Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія задачы ставяцца перад байцамі спэцназу?


Ігар Карней, Менск У Беларусі бадай што кожнае сілавое ведамства мае сваю спэцпадразьдзяленьне для выкананьня складаных задачаў. Што за задачы ставяцца перад байцамі, якія, паводле ўнутраных статутаў, мусяць выканаць любыя загады начальства?

Камітэт дзяржбясьпекі мае групу “Альфа”, МУС – падразьдзяленьне “Алмаз” і Полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня (былы АМАП), Дзяржкамітэт памежных войскаў – групу “АСАМ” (расшыфроўваецца як Асобнае злучэньне актыўных мерапрыемстваў), Унутраныя войскі – “СОБР” (Спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня). Свае спэцпадразьдзяленьні ёсьць ў Міністэрства абароны: брыгада спэцпрызначэньня, якая базуецца ў Мар’інай Горцы, мабільныя брыгады Віцебскай дывізіі КГБ (былыя Паветрана-дэсантныя войскі) і сапёрна-піратэхнічная група, дысьлякаваная на вуліцы Маякоўскага ў Менску. Да спэцыяльных падразьдзяленьняў можна аднесьці Галоўную ўправу дзяржаўнай аховы і Службу бясьпекі прэзыдэнта.

Спэцназаўцы падпарадкоўваюцца выключна старшыні КДБ, кіраўніку МУС і начальніку Управы выведкі Мінабароны. Асобна стаяць службы Ўнутранай бясьпекі прэзыдэнта і Дзяржаўнага Савету бясьпекі. Мабільныя аддзелы складаюцца пераважна з афіцэраў-спэцназаўцаў, якія выконваюць асабістыя даручэньні прэзыдэнта і дзяржсакратара. Пра здольнасьці такіх людзей расказвае маёр дэсантных войскаў Аляксей Мохаў, які тройчы быў у камандзіроўцы ў Аўганістане, а за часамі незалежнай Беларусі служыў у структурах Савету бясьпекі.

(Мохаў: ) “Шмат давялося вытрываць. Асабліва ў другі мой заход у Аўганістан часта даводзілася выручаць пяхоту, выручаць аўганцаў тых жа самых, мясцовых... Відаць, дэсантны дух ўсё ж дае неабходную падрыхтоўку, загартоўвае. А падрыхтоўка і дух маральны дае перавагу ў баях”.

Пазалетась Аляксандар Лукашэнка адкрыў новую базу “Алмазу” у Валоўшчыне пад Менскам. Менавіта гэтае месца ад таго часу ёсьць базавым цэнтрам падрыхтоўкі ўсіх асноўных спэцпадразьдзяленьняў.

Згодна з законам “Аб барацьбе з тэрарызмам”, спэцпадразьдзяленьні сыстэмы забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі створаныя для “ажыцьцяўленьня комплексу апэратыўных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджаньне тэрарыстычных і экстрымісцкіх праяваў на тэрыторыі Беларусі”.

Ёсьць зьвесткі, што беларускія спэцпадразьдзяленьні загартоўваюцца ня толькі ў Беларусі. Так, адзін з кіраўнікоў чачэнскага парлямэнту ў выгнаньні Турпал-Алі Каімаў, які зараз жыве ў Нарвэгіі, сьцьвярджае: цягам двух чачэнскіх войнаў беларускія спэцназаўцы служылі ў расейскіх спэцпадразьдзяленьнях.

(Каімаў: ) “Так, я зараз маю такую інфармацыю…”.

(Карней: ) “Чаму менавіта беларусы? Яны што – падрыхтаваныя да такіх спэцапэрацый?”

(Каімаў: ) “Расейскае Галоўнае ўпраўленьне выведкі заўсёды спэцыялізавалася на дывэрсыйных апэрацыях. Відавочна, у такіх сумесных акцыях яны абменьваліся досьведам зьнішчэньня мірных грамадзянаў Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Што імі яшчэ далей рушыла – я ня ведаю”.

(Карней: ) “І можна казаць пра канкрэтныя прозьвішчы?”

(Каімаў: ) “Так, ёсьць некаторых асобаў прозьвішчы, таму можна ў пэрспэктыве гаварыць прадметна”.

(Карней: ) “Мабыць, некаторыя зь іх ужо асуджаныя. Той жа спэцназавец Ігнатовіч, у тым ліку і ў зьвязку са справай Дзьмітрыя Завадзкага, сядзіць…”.

(Каімаў: ) “Ведаеце, Ігнатовіч – гэта толькі адна асоба. А вакол Ігнатовіча было як мінімум некалькі такіх пэрсонаў, якія займаліся забойствамі мірных грамадзянаў”.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Камітэт дзяржбясьпекі абвясьціў, што свае спэцпадразьдзяленьні ёсьць… і ў апазыцыі. Старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што на тэрыторыі Грузіі рыхтуюцца баевікі для “беларускай рэвалюцыі”; нават паказалі апэратыўныя здымкі з прызнаньнем ананімнага беларускага “баевіка”.

(Хлопец: ) “Знаходзіўся я на тэрыторыі Грузіі, дзе праходзіў навучаньне ў тэрарыстычным цэнтры. У асноўным, на 90%, вучылі рукапашнаму бою; таксама была хімічная абарона і выбуховая тэхніка: прынцып працы, дзеяньне, устаноўка “расьцяжак”, устаноўка “хлапушак” (сыгнальных мінаў)”.
XS
SM
MD
LG