Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стыпэндыяты праграмы Каліноўскага атрымалі разьмеркаваньне


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія студэнты, якія вучацца ў Польшчы па праграме для пацярпелых ад рэпрэсіяў, бліжэйшымі днямі прыступаюць да заняткаў у розных ВНУ гэтай краіны. Былі пэўныя складанасьці для пры разьмеркаваньні студэнтаў пасьля падрыхтоўчых курсаў у канкрэтныя ВНУ і на спэцыяльнасьці. Ня ўсе слухачы былі задаволеныя, але ў асноўным усе праблемы былі вырашаныя.

Пазаўчора беларускія студэнты-удзельнікі праграмы імя Кастуся Каліноўскага выступілі па польскім тэлебачаньні з публічнай падзякай ураду, паведаміў адзін з іх Зьміцер Чарткоў.

(Чарткоў: ) “У тры разы болей студэнтаў засталіся ў Варшаве ў нармальных ВНУ і на жаданых спэцыяльнасьцях. Засталіся толькі невялікія карэкціроўкі ўсёй праграмы, выпадкі з артыстычнымі вучэльнямі, з інтэрнатамі, але ўсё гэта вырашаецца”.

Сам спадар Чарткоў без экзамэнаў трапіў у лепшую артыстычную школу Польшчы ў Кракаве, на тэатральную рэжысуру. Зьмітра Чарткова выключылі з Беларускай тэатральна-мастацкай акадэміі, пасьля таго як яго арыштавалі на мітынгу. Цяпер незадаволеных разьмеркаваньнем амаль няма – гаворыць супрацоўніца офісу праграмы Каліноўскага Ірына Лаўроўская, амаль усе 260 беларускіх студэнтаў разьехаліся па сваіх ВНУ, толькі ў Варшаўскі унівэрсытэт – 50, у Ягелонскі – 10, а таксама ў іншых прэстыжныя ВНУ Беластока, Познані, Гданьску. Усе памылкі з разьмеркаваньнем на не тыя спэцыяльнасьці літаральна за некалькі дзён былі вырашаныя,– кажа спадарыня Лаўроўская. Яна ў цэлым задаволеная студэнтамі.

(Лаўроўская: ) “Гэтая моладзь была абсалютная сьвядомая, калі ішла на плошчу ў Менску, яны ведалі навошта ішлі, і яны зараз канкрэтна ведаюць, чаго яны тут хочуць. Гэта сапраўды нашая лепшая моладзь”.

Стаўленьне ў Польшчы да стыпэндыятаў праграмы імя Кастуся Каліноўскага пазытыўнае,– зазначае выкладчыца Варшаўскага унівэрсытэту Анна Энгелькінг:

(Энгелькінг: ) “Была цяпер нейкая інфармацыя, што ёсьць вялікі гармідар, замяшальніцтва, што арганізацыйна польскі бок не дае сабе рады на пачатку акадэмічнага года. Але я мяркую, што гэта пераходнае, што гэта натуральна на пачатку і напэўна перабольшана. Грамадзтва ж ставіцца да гэтай праграмы вельмі прыхільна, усе разумеюць, што так, мы хочам дапамагаць”.

Аляксандар Мілінкевіч, які падпісваў дамову пра стварэньне праграмы імя Каліноўскага, нядаўна езьдзіў у Варшаву, калі ўзьніклі супярэчнасьці ў часе разьмеркаваньня ў ВНУ.

(Мілінкевіч: ) “Такія праграмы разбураюць страх. А гэта адна з самых галоўных мэтаў у нашай дзейнасьці. Калі зьяжджае студэнт, якога мы абаранілі, то на яго месца прыйдзе 5 і 10. Калі ж мы не абаронім гэтага аднаго, то будзем маргіналізавацца. Я шчыра кажу, што гэта будучая эліта Беларусі, абсалютная большасьць зь іх вернецца”.

На гэты час толькі некалькім стыпэндыятам праграмы імя Кастуся Каліноўскага пакуль не ўдалося атрымаць разьмеркаваньне ў ВНУ, сярод іх сын спадара Мілінкевіча Вітаўт. Чакаецца, што яны знойдуць сваю альма-матэр у бліжэйшыя дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG