Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатняя фотагалерэя


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

За часамі майго юнацтва, прыкладна раз на год, у вёсках зьяўляўся нетутэйшага выгляду чалавек з пацёхканым партфэлем у руках. Ён хадзіў па хатах і пытаўся: “Фотаздымкі павялічыць не жадаеце?” Гэта быў работнік раённага прамкамбінату, які зьбіраў замаўленьні на выраб фотапартрэтаў. Звычайна ён зьвяртаўся з такім пытаньнем да старых бабуляў. Павагаўшыся, якая старая бабця запрашала госьця ў хату і даставала з шуфляды пажоўклыя здымкі: мужоў, якія былі высланыя за часамі калектывізацыі ў сібірскую невараць; сыноў, што загінулі на фінскай кампаніі ці на франтах Айчынный вайны; дачок, што некалі зьехалі ў горад і цяпер ленаваліся напісаць маці кароткага ліста. З гэтых несамавітых здымкаў і рабіліся партрэты. Пры гэтым фотамайстры актыўна выкарыстоўвалі рэтуш і, на просьбу замоўцы, часьцяком падмалёўвалі замест касаваротак шыкоўныя гальштукі, а зрэбныя жаночыя апранахі аздаблялі белымі валянамі.

Партрэтамі родных і блізкіх упрыгожвалі сьвятліцу, прычым вешалі іх не ўсутыч да сьцяны, а пад невялікім вуглом. Твары на партрэтах былі дарэшты цёмныя, і выяўна праглядаліся толькі картузы на галовах ды сівыя бароды. На самым ганаровым месцы вісеў партрэт саміх гаспадароў. Зроблены ён быў зь вясельнага здымку і на ім маладыя тулілі адно да другога галовы. У нашай кватэры таксама вісеў такі партрэт, і бацька там выглядаў 15-гадовым малойчыкам, а маці кабетай-саракоўкай. “Маці з сынам”, -- любіў казаць на тое бацька. У хатах сяброў мне даводзілася бачыць вясельныя партрэты, на якіх маладая выглядала дзесяцігадовай дзяўчынкай, а жаніх – пяцідзесяцігадовым мужланам.

Дзесьці на пачатку шасьцідзясятых партрэты сталі размалёўваць, выкарыстоўваючы атрутнага колеру блакітную, ружовую і чырвоную фарбу. Расфарбоўвалі, у асноўным, бабуліных дачок. І хаця майстры, фарбуючы бант на дзявочай галаве, часьцяком перапэцкавалі валошкавым блакітам палову галавы, бабулі пускалі сьлязіну. Дачка глядзелася як жывая!

Апроч фотапартрэтаў бабці любілі вешаць на сьцены, так бы мовіць, анталягічную зборкі – сабраныя да кучы фотаздымкі родных і блізкіх. Той жа бабульчын сын паўставаў там у некалькіх узроставых іпастасях: гадавалым дзіцёнкам, воінам Савецкай арміі, трактарыстам на асваеньні цаліннай ды абложнай зямлі, высокім шатэнам у драпавым палітоне – з папяросінай у зубах і ў абдымачку зь нізенькай кірпаносай жанчынкай, праўдападобна, першай жонкай. Тут жа месьціліся здымкі вясельля, уквечаныя папяровымі кветкамі труны зь нябожчыкамі, а ў левым верхнім куце, непасрэдна пад рамку, быў упіхнуты здымак Юрыя Гагарына. Першы касманаўт удала ўпісваўся ў хатнюю фотагалерэю.
XS
SM
MD
LG