Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выпадак зь Вікай — падстава для апэляцыі ў ЮНІСЭФ і Гаагу”


Радыё Свабода Грамадзкасьць Італіі чакае вэрдыкту Генуэскага апэляцыйнага суду адносна далейшага лёсу Вікі Мароз. Сёньня да эўрапейскай грамадзкасьці зьвярнулася вядомая ў краіне дзяячка, старшыня Камітэту правоў чалавека прынцэса Жасьмін фон Хоэнштаўфэн. Нагадаем, што ў чацьвер судзьдзя апэляцыйнага суду ў Генуі Люіджы Равэлі абвясьціў перапынак у справе. Каб вынесьці рашэньне, патрэбныя больш дакладныя тлумачэньні лекараў і псыхолягаў, якія цяпер працуюць зь Вікай.

Як заявіла прынцэса Жасьмін фон Хоэнштаўфэн, выпадак зь беларускай дзяўчынкай ёсьць падставай для апэляцыі ў ЮНІСЭФ, а таксама ў міжнародны суд у Гаазе і эўрапейскі суд у Страсбуры.

Паводле прынцэсы, беларускі рэжым жорсткі да дзяцей і псыхічна траўмуе юныя душы.

Адвакаты Джуста-Барначын зьвярнуліся ва ўправу Генуэскага суду ў справах непаўналетніх, каб рашэньне ад 7 верасьня пра вяртаньне Вікі Мароз у Беларусь неадкладна прыпынілі — прынамсі, на час атрыманьня дзяўчынкай неабходнай тэрапіі.

“Гарантыяў, якія Генуэскі суд у справах непаўналетніх лічыў дастатковымі для вяртаньня Вікі Мароз у Беларусь, больш няма”, — заявіў у інтэрвію інфармацыйнай агенцыі “AGI” адвакат сям’і Джуста й Барначын Альбэрта Фігонэ.

Паводле ягоных словаў, сярод абяцаньняў беларускага боку было й суправаджэньне Вікі ў Беларусь Алесандра Джуста й Марыяй Барначын. Учора беларускі амбасадар Італіі Аляксей Скрыпко не пацьвердзіў гэтых гарантыяў.

Як пішуць італьянскія аглядальнікі, чарговае паседжаньне апэляцыйнага суду пачнецца ў панядзелак ці аўторак. Ня выключана, што на паседжаньне запросяць і Віку Мароз.

Перадаюць, што дзяўчынку, якая пад наглядам італьянскіх уладаў знаходзіцца ў закрытым пансіянаце ў Генуі, сёньня зьбіраецца наведаць амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксей Скрыпко. У інтэрвію італьянскім мэдыям беларускі дыплямат заявіў, што хоча паразмаўляць зь дзяўчынкай. Ён хвалюецца за яе лёс і здароўе, паколькі ў яго самога ёсьць 12-гадовая дачка.

Амбасадар таксама падкрэсьліў, што пазыцыя Беларусі адносна Вікі застаецца нязьменнай: дзяўчынка павінна вярнуцца на радзіму, дзе яе чакае і самы блізкі для яе чалавек — родны брат. Амбасадар дадаў, што “ніхто не павінен сумнявацца ў сувэрэннай здольнасьці Беларусі самастойна дапамагаць дзяўчынцы, лекаваць яе”.

Раней Віку Мароз наведалі абедзьве бабулі — маці Марыі й Алесандра. У інтэрвію “Il Giornale” яны згадалі, што менавіта Алесандра Джуста ў свой час адшукаў роднага брата Вікі. Хлопчык, якому цяпер 13 гадоў, адпачываў тады на Сардыніі. Дзяўчынка тады нічога ня памятала пра яго. Брат і сястра з дапамогай Алесандра ўпершыню сустрэліся, а сёньня Джуста й Барначын маюць цудоўныя дачыненьні з хлопчыкам і беларускай сям’ёй, якая ўсынавіла яго.

Алесандра Джуста і Марыя Барначын заявілі сёньня, што больш ня будуць даваць інтэрвію прэсе, каб не пашкодзіць Віцы.

(Джуста: ) “Мы толькі й думаем пра дзіця, якое спала адно ў чужым пакоі, у чужым ложку. Мы ведаем, як яна спала раней, з кулаком у роце, каб ня плакаць. Мы чакаем, калі зможам зноў убачыць яе”, — сказаў Алесандра Джуста для тэлеканалу “TG5”.
XS
SM
MD
LG