Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўліна Мядзёлка (24.9.1893, м. Будслаў (цяпер Мядзельскі раён) — 13.2.1974, Будслаў)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Аднойчы мяне апанавала жаданьне пагартаць дакумэнты знакамітай і трагічнай справы “Саюзу вызваленьня Беларусі”, сфабрыкаванай у 1930-м у кабінэтах ГПУ. Паколькі на календары была першая палова 1990-х, маё імкненьне не выглядала безнадзейным. Мне нават удалося даволі лёгка трапіць на прыём да кіраўніка ўсемагутнага Камітэту, супрацоўнікі якога ў студэнцкія гады абяцалі вычысьціць мяне з унівэрсытэту і заслаць у салдаты куды-небудзь пад Магадан. Падчас таго візыту я зусім неспадзявана праслухаў ад гаспадара кабінэту, дзе можна было гуляць у футбол, невялікую, але зьмястоўную лекцыю на тэму “Янка Купала і Паўліна Мядзёлка”. Тагачасны кэдэбіст № 1 сп.Г.Лавіцкі пацьвердзіў, што нядаўнія газэтныя публікацыі не зманілі: Мядзёлка сапраўды давала ў “ворганы” інфармацыю на паэта. Але ж яна яго шчыра кахала! А калі б таварышу опэру пісаў бы нехта іншы, бяз кропелькі каханьня... Гэта ж суцэльны жах!

Паколькі ў архівы КДБ мяне ні тады, ні пазьней так і не пусьцілі, пераканацца, што Мядзёлка займалася яшчэ й стукацтвам, я ня здолеў, і гэтая жанчына па-ранейшаму засталася для мяне асобаю легендарнай, шчодра надзеленай разнастайнымі талентамі і нечым падобнай да нашай знакамітай авантурніцы ХVІІІ стагодзьдзя Саламеі Пільштыновай, адно што – надзеленай беларускай сьвядомасьцю й патрыятызмам.

Яна выконвала ролю Паўлінкі ў пецярбурскай прэм’еры Купалавай п’есы, у гады Першай сусьветнай працавала ў дзіцячым прытулку ў Царыцыне на Волзе, а потым была сакратаром Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны. У Менску яна сустракалася з Максімам Багдановічам і княгіняю Магдаленай Радзівіл, у Полацку з Купалам... Нейкі час была замужам за вядомым нацыянальным дзеячам Тамашом Грыбам. Працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Бэрліне, дзе займалася выпускам беларускіх кнігаў; выкладала ў Беларускай гімназіі ў Дзьвінску (цяпер Даўгаўпілсе) і ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, дзе ў 1930-м па яе прыйшлі людзі ў форме ГПУ, але ўжо праз два гады Паўліна стала маскоўскай настаўніцай...

Па вайне Мядзёлка настаўнічала ў школе роднага Будславу, дзе й былі напісаныя ўспаміны “Сьцежкамі жыцьця”, што выйшлі ўжо пасьля сыходу аўтаркі ў іншы сьвет і, нягледзячы на ўмяшаньні цэнзуры й самацэнзуры, сталіся, як і “Авантуры майго жыцьця” Пільштыновай, яскравым помнікам беларускай мэмуарыстыкі.
XS
SM
MD
LG