Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (23.09-29.09.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

З прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх рэгіянальных СМІ:

“Канстытуцыя – сьвятая карова. У Расеі”.

“Ня хоча чалавек, і ня трэба”.

(Пра адмову В. Пуціна мяняць Канстытуцыю, каб балятавацца на трэці тэрмін).

“Я не хачу быць першым і апошнім прэзыдэнтам Беларусі”.

(Пра непрымальнасьць уваходжаньня Беларусі у склад Расеі).

«Я цудоўна пішу, чытаю. Мне трэба паўдня пачытаць, каб чыста гаварыць на роднай беларускай мове, як на расейскай».

(Пра беларускую мову).

«Павелічэньне да такіх памераў кошту на газ — гэта адназначна разрыў усіх дачыненьняў. У эканоміцы — дык гэта дакладна».

(Пра прапановы «Газпрому» аб падвышэньні цаны на газ з 1 студзеня 2007 году).

«У вас сёньня столькі грошай, што калі доменную печ нейкую для іх давезьці — вы не пасьпееце іх спаліць».

(Пра фінансавае становішча Расеі).

«Калі, як гэта было заўсёды ў гісторыі, груба кажучы, танкі пойдуць адтуль на Расею, мы паміраць тут будзем за Расею. І наш народ павінен быць да гэтага гатовы. Назавіце хоць адну дзяржаву, якая б так адкрыта заявіла, што мы будзем паміраць за Расею».

(Пра любоў беларусаў да Расеі).

«Калі думаеш, што цябе чакаюць, што ты патрэбны людзям, што ты сядзіш за правую справу, то й сядзець лёгка».

Дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір – пасьля дзесяцісутачнага адміністрацыйнага арышту.

«Мне тут добра. Я не хачу вяртацца ў інтэрнат. Я хачу застацца ў маіх мамы і таты».

Зь відэазапісу беларускай дзяўчынкі Вікі Мароз, якую беларускія ўлады патрабуюць вярнуць зь Італіі ў Вілейскі інтэрнат.

“Я веру, што ў хуткім часе Беларусь паўстане сапраўды незалежнаю дзяржавай з адзінай беларускаю, ліцьвінскаю мовай, краінай, якая стане чальцом адзінай Эўропы, а потым увойдзе ў склад Злучаных Штатаў Сьвету”.

Слухач Радыё “Свабода” Генадзь Майсеенка

“Баўгарыя і Румынія далучаюцца да Эўразьвязу на апошнім этапе ягонага пашырэньня, які даў магчымасьць ізноў аб’яднаць Эўропу. Я думаю, што пакуль мы ня зможам больш нікога прыняць, да часу правядзеньня неабходных рэформаў».

Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу - выступ з запрашэньнем Баўгарыі і Румыніі далучыцца да Эўразьвязу.

«Я разглядаю гэта як прамаскоўскую кааліцыю, задача яе — пазыцыянавацца асобна ад фронту і разбурыць цяперашнюю канфігурацыю аб’яднаных дэмакратычных сілаў».

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка – пра выбарчую кааліцыю партыяў АГП, ПКБ, БСДП «Грамада» і Партыі працы.

«Ад БТ чакаю меней навін. І каб увечары, аб адзінаццатай, фільмы паказвалі і эротыку. Я люблю пазнавальныя праграмы!»

Адказ юнака на пытаньне радыё «Свабода» «Чаго Вы чакаеце ад новага сэзону на БТ?»

«Паводле афіцыйных дадзеных, Лукашэнка атрымаў 82%, а ён, у сваю чаргу, неаднойчы паўтарае, што 95% – значыць, гэта не зусім адэкватнае ўспрыняцьцё рэальнасьці».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька камэнтуючы свой ліст у Савет міністраў з просьбай “прызнаць недзеяздольным грамадзяніна Лукашэнку”.

«Вакол майстэрні некалі ў савецкі час ляжаў асфальт. Потым, безумоўна, на яго нанеслася зямля і вырасла трава. Цяпер мы з дапамогай рыдлёвак капаем гэтую зямлю, дзірван і дакопваемся да асфальту — каб быў асфальт. Грошай пакласьці нармальны асфальт няма, дык спрабуюць адкапаць савецкі».

Палітык Мікола Статкевіч, асуджаны на абмежаваньне волі – пра сваю працу ў вёсцы Блонь, дзе ён адбывае пакараньне.

«Гэта як бы паказвае, што Эўропа паварочваецца сьпіной да сваіх суседзяў, – хаця насамрэч гэта ж ня так».

Міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас – пра рашэньне Рады Эўразьвязу ад 1 студзеня 2007 году павялічыць да 60 эўра кошты на візы ў краіны Эўразьвязу для "трэціх краінаў", у тым ліку для Беларусі.

«Негвалтоўны масавы пратэст — заўсёды падзея, а ня толькі тады, калі яго потым называюць рэвалюцыяй».

Кацярына Філіпава, рэдактарка выдадзенай у Расеі кнігі «Партызанская Рэспубліка» аб падзеях на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 19-25 сакавіка 2006 году.
XS
SM
MD
LG