Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нас тут вельмі шмат пакінутых дзяцей, і ніхто іх ня хоча браць..."


Галина Абакунчык, Менск Як вы ставіцеся да ўсынаўленьня беларускіх сіротаў замежнымі грамадзянамі? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Юначка: ) “Станоўча. Бо беларускія дзеці маюць права мець бацькоў. Ну і што, калі яны будуць жыць не ў Беларусі, а ў Эўропе, ці ў ЗША, да прыкладу?”

(Спадар: ) “Я думаю, што беларускія дзеці павінны жыць у Беларусі, бо яны ж беларусы”.

(Спадарыня: ) “Калі ўсё гэта даволі правільна арганізавана, то станоўча. Але ёсьць прыклады, калі ўсынаўленьне мае нэгатыўныя наступствы”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, я стаўлюся так, што дзе дзецям лепш, няхай яны там і будуць. Хто іх жадае ўзяць, няхай яны там і выхоўваюцца. У нас тут вельмі шмат пакінутых дзяцей, і ніхто іх ня хоча браць”.

(Спадар: ) “Я стаўлюся адмоўна. Бо вось я чытаю газэты, слухаю радыё і ведаю, што нічога добрага там няма”.

(Спадарыня: ) “Чаму не? Калі ў добрыя сем’і, то гэта добра. Але, каб толькі дзяржава кантралявала, а ня так, што аддалі дзіця й забыліся на яго. Калі так, то чаму не, цалкам нармалёва”.

(Спадар: ) “Станоўча, бо я ўспрымаю Беларусь часткай Эўропы. І гэты працэс спрыяе ўзаемнаму даверу”.

(Спадар: ) “Ня маю нічога супраць. Бо не заўсёды ў нас ёсьць магчымасьць нешта добрае зрабіць дзецям. Гэтыя сірочыя дамы ня вельмі заможныя. Галоўнае, каб ніякага крыміналу не было”.

(Юначка: ) “Вельмі станоўча, бо дзіцяці лепш у сям’і, чым у інтэрнаце. Пра дзіця там паклапоцяцца, яно будзе мець магчымасьць паглядзець сьвет і пражыць лепшае жыцьцё, чым можа пражыць тут”.

(Юнак: ) “Я ня супраць, бо там іншыя ўмовы жыцьця. Што тут можа даць інтэрнат? Фактычна, нічога. А там дзіця нечаму навучаць, у яго будзе нармалёвае адзеньне і харчаваньне. Да яго ня будуць ставіцца як да сіраты, а гэта вельмі важна”.

(Юнак: ) “Я нармалёва да гэтага стаўлюся. Бо калі нашых дзяцей ня могуць усынавіць на радзіме, то няхай хоць далёка яны знойдуць сваё шчасьце. Вось і ўсё”.
XS
SM
MD
LG