гэтую інфармацыю ў размове са Свабодай пацьвердзіў сёньня прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў. Паводле ягоных словаў, МЗС выканала сваю справу і цяпер дзяўчынка знаходзіцца ў кампэтэнцыі іншых дзяржаўных структураў Беларусі.

(Папоў: ) “Міністэрства адукацыі, напэўна, займаецца гэтай справай цяпер. МЗС ужо сваю справу выканала. Мы зьвярталіся да італьянскіх партнэраў з патрабаваньнем вярнуць нашу грамадзянку. Грамадзянка вернутая. З гэтага гледзішча, я лічу, сытуацыя для нас пазытыўная”.

Пра вяртаньне беларускай дзяўчынкі сёньня некалькі разоў паведаміла італьянскае тэлебачаньне. Пробашч царквы сьвятога Антонія ў Рыме Клод Рабінэ, які бачыў гэтыя сюжэты, лічыць, што яны робяць эмацыйна цяжкае ўражаньне.

(Рабінэ: ) “Гэта страшна было глядзець. Джуста крычаў, што яму не дазволілі на разьвітаньне ўбачыць дзяўчынку. Жанчыны плакалі. Гэты беларускі так званы амбасадар выглядае ня лепшым чынам. Рашэньне суду мусіла быць прынятым у панядзелак, аднак дзяўчынку ўвезьлі дагэтуль. Для Італіі гэта дзіўна”.

Як піша сёньняшняя "Іl Giornale", нечаканы і імправізаваны паварот у гісторыі з выхаванкай Вялейскага інтэрнату, па сутнасьці, закрыў судовую справу. Дзяўчынка вярнулася ў кашмар, ад якога хацела зьбегчы, піша газэта. Будучыня Вікі-Марыі належыць Беларусі.

Паводле італьянскіх назіральнікаў, нейкіх адмысловых тлумачэньняў і заяваў адносна вяртаньня Вікі ў Беларусь з боку палітычных і грамадзкіх дзеячаў Італіі трэба чакаць у панядзелак, паколькі гэтымі днямі ў краіне страйкуюць большасьць мэдыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG