Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Крапавых бэрэтаў” стала болей


Любоў Лунёва, Менск Байцы падраздзяленьняў унутраных войскаў і спэцназу міліцыі трымалі іспыты на “крапавыя бэрэты”. 59 прэтэндэнтаў праходзілі чатыры этапы спаборніцтваў. Да фінішу дайшлі толькі 9 чалавек. Чаму салдаты і афіцэры добраахвотна ідуць на выпрабаваньні? Якія ільготы маюць “крапавыя бэрэты”?

Цягам 15 гадоў у шэрагах унутраных войскаў ладзяць спаборніцтвы за права нашэньня “крапавага бэрэта”. Першыя “крапавыя бэрэты” зьявіліся ў Маскве ў 1980 годзе падчас Алімпіяды. Тады ўтварыліся першыя падраздзяленьні, якія ахоўвалі грамадзкі парадак у розных гарадах СССР. Першымі бэрэты атрымалі больш падрыхтаваныя байцы. У Маскве пасьля Алімпіяды застаўся атрад “Віцязь”. У Беларусі вайсковая частка №3214 стала пераемніцай руху. Вайскоўцы здаюць іспыты з уласнага жаданьня.

Прэсавы сакратар унутраных войскаў Павал Траўлька:

(Траўлька: ) “Гэтыя выпрабаваньня сапраўды вельмі цяжкія, прайсьці іх нялёгка. З 59 чалавек на трэцім этапе засталося толькі 29. Да чацьвёртага этапу дойдуць яшчэ меней”.

Сёньня ў Беларусі каля 600 чалавек з’яўляюцца ўладальнікамі “крапавых бэрэтаў”. Большасьць зь іх служаць у вайсковай частцы пад камандай палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якога падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня вядомых беларускіх палітыкаў.

Насамрэч, “крапавыя бэрэты” гэта ня толькі знак пашаны. Салдаты тэрміновай службы могуць раней сысьці ў запас, а пры жаданьні застацца на кантрактнай службе. У іх ёсьць шанец трапіць у брыгаду Дзьмітрыя Паўлічэнкі, дзе высокія заробкі. Афіцэрам “сьвеціць” падвышэньне. Апроч таго, уладальніка “крапавага бэрэту” без экзамэнаў залічаюць у ВНУ сыстэмы Міністэрства ўнутраных справаў.

Я назірала, як прэтэндэнты ў часе маратону мусілі прайсьці па пояс невялікае азярцо. Нельга было апускаць адгазьнік, бо ў вадзе вугальны пыл робіцца каменным і потым у адгазьніку немагчыма будзе дыхаць. Кожны выходзіў на сушу праз пабудаваны лаз. На выхадзе ў яго стралялі з аўтамата халастымі патронамі. На думку афіцэраў, гэта моцны псыхалягічны ўціск.



На палігоне ўсё было ў дыме. Апроч таго, што паўсюль гарэлі аўтамабільныя пакрышкі, салдаты ўвесь час запальвалі дымавыя шашкі. Прэтэндэнты мусілі спусьціцца ў калодзеж, куды адразу ім кідалі шашкі, а адтуль прапаўзьці некалькі мэтраў пад сеткай у адгазьніку. Спачатку аўтаматная чарга баявымі патронамі над галавой, а потым дымавыя шашкі перад тварам, якія трымалі саслужыўцы.



Пасьля гэтага прэтэндэнты стралялі і зьбіралі рацыю. Хто не ўклаўся па часе, альбо прамазаў – сыходзіў з дыстанцыі. Салдат унутраных войскаў Марк Фрэдэрык Аддо на пытаньне ці ведае ягоная маці, чым ён тут займаецца адказаў:



(Аддо: ) “У мяне няма мамы… У мяне ёсьць бабулька. Яна ня ведае пра гэта”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі б яна даведалася, то ўхваліла б?”

(Аддо: ) “Ня ведаю. Калі атрымаю бэрэт, то яна ўсё роўна даведаецца, а, калі й не атрымаю, то, можа, і скажу ёй”.

Сяржант Цімур Шур ня першы раз спрабуе здабыць “крапавы бэрэт”.



(Шур: ) “На звыштэрміновую службу я ня хочу заставацца. Але сваё жыццё зьвязаць са спэцназам я б хацеў. Экстрым і спэцназ розныя рэчы. Мяне больш цягне да спэцназу”.



Апошні этап – рукапашны бой. Трэба пратрымацца 12 хвілінаў, калі б’юць саслужыўцы, якія раней атрымалі “крапавыя бэрэты”. Цімур Шур ад першага моцнага ўдара паваліўся на зямлю, але змог падняцца і працягнуць барацьбу. Яму пашчасьціла і цяпер ён будзе насіць здабыты бэрэт.

Прэтэндэнты казалі, што разьлічваюць выявіць сябе падчас нейкай апэрацыі, напрыклад, вызваленьне закладнікаў… Ніводзін зь іх не казаў пра разгон мірнай дэманстрацыі. Гэта было адзінае пытаньне, на якое яны адмаўляліся адказваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG