Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 28 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск - Агляд беларускага сеціва

Заява Аляксандра Лукашэнкі пра намер узмацніць Камітэт Дзяржаўнай Бясьпкі выклікала процьму камэнтароў у беларускім інтэрнэце. ”Tut.by”:

“Будзе як пры Сталіне – кожны другі альбо “стукач”, альбо “камітэтчык”.

“Ня ведаю, ці пачаў працаваць законапраект, але ў першым чытаньні КДБ дазволілі ўкараненьне работнікаў спэцслужб на прадпрыемствы любой формы пад прыкрыцьцём звычайнага працаўладкаваньня і права пранікаць у любыя памяшканьні з пашкоджаньнем замкоў”. Аўтар допісу спасылаецца на расейскі сайт “Агентура”.

“Калі толькі чакаць, калі рэжым лясьнецца, то навыкі чаканьня пяройдуць да вашых унукаў”.

У блогу Івішыкан зьмешчаная інфармацыя пра паход менскіх старшаклясьнікаў ў Нацыянальную бібліятэку. Інфармацыя ад карыстальніка пад мянушкай Fenechka:

“На нас выпрабоўвалі тэмпэратуру, кандыцыяваньне і радыяцыйны фон. Закрывалі ў віп-залях на гадзіну і болей. Справа ў тым, што ў лістападзе там будзе сустрэча 12 прэзыдэнтаў. Нас навогул не выпускалі. Нас групамі па 5-7 чалавек выводзілі (настаўніцы). Нідзе не былі (апроч віп-заляў). Нас першыя 2 гадзіны нават у прыбіральню не пускалі”.

Адзін з бацькоў дзяцей піша на форумах сайту “Оnliner”:

“Настаўнікі ня ведалі, яны ішлі на экскурсію, і нават спрабавалі ўсё гэта спыніць. Відаць, гэтае мерапрыемства аўтарытэтная служба праводзіла. Тамтэйшым экскурсаводам далі такі загад. Вось хто даў, хай і скача там на вушах”.

Да тэмы Нацыянальнай бібліятэкі вернемся ў другой палове праграмы.

На сайце расейскага выданьня “Незалежны вайсковы агляд” зьмешчаны артыкул беларускага гісторыка Дзяніса Кміцеца пад назвай “Трохвекавое супрацьстаяньне”. Матэрыял прысьвечаны войнам Вялікага Княства Літоўскага і Расеі. Рэдакцыя адзначае, што расейцы практычна нічога ня ведаюць пра тое, што адбываецца ў гістарычнай навуцы суседніх дзяржаваў, і паслугоўваюцца старымі стэрэатыпамі. А Дзяніс Кміцец на пачатку піша: “Апошнім часам расейцаў непрыемна зьдзівілі заявы шэрагу аўтараў найноўшых публікацыяў пра тое, што больш за ўсё ў мінулым Масква ваявала не супраць татараў альбо швэдаў, а супраць беларусаў. Далей аўтар дае сваё бачаньне гісторыі, і падсумоўвае: “Яны (расейцы) ведаць ня ведаюць нейкіх ліцьвінаў. А таму продкі беларусаў у расейскіх выданьнях спрэс выступаюць у ролі “літоўцаў” (у сучасным разуменьні), альбо “палякаў”!”

А на сайце “Аб’яднанай Дэмакратычнай Партыі” разьмешчаная інфармацыя пра сына прэзыдэнта – Дзьмітрыя Лукашэнку. “Сын Аляксандра Лукашэнкі, Дзьмітры, стаўся заўзятарам Нацыянальнай бібліятэкі. Але не любоў да ведаў прывяла сына кіраўніка краіны ў храм кнігі, – пазначана ў інфармацыі. – У Дзьмітрыя больш празаічны інтарэс – аўтамабілі “Поршэ”. Сайт цьвердзіць, што менавіта ў будынку “Нацыяналкі” мае разьмесьціцца фірма па продажы аўтамабіляў”.

На старонцы “Камітэту адукацыі Менгарвыканкаму” разьмешчаная апытанка пра стаўленьне да адзінай уніформы ў школах. З тых 136 наведнікаў, што ўжо прагаласавалі, 106 ставяцца адмоўна да “адзеньня дзелавога стылю” ў агульнаадукацыйных установах. 20 – станоўча, і 10 наведнікаў нэўтральна.

Палова наведнікаў лічаць, што пры распрацоўцы калекцыі найперш трэба зьвяртаць увагу на тэндэнцыі сучаснай моды, больш за траціну – на якасьць тканіны, і толькі 8 наведнікаў зьвярнулі ўвагу на колер.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG