Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова на выставе “Сьвет упакоўкі-2006”


Міхал Стэльмак, Менск Cёньня ў Менску завяршае працу міжнародная выстава “Сьвет упакоўкі-2006”. Якое месца ў назвах і рэкляме айчынных тавараў займае беларуская мова? Як уплывае яна на гаспадарчую дзейнасьць фірмаў?

У выставе ўдзельнічае некалькі дзясяткаў фірмаў зь Беларусі й суседніх краінаў. Яны спэцыялізуюцца на вытворчасьці й распаўсюджваньні тары і ўпакоўкі для прамысловых і харчовых тавараў. Напрыклад, сталічная фірма “Гайна” вырабляе пакеты. Гутару з маркетолягам Яўгеніяй Мітраевай:

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у вас назвы, напісаныя па-беларуску?”

(Мітраева: ) “Купляйце беларускае”.

(Карэспандэнт: ) “А што яшчэ?”

(Мітраева: ) “У дадзены момант, напэўна, нічога. Па-беларуску больш такіх замоваў не было. Гэта ж не ад нас залежыць, а ад заказчыка”.

Віцебскі картанажна-паліграфічны камбінат вырабляе каробкі для прадукцыі хлебапякарнай і кандытарскай прамысловасьці. У іх пакуюцца, у прыватнасьці, цукеркі й пячэньне. Усяго – каля сотні розных найменьняў. Ці ёсьць сярод іх беларускія, высьвятляю ў прадстаўніц прадпрыемства Тацяны Федасенкі і Тацяны Драніцкай:

(Федасенка: ) “Вось каробачка “Беларусачка”. Гэта “Чырвоны харчавік” (Бабруйск). Гэтую каробачку яны з году ў год заказваюць і любяць. Тут традыцыі Беларусі, адзеньне”.

(Драніцкая: ) “Гэта іх шматгадовы брэнд. То бок, гэта каробка, якую яны не мяняюць. Яе ўсе ведаюць, напэўна, ведаюць і цукеркі па гэтым дызайне”.

(Федасенка: ) “Менавіта гэтую прадукцыю мы выканалі на беларускай мове па іх пажаданьні. Бывае ў іх, што на адным баку напісана па-беларуску, а на другім – па-расейску”.

(Карэспандэнт: ) “А чыя прадукцыя “баравічкі?”

(Федасенка: ) “Баравічкі” – гэта “Мінскхлебпрам”.

(Драніцкая: ) “А “Славянскі базар” гэта “Віцебскхлебпрам”. Вось торт вафельны напісаны на расейскай мове, а назва “Сунічка” на беларускай. Але раней у нас было болей каробак на беларускай мове”.

Паводле спадарынь Федасенкі й Драніцкай, цяпер гэты віцебскі камбінат вырабляе ўпакоўку, 10 працэнтаў якой маюць назвы па-беларуску, астатнія – па-расейску. У іншых фірмаў – прадукцыі зь беларускамоўнымі найменьнямі яшчэ менш. Чаму? Юры Болбас працуе маркетолягам на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце:

(Болбас: ) “Ня ведаю, чаму”.

(Карэспандэнт: ) “Ці залежыць гэта ад вас?”

(Болбас: ) “Не. Абсалютна”.

(Карэспандэнт: ) “А ад каго?”

(Болбас: ) “Ад кіраўніцтва нашага”.

(Карэспандэнт: ) “Калі б былі надпісы на беларускай мове, ці была б у пакупнікоў адмоўная рэакцыя?”

(Болбас: ) “Вядома, не”.

А вось як ставяцца да беларускамоўных назваў упаковачнай прадукцыі наведнікі выставы:

(Спадарыня Віка: ) “Малочным прадуктам можна даць беларускую назву”.

(Спадарыня Вольга: ) “Прадукты харчаваньня можна ўсе называць па-беларуску, а вось калі вырабляць мэблю, халадзільнікі, то лепш даваць іншыя назвы”.

(Спадарыня Юля: ) “Гэта было б вельмі добра, каб больш людзей пісала па-беларуску. Таму што мы жывём у Беларусі. Чаму мы павінны пісаць па-расейску?”

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў так пракамэнтаваў становішча ў гэтай сфэры:

(Трусаў: ) “Улічваючы, што пяць гадоў таму наагул не было нічога, дык 10 працэнтаў гэта поступ наперад, хаця й невялікі. Мы прыклалі вельмі вялікія намаганьні. Тая ж фабрыка “Камунарка” пачала часам выпускаць прадукцыю з ужываньнем беларускай мовы, фірма “Слодыч”, якая вырабляе пячэньне. Пэўныя зрухі ёсьць. Але тут трэба, каб і самі грамадзяне праяўлялі ініцыятыву”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG