Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Витебский курьер”: “Наш стратны лён”


Іна Студзінская, Менск Агляд некаторых публікацыяў незалежных СМІ.

Сёньняшняя “Народная Воля” зьмяшчае інтэрвію экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова, які папрасіў слова ў адказ на ранейшую публікацыю “Любоў да фюрэра… вышэй за ўсё”. Юры Сівакоў заяўляе: “прапанаваўшы задумацца над пасыламі Гітлера, я зусім ня раю ім сьледаваць, як спрабуюць данесьці мае апанэнты. Наадварот, я даю сваё бачаньне некаторых складнікаў афіцэрскага гонару”. Артыкул называецца “Я не фашыст, і Гітлеру не пакланяюся”.

Уладзiмiр Някляеў застаецца старшынём ПЭН-цэнтру. Пра гэта ён паведамiў “Народнай волi” ў эксклюзіўным iнтэрвію.

На 35% зьнізіліся пастаўкі аршанскага ільну ў краіны Эўразьвязу. Беларускі лён ужо не канкурэнтаздольны на ўсясьветных рынках, іх паступова заваёўваюць кітайцы. Асноўныя фактары – цэнавая палітыка і нездавальняючая якасьць прадукцыі Аршанскага ільнокамбінату. Замест прыбытку ільнокамбінат мае страты ў 184 мільёны рублёў, піша “Витебский курьер” у артыкуле “Наш стратны лён”.

Упершыню ў Беларусі ў вёсцы Вычулкі пад Берасьцем пачалі бурыць сьвідравіну для ацэнкі геатэрмальнага патэнцыялу нетраў Зямлі. Праектная глыбіня сьвідравіны – 1400 мэтраў. У плянах – выкарыстаньне альтэрнатыўнай крыніцы энэргіі ня толькі для абагрэву цяпліцаў камбінату “Берасьце”, але і для ацяпленьня абласнога шпіталю, піша “Брестская газета”.

У Вялейскім краязнаўчым музэі прайшла міжнародная канфэрэнцыя з удзелам навукоўцаў Літвы, Латвіі, Эстоніі і Расеі. Унікальнасьць яе ў тым, што зладзіў канфэрэнцыю краязцаўца-аматар, ахоўнік вялейскага заводу “Зэніт” Аляксандар Зайцаў. Ён зьбірае культавыя камяні са штучнымі паглыбленьнямі дыямэтрам да 8 сантымэнтаў, якія былі аб’ектамі пакланеньня чалавека ў паганскія часы. Распавядае рэдактар маладзечанскай “Рэгіянальнай газэты” Аляксандар Манцэвіч:

(Манцэвіч: ) “Культавасьць у тым, што пакланяліся гэтым камяням. Як пакланяліся, якім чынам гэтыя ямінкі служылі – некаторыя кажуць, што ваду дажджавую зьбіралі і пілі, некаторыя кажуць, што яйкі ставілі. Як яны выкарыстоўваліся – вось пра гэта і гаварылі навукоўцы на канфэрэнцыі”.
XS
SM
MD
LG