Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Лукашэнка пагражае Расеі разрывам дачыненьняў з-за цаны на газ


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў заявіў, што рынкавы кошт на газ для Беларусі можа выклікаць разрыў беларуска-расейскіх дачыненьняў, асабліва ў эканоміцы. Акрамя таго, ён абвінаваціў Крэмль у замаруджваньні інтэграцыйных працэсаў.

Аляксандар Лукашэнка размаўляў з прадстаўнікамі рэгіянальнай прэсы Расеі больш як тры гадзіны. Большую частку гэтага часу ён прысьвяціў расейска-беларускім дачыненьням і найбольш вострай праблеме — падвышэньню кошту газу для Беларусі на наступны год.

Паводле А.Лукашэнкі, прапанаваная расейскім бокам цана на газ на 2007 год прывязе да разрыву дачыненьняў.

(Лукашэнка: ) “Павелічэньне да такіх памераў кошту на газ — гэта адназначна разрыў усіх дачыненьняў. У эканоміцы — дык гэта дакладна”.

Такім чынам, А.Лукашэнка настойвае на ўнутрырасейскіх коштах на газ для Беларусі. Адначасова ён адмаўляецца прадаваць “Газпрому” 50% акцыяў “Белтрансгазу” за 300 мільёнаў даляраў, настойваючы на цане 2 мільярды. Ён зазначыў, што ня можа прадаць “Белтрансгаз” за 300 мільёнаў даляраў, бо “гэта турма”. Паводле А.Лукашэнкі, падваеньне кошту на расейскі газ будзе каштаваць 1 мільярд даляраў — гэта 1% ВУП. Гэтыя грошы можна ўзяць толькі за расейскі транзыт празь Беларусь, за вайсковыя аб’екты, перакананы Лукашэнка.

(Лукашэнка: ) “Не памрэм мы за гэты мільярд, але вы згубіце апошнюю краіну, вы проста зганьбіцеся. У вас сёньня столькі грошай, што калі доменную печ нейкую для іх давезьці — вы не пасьпееце іх спаліць”.

А.Лукашэнка нэгатыўна ацаніў той факт, што Расея выйшла з пагадненьня аб роўных умовах у цэнаўтварэньні.

(Лукашэнка: ) “Аб якой саюзнай дзяржаве тады можна гаварыць, калі вы, Расея (гэта беспрэцэдэнтны выпадак!) выходзіце з дамовы са сваім галоўным саюзьнікам?”

А.Лукашэнка выказаў таксама прагноз, што інтэграцыйныя працэсы прыпыняцца на некалькі гадоў у сувязі з падрыхтоўкай да кампаніяў выбараў у Дзярждуму і выбараў прэзыдэнта Расеі.

Замаруджваньне ў справе прыняцьця Канстытуцыйнага акту А.Лукашэнка патлумачыў тым, што нядаўна з адміністрацыі прэзыдэнта Расеі прыйшлі новыя прапановы ў гэты праект, якія супярэчаць яму.

“Расея сёньня ня хоча ісьці на больш сур’ёзны саюз Беларусі і Расеі, — заявіў А.Лукашэнка, — бо яе кіраўніцтва пабойваецца, што саюзныя органы ўлады займеюць зашмат паўнамоцтваў, што выкліча супярэчнасьці з расейскімі органамі ўлады. На гэта А.Лукашэнка адрэагаваў прымаўкай: “Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць”.

Выступаючы перад журналістамі рэгіянальных расейскіх СМІ, Лукашэнка паўтарыў ранейшы тэзіс, што на Захад ад Масквы ў Расеі няма войскаў, акрамя беларускіх узброеных сілаў.

(Лукашэнка: ) “Калі, як гэта было заўсёды ў гісторыі, груба кажучы, танкі пойдуць адтуль на Расею, мы паміраць тут будзем за Расею. І наш народ павінен быць да гэтага гатовы. Назавіце хоць адну дзяржаву, якая б так адкрыта заявіла, што мы будзем паміраць за Расею”.

Адказаў А.Лукашэнка і на пытаньне аб апазыцыі. Ён заявіў, што ў Беларусі альтэрнатывай яму выступаюць тыя, хто прыйшоў зь ім да ўлады, але не ўтрымаўся.

(Лукашэнка: ) “Гэта былыя, якія былі з Лукашэнкам, і зьбеглі, гэта з нацыяналістычнага атрэб’я выхадцы і даслоўна некалькі дзясяткаў чалавек, што далучыліся да іх”.

Паводле Лукашэнкі, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і Мілінкевіч, і Казулін выступалі за цесныя дачыненьні з Расеяй, а цяпер сталі празаходнімі палітыкамі, якія не ўспрымаюць Расею.

Лукашэнка таксама заявіў, што арганізатары намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы нібыта прасілі ва ўлады даць ім магчымасьць “захаваць твар”, але потым пачалі кіравацца ўказаньнямі Хавіера Саляны.
XS
SM
MD
LG