Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 29 верасьня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На інтэрнэт-форумах і ў блогах сёньня па цытатах разьбіраюць прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі журналістам расейскіх рэгіянальных мэдыяў. Так, аўтар Жывога журналу sai17 упадабаў выказваньне пра “Ноеў патоп”, а таксама наступная цытата: “Беларусь 12 год таму была цывілізаванай краінай, але даведзенай да роспачы, рускія людзі садзіліся на валізкі, жудасныя ішлі працэсы… І тут смаркатага 38-гадовага чалавека народ узяў і пасадзіў у гэтае крэсла”.

“Супэр! Інтэрвал паміж навінамі 6 хвілінаў!” – выказвае сваё захапленьне нехта worvik у суполцы блогераў minsk_by – 14.36 “Лукашэнка гатовы разарваць стасункі з Расеяй”. 14.30 “Лукашэнка: саюз з Расеяй ёсьць прыярытэтам палітыкі Беларусі”. “А ты гатовы памерці за Расею?” – такое рытарычнае ставіць у сваім дзёньніку vojur, пачуўшы сёньняшняе выказваньне кіраўніка краіны пра заходнія танкі.

Удзельнікаў форумаў TUT.by таксама ўразілі некаторыя адказы на пытаньні расейскіх журналістаў. Нехта Al-07 піша: “Новае адкрыцьцё ад Аляксандра – “Ноеў патоп”. Яшчэ адна завеса ў біблейскім мінулым зямлянаў прыўзьнятая. Выяўляецца, ня Бог наслаў патоп на зямлю за грахі людзкія, а Ной гэтае бедзтва арганізаваў, каб застацца жыць аднаму й ад сябе пачаць адлік насельніцтва зямлі… І тут Ён сваё важкае і разумнае слова Сказаў і карціна ўсясьвету перакулілася ў сьвядомасьці…” Не засталося па-за ўвагай тутбаеўцаў і выказваньне пра дэфіцыт цукру й дыктатуру. Ну а на яшчэ адной галінцы форума пра прэсавую канфэрэнцыю гутараць крыху іначай:

“Чакаць ад расейскіх калегаў, што прадстаўляюць рэгіёны, нейкіх цікавых пытаньняў – папросту бязглузда, тут ня толькі пытаньні, але й адказы даўно нарыхтаваныя ў адміністрацыі… Зрэшты, нават на падрыхтаваныя пытаньні ад нашага можна чакаць мазаічныя адказы”.

“Калі нешта не паводле сцэнара, дык будзе як у вельмі канструктыўным дыялёгу Філіпа Кіркорава й дзяўчыны-журналісткі ў ружовай кофтачцы”.

На форумах сайту www.rebenok.by абмяркоўваюць праблемы узаемаадносінаў нявестак і сьвякрух Вось адна з гісторыяў пра злосную сьвякруху, якую апавяла адна з удзельніцаў форуму:

“Калі Ганульцы было тры месяцы, мы пераехалі да бацькоў на пару месяцаў, пакуль пабудуем кватэру. Дзіцяці ўжо 1 год і 10 месяцаў, а мы ўсё яшчэ разам… раніцай а 7.15 заўсёды бяз груку адчыняюцца дзьверы – яна прыходзіць вітацца з унучкай, неістотна, што яна сьпіць. І сыходзіць на працу… увечары мяне не заўважаюць – забіраюць дзіця і зачыняюць дзьверы ў свой пакой, адтуль вясёлы сьмех, дзіцё не выпускаюць… адцягваюць увагу чым заўгодна. Я канечне заходжу і забіраю яе… У мяне здаюць нэрвы, часам магу крыкнуць на малую – потым доўга прашу дараваньня й плачу, а яна абдымае й маленькімі пальчыкамі выцірае мне сьлёзы”.

На форумах сайту studenty.by наведнікі апавядаюць пра тое, колькі начэй яны могуць ня спаць і якія вынікі гэта дасьць. Tarka сьцьвярджае, што ўначы ў яе вышэйшая працаздольнасьць (цытую) “асабліва ў кірунку творчасьці”. Нехта па мянушцы Researcher раз на тыдзень ня сьпіць увогуле. Ну на bezuher’а пайсьці спаць прымушае толькі звычка.

На сайце Радзіма майго духу сёньня зьявіліся новыя фотаздымкі беларускіх мясьцінаў – храмы мястэчка Воўпа, што ў Ваўкавыскім раёне. На фотаздымках касьцёл Сьв. Яна Хрысьціцеля і царква Сьв. Апосталаў Пятра й Паўла.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG