Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Берасьцейская студэнтка напісала кнігу пра ЗША


Міхал Стэльмак, Менск У Берасьці выйшла кніга “Беларускі погляд на сучасныя праблемы ЗША”. У кнізе апісваецца амэрыканскі лад жыцьця і ў прыватнасьці сучасная моладзь ЗША. З аўтаркай – студэнтка Берасьцейскага унівэрсытэту імя Пушкіна Алена Будзько пагутарыў наш карэспандэнт

Напісала кнігу пяцікурсніца факультэту замежных моваў Алена Будзько. У 2003 годзе вучылася ў Злучаных штатах Амэрыкі:

(Будзько: ) “Я выйграла конкурс па акадэмічнай праграме Undergraduate Program. Гэта праграма для беларускіх студэнтаў, якая дае магчымасьць правучыцца адзін акадэмічны год ва унівэрсытэце ЗША. Я была ў Канзаскім унівэрсытэце”.

За год жыцьця й вучобы ў ЗША Алена, паводле яе словаў, назапасіла шмат уражаньняў пра гэтую краіну. Па вяртаньні дадому, ў яе ўзьнікла ідэя напісаць пра Амэрыку кнігу:

(Будзько: ) “Сябры пыталі шмат наконт маіх уражаньняў. І я вырашыла, што для студэнтаў маёй спэцыяльнасьці ў беларускіх унівэрсытэтах ёсьць патрэба ў такіх больш актуальных уражаньнях моладзі на некаторыя аспэкты амэрыканскага грамадзтва ў параўнаньні зь беларускім грамадзтвам. Я недзе паўтары гады займалася тым, што зьбірала гэтыя свае ўражаньні, запісвала іх і потым вось выдала кнігу”.

Кніга напісаная па-ангельску. Яна выйшла ў берасьцейскім недзяржаўным выдавецтве “Акадэмія”. Наклад кнігі – 350 асобнікаў, у ёй 92 старонкі.

Чаму такая назва – “Беларускі погляд на сучасныя праблемы ЗША?” Алена Будзько адказвае:

(Алена: ) “Хацела зрабіць акцэнт на двух словах у гэтай назьве. Сучасных праблемах ЗША. То бок актуальных, якія існуюць на сёньняшні дзень, таму што вельмі часта беларуская моладзь, тым больш студэнцкая моладзь не можа чытаць незалежныя выданьні, слухаць радыё. І таму я ўсім гэтым займалася і свае пэрсанальныя ўяўленьні я вельмі часта падмацоўваю нейкімі артыкуламі ў мэдыях апошніх двух гадоў, то бок, вельмі сьвежым матэрыялам. І другое, што я хацела акцэнтаваць у сваёй назьве, гэта – беларускі погляд. Мая думка была такая: каб студэнты не проста чыталі нейкія цалкам адарваныя ад іхнага жыцьця факты. Я спрабавала падабраць тэмы і так іх падаць, каб беларуская моладзь была ў іх зацікаўлена сама – студэнцкая моладзь у першую чаргу. І каб недзе пераклікаліся тэмы і праблемы зь беларускім грамадзтвам”.
XS
SM
MD
LG