Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: фільмы пра Леніна


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

За савецкім часам кінапракату была даведзена квота на дэманстрацыю фільмаў пра Леніна. Так што фільмы такія круцілі даволі часта. Мне асабліва падабаўся Ільліч у маладосьці. У “Сэрцы маці” Валодзю Ўльянава граў Радзівон Нахапетаў, які цяпер здымаецца ў Галівудзе. “Крестьяне Симбирской, Уфимской, Самарской губерний – голодают!” – гукаў малады адвакат Ульянаў, пры гэтым у судзьдзі, які судзіў галодных сялянаў, ад абурэньня падала пэнснэ з глюгастага носу. Пазіраючы на экраннага Ільліча, можна было падумаць, што той ня еў, ня піў, а толькі думаў пра сусьветную рэвалюцыю. “Наденька, газет! Ради бога, газет!” – крычаў Ільліч з вакна цурыхскай кватэры жонцы, Надзеі Канстацінаўны, якая ішла на кірмаш.

І толькі аднойчы, у “Чалавеку з ружжом”, правадыр еў бульбу ў мундурах ды яшчэ ў адным фільме прасіў Надзею Канстанцінаўну запарыць гарбаты… “и покрепче!” А потым, пасуравеўшы з твару, дадаваў: “А сахар – детям!”

Спаць правадыру таксама не даводзілася. Вось ён, напярэдадні кастрычніцкага перавароту, хаваецца на кансьпіратыўнай кватэры. Сядзіць цёмнае начы і нешта піша. Гаспадар кватэры сьцярожка, паціраючы потныя ад хваляваньня рукі, кажа, што пара, Уладзімер Ільліч, класьціся спаць. “Ах, да!” – падхопліваецца пастаялец і на вачах гаспадара кватэры і ягонай жонкі пачынае расьцілаць на падлозе газэты. “Спать, спать, спать!”, – выдыхае Ільліч, пастрыкнуўшы накрыўкай гадзіньніка. Правадыр здымае пінжак, зьбіраецца класьціся, ды замірае, утаропіўшыся ў газэту. Ну вядома: убачыў артыкул Каменева ды Зіноўева. Наступным імгненьнем Ільліч сьціскае газэціну ў кулаку і пачынае бегаць з канца ў канец пакою.

Кіналенініяна ўбілася ў памяць адрывістымі маналёгамі, у якіх яе герой штосьці пытаецца, абураецца, а потым заразьліва, задзёршы назад галаву, сьмяецца. “А как кулак? Шалит?” – пытаецца Ўладзімер Ільліч у фільме “Ленін у 18-м годзе”. “Инженер Забелин торгует на Блошином рынке спичками!”, – абураецца правадыр у “Крамлёўских курантах”. – “В то время, как мы Россию вздыбили. Стыд, батенька!” “А не мешало бы и расстрелять!”, – заўважае самы чалавечны чалавек пад час тэлефоннай размовы з Дзяржынскім. Нарэшце, стаміўшыся ад усіх гэтых размоваў, выходзіць на сярэдзіну кабінэту, прымружвае вочы і, запіхнуўшы вялікія пальцы рук пад пахі, пранікнёна прамаўляе: “Чертовски хочется работать!”

Папрацавалі бальшавікі ад душы. Яны разбурылі стары сьвет, скасаваўшы ўадначас рэлігійныя, этычныя і юрыдычныя нормы. Расея вярнулася ў архаічна-дакультурніцкі стан, што й засьведчылі савецкія фільмы пра Леніна.
XS
SM
MD
LG