Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да чаго прыводзяць вулічныя акцыі пратэсту ў розных грамадзтвах?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” Удзельнікі: палітолягі Ўладзімер Роўда і Ўладзімер Мацкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Досьвед каляровых рэвалюцыяў у Югаславіі, Грузіі, Украіне, Кыргызстане стаў падставаю для вызначэньня пэўных заканамернасьцяў, правілаў, канцэпцыяў разьвіцьця грамадзкіх працэсаў, ролі й значэньня масавых вулічных акцыяў. Па-першае, гэта аўтарытарны рэжым, які пазбаўляе народ магчымасьці выказаць сваю волю, адсутнасьць дэмакратычных мэханізмаў для адстойваньня людзьмі сваіх інтарэсаў. Па-другое, гэта падтрымка Захадам, найперш ЗША, дэмакратычных пераменаў. Здавалася б, усё ясна і зразумела.

Аднак апошнім часам у розных краінах адбыліся падзеі, якія патрабуюць унесьці сур’ёзныя карэктывы ў гэтыя канцэпцыі. З аднаго боку, джынсавая рэвалюцыя ў Беларусі вясной гэтага году не адбылася, бо вулічныя акцыі былі недастаткова масавыя.

Зь іншага боку, апошні час адбыліся масавыя выступленьні людзей у розных краінах, якія выпадаюць з адзначаных вышэй трэндаў. У Мэксыцы дасюль працягваюцца пратэсты левых палітычных сілаў, якія выступаюць з антыамэрыканскіх пазыцыяў і патрабуюць, каб іхнага кандыдата прызналі прэзыдэнтам. Колькі месяцаў таму ў Францыі студэнты правялі масавыя маніфэстацыі й змусілі урад задаволіць іхныя патрабаваньні ў сацыяльных пытаньнях. І вось цяперашнія падзеі ў Вугоршчыне.

Гэтыя краіны, ва ўсялякім разе Францыя і Вугоршчына, несумненна, зьяўляюцца дэмакратычнымі. Тым ня менш, калі тысячы людзей выходзяць на вуліцы, то гэта, мусіць, значыць, што нармальныя дэмакратычныя каналы й мэханізмы не спрацоўваюць. Дык якія дзейнічаюць трэнды, што спрыяюць масавым вулічным пратэстам з палітычнымі патрабаваньнямі?”

(Ўладзімер Роўда: ) “Падчас каляровых рэвалюцыяў адбываецца зьмена рэжыму, пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі. “Аранжавая рэвалюцыя ва Ўкраіне — найбольш яскравы прыклад. Каб людзі выйшлі на вуліцу, патрэбны шэраг чыньнікаў. Зразумела, павінны дзейнічаць сацыяльна-эканамічныя чыньнікі. Але ня гэта галоўнае. Найбольш важны дысананс паміж чаканьнямі людзей у сацыяльна-эканамічнай сфэры і рэальнай палітыкай, якая не адпавядае гэтым чаканьням.

Таксама для гэтага патрэбнае палітычнае лідэрства, незалежныя мэдыі. Апазыцыя павінна дакладна ведаць, што яна будзе рабіць падчас крызысных падзеяў. У Беларусі падчас апошніх выбараў якраз такога лідэрства і не хапала”.

(Карбалевіч: ) “Але ў той жа Францыі, Вугоршчыне ёсьць парлямэнт, іншыя прадстаўнічыя органы, дэмакратычныя выбары, незалежныя мэдыі. Але ў нейкі момант атрымліваецца, што ўсе гэтыя дэмакратычныя мэханізмы не спрацоўваюць — і людзі выходзяць на вуліцу. Чаму?”

(Уладзімер Мацкевіч: ) “Важна зьвярнуць увагу на два аспэкты дэмакратыі. Па-першае, дэмакратыі патрэбна вучыцца. Па-другое, дэмакратыя сама навучае людзей. Калі ў дэмакратычнай краіне людзі раптоўна выходзяць на вуліцу з палітычнымі патрабаваньнямі, то гэта сьведчыць пра тое, што ўлады недастаткова авалодалі сродкамі сучаснай дэмакратыі. Заўсёды да сьвядомых пратэстантаў далучаецца шмат выпадковых людзей.

Калі ўлады не заўважаюць патрэбаў нейкай меншасьці, то гэтая меншасьць пачынае крычаць пра свае праблемы. Пра што і сьведчаць падзеі ў Вугоршчыне”.

(Карбалевіч: ) “Калі аналізаваць падзеі ў Вугоршчыне, то можна прапанаваць такую — вядома, вельмі спрошчаную і ўмоўную формулу. Каб вулічныя пратэсты з палітычнымі патрабаваньнямі набылі масавы характар, патрэбныя тры ўмовы.

Першая: павінны назьбірацца “выбуховы матэрыял”, умовы для незадаволенасьці. У Вугоршчыне апошні час павысіліся падаткі й цэны на камунальныя паслугі, лекі, бэнзін.

Другая: павінна здарыцца нейкая падзея, якая справакуе выхад людзей на вуліцу. У краінах перамоглых каляровых рэвалюцыяў такім правакатарам былі фальсыфікацыі падчас выбараў. У Вугоршчыне падставаю для вулічных акцыяў стала абнародаваньне ў інтэрнэце стужкі з выступам прэм’ер-міністра.

Трэцяя ўмова — гэта здольнасьць апазыцыі менавіта ў такі момант мабілізаваць сваіх прыхільнікаў на пратэст. І толькі ў выпадку, калі гэтыя тры чыньнікі адначасова спрацоўваюць, адбываецца рэзананс. Чаму такія рэзанансы не здараюцца ў Беларусі?”

(Роўда: ) “Падчас апошняй выбарчай кампаніі “выбуховага матэрыялу” ў нас не хапала з той прычыны, што Расея ладзіць для Беларусі вялікія эканамічныя прэфэрэнцыі, якія і дазваляюць Лукашэнку праводзіць сацыяльна-эканамічную палітыку, прымальную для шараговых беларускіх грамадзянаў. Таму большасьць людзей ня пойдзе на пратэсты.

Іншая частка беларусаў, маладыя адукаваныя людзі хочуць пераменаў. Але іх меншасьць, і яны былі кепска арганізаваныя. Не хапала разумнага лідэрства, мэтанакіраванай стратэгіі. Тыя падзеі, якія адбыліся ў сакавіку, — гэта максымум, якога можна было дасягнуць. А пры эфэктыўным лідэрстве можна было нават з тых неспрыяльных умоваў выціснуць значна больш”.

(Мацкевіч: ) “Я б ня стаў перабольшваць тых чыньнікаў масавых акцыяў, якія тычацца штучнага, тэхналягічнага характару. Народныя выступы часьцей спантанныя, выбуховыя.

Хацеў бы зьвярнуць ўвагу на чыньнікі, пра якія мы звычайна забываемся. Тыя хто ў Беларусі выходзіць на вуліцу, робяць гэта не спантанна, а, хутчэй, рытуальна — нібы спартовыя заўзятары, назіральнікі за падзеямі, а не актыўныя ўдзельнікі. Сёньня Беларусь перажывае эканамічны ўздым, адрозна ад пачатку ці сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. А на ўздыме ніколі не бывае разбуральных рэвалюцыйных падзеяў”.

(Карбалевіч: ) “Тут можна запярэчыць. Сапраўды ў сярэдзіне, канцы 1990-х гадоў у Беларусі быў крызыс. Але рэвалюцыйнай сытуацыі не было. Зь іншага боку, аранжавая рэвалюцыя ва Ўкраіне адбылася падчас эканамічнага ўздыму. Але галоўным пытаньнем рэвалюцыі там была не эканоміка, а пытаньне якасьці ўлады”.

(Мацкевіч: ) “Вось тут важны тэхналягічны складнік кіраваньня. Трэба ўмець карыстацца спрыяльнымі ўмовамі. У 1990-я гады былі досыць масавыя акцыі, лідэры апазыцыі ня здолелі скарыстацца гэтым патэнцыялам. Напрыклад, у 1996 годзе, падчас дзяржаўнага перавароту, апазыцыйная частка Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня не змагла зьвярнуцца да народу за падтрымкай. Таксама лідэры апазыцыі не змаглі скарыстацца эканамічным крызысам і грамадзкім уздымам у 1998—1999 гады”.

(Карбалевіч: ) “У першую ноч пратэсту ў Будапэшце ў акцыі ўдзельнічала каля 10 тысяч чалавек. І хоць паліцыя прымяніла сьлезацечны газ і вадамёты, дэманстрантам удалося захапіць тэлецэнтар. Прыкладна такая ж колькасьць людзей у Кыргызстане за адзін дзень абваліла рэжым Акаева.

У Менску вечарам 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы стаяла больш за 10 тысяч чалавек. Але Мілінкевіч, абвяргаючы закіды ў нерашучасьці, заяўляе, што такой невялікай колькасьцю людзей рэвалюцыі ня зробіш. Зь іншага боку, спробы Казуліна 25 сакавіка перайсьці да больш рашучых дзеяньняў скончыліся драматычна. Дык якія тут дзейнічаюць заканамернасьці?”

(Роўда: ) “Падчас выбарчай кампаніі не было разуменьня, што ідзе сапраўдная барацьба за ўладу. У людзей такі настрой быў. І гэтым можна было скарыстацца. Але ў лідэраў апазыцыі не было пляну, жаданьня змагацца за ўладу. Таму ўсё перавялі ў звычайны рытуал”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Роўда, вы кажаце, што 19 сакавіка ў лідэраў апазыцыі не хапіла рашучасьці, каб змагацца за ўладу. Вось 25 сакавіка Казулін прадэманстраваў такую рашучасьць. І што? Вы лічыце тое, што адбылося ў гэты дзень посьпехам? Хіба шэсьце на Акрэсьціна дало апазыцыі плён, палітычны эфэкт?”

(Роўда: ) “Казулін прадстаўляў толькі частку апазыцыі. Мілінкевіч заклікаў сваіх прыхільнікаў ня рухацца за Казуліным. Не было адзінства. Шэсьце на Акрэсьціна — гэта, хутчэй, праява маральнага, а не палітычнага пратэсту. Да гэтага не былі падрыхтаваныя ні Казулін, ні Мілінкевіч, ніхто ня меў ніякага пляну”.

(Мацкевіч: ) “Пэўную вартасьць мы павінны надаваць колькасьці людзей, якія выходзяць на вуліцу. Але ж справа зусім ня ў гэтым. Трэба добра аналізаваць структуру натоўпу. Большасьць людзей, якія ўдзельнічаюць у вулічных акцыях беларускай апазыцыі — гэта назіральнікі, а ня ўдзельнікі падзеяў. Значная частка натоўпу — супрацоўнікі спэцслужбаў. Паход Казуліна на Акрэсьціна быў цалкам прадказальны для ўладаў.

Я памятаю, як зь мяне сьмяяліся, калі я казаў, што падчас выбарчай кампаніі 2006 году мы здольныя стварыць рэвалюцыйную сытуацыю — і калі ня ўзяць уладу, то значна пахіснуць гэты рэжым. Тады мне казалі: гэта няпраўда. Потым, калі нечакана паўстаў майдан, яго пачалі перабольшваць, рабіць абраз.

Таму давайце вывучаць не агульнапалітычныя ўводзіны, а аналізаваць тактыку, стратэгію, структуру нашай апазыцыі, той часткі грамадзтва, якая выходзіць на вуліцу”.
XS
SM
MD
LG