Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску дэманструюць “Пацалункі”, “Валацугаў” і “Байструка”


Радыё Свабода У Культурна-дзелавым цэнтры “Віцебск” гэтымі днямі праходзіць 11-ты конкурс мадэльераў і дызайнэраў адзеньня “Белая амфара”. Ён працягнецца да 30 верасьня і завяршыцца ўзнагароджаньнем аўтараў і дэманстратараў лепшых калекцый. А сёньняшнім вечарам прайшоў першы публічны паказ адзеньня, прадстаўленага беларускімі прадпрыемствамі лёгкай прамысловасьці, а таксама студэнтамі ВНУ, якія толькі рыхтуюцца стаць прафэсійнымі дызайнэрамі ды мадэльерамі.

Арганізатары падбіраючы назву для конкурсу – “Белая амфара” – беларускіх мадэльераў, зьвярнуліся да гісторыі Старажытнай Грэцыі – нібыта менавіта там у даўнія часы праводзіліся спаборніцтвы для дзяўчат, якія ўпрыгожвалі мармуровыя статуі. І тая дзяўчына, якая зрабіла найлепшы ўбор, атрымлівала ў якасьці ўзнагароды белую амфару.

Зрэшты, старажытнагрэцкая гісторыя гэтаксама далёкая ад найноўшай гісторыі Беларусі, як мастацкія знаходкі мадэльераў ды сэрыйнага выпуску адзеньня для беларускіх грамадзянаў: усё-ткі нашы суайчыньнікі найчасьцей купляюць недарагое адзеньне на кірмашы, чымсьці ў дызайнэрскіх салёнах.

На віцебскім конкурсе, вядома ж, убіраюць ўжо ня статуі – калекцыі адзеньня паказваюць прафэсійныя мадэлі. І ня проста паказваюць, а таксама спаборнічаюць паміж сабой: апрача лепшых мадэльераў, журы мусіць абраць яшчэ й самых лепшых дэманстратараў. Дарэчы, сёлета гэты конкурс ўпершыню будзе індывідуальны – дзяўчаты і хлопцы будуць паказваць перадусім самі сябе, а не за выступаць ад імя мадэльных агенцтваў, як было раней. Яшчэ ў паказах адзеньня возьмуць удзел дзеці (ад 4-х да 16-ці год) – зазвычай дызайнэры адзеньня просяць прадэманстраваць іхныя вырабы ўдзельнікаў дзіцячых харэаграфічных калектываў або дзіцячы Тэатр моды “СПЭС”, а таксама сабакі – упершыню ўведзеная летась конкурсная намінацыя "Fashion DOG” стала папулярнай і ў мадэльераў, і ў гледачоў. Паглядзець на “сабачую моду” і незвычайных дэманстратараў у мінулым годзе прыйшло ці не больш цікаўнага народу, чымсьці на “чалавечыя” калекцыі.

Нядаўна ў сьвеце моды разгарэўся скандал, зьвязаны са сьмерцю ад недаяданьня 22-гадовай мадэлі з Лацінскае Амэрыкі Лізэль Рамос.Цяпер шмат гавораць пра тое, што мадэлькі мусяць быць не такімі ўжо хударлявымі, а ўвасабляць сваімі абліччамі ідэю пра здаровы лад жыцьця. Аднак да Віцебску новыя павевы яшчэ не дайшлі: мадэльеры прадставілі калекцыі, разьлічаныя на дзяўчат, якія маюць рост 175-178 см. і носяць 44 памер адзеньня (а для гэтага трэба мець “парамэтры”, яшчэ меншыя за славутыя 90-60-90). Патрабаваньні для дэманстратараў-хлопцаў такія: рост 186-188 см., памер адзеньня 48-52. Няма абмежаваньняў хіба ў намінацыі "Fashion DOG”: пароды сабак дазволены любыя, а выводзіць іх на подыюм у адзеньні “ад куцюр” змогуць гаспадары абсалютна любых габарытаў.

Пару гадоў таму на “Белай амфары” можна было ўбачыць калекцыю жаночага адзеньня пад назовам “Пышка”, які гаворыць сам за сябе, а таксама калекцыі для дам і джэнтэльмэнаў сталага ўзросту. Сёлетні конкурс праводзіцца пад дэвізам “Я кахаю” і прысьвечаны перадусім моладзевай модзе. Пераможцы ў кожнай з трох намінацый – "Мужчина и женщина", “Я люблю” і "Дети" – атрымаюць прэміі памерам 500 даляраў, у намінацыі студэнцкіх работ "Татьянин день" прэмія пераможцы ніжэйшая – 300 даляраў, а лепшыя работы ў намінацыі "Fashion DOG" будуць адзначаныя, як кажуць, каштоўнымі падарункамі.

Усе намінацыі, апрача апошняй, названыя па-расейску. Але некаторыя калекцыі, прадстаўленыя на конкурс, усё-такі маюць беларускія назовы -- “Сьпявай мне песьні”, “Пацалунак”, “Валацугі”... Але самым арыгінальным чынам назвалі сваё адзеньне прадстаўнікі Жодзінскай трыкатажнай фабрыкі “Сьвітанак”. Калекцыі на конкурс пад дэвізам “ Я кахаю...” далі назву “Байструк”.
XS
SM
MD
LG