Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гулевічы: “Як добра ажэнісься й добра з жонкай жывеш — няма лепшага жыцьця”


Зьміцер Бартосік, Гулевічы Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія" (эфір 26 верасьня).

Навошта людзям шукаць магілы сваіх продкаў? Якая ў гэтым карысьць? Напэўна, няма аніякай. Як і практычнага сэнсу. Але, падобна, бяз гэтых пошукаў, бязь веданьня, хто былі твае продкі, мы не зусім паўнавартасныя людзі.

Цёплай жнівеньскаю нядзеляй я ў кампаніі зь пісьменьнікам Уладзімерам Адамчыкам, вядомым як Адам Глобус, паехаў на Капыльшчыну. Пісьменьнік марыў адшукаць магілу свайго дзеда па маці, Уладзімера Глобуса. Зірнуць на свае крэўныя краявіды. Даведацца, хто ж быў ягоны дзед. Мне ж было цікава паўдзельнічаць у гэтых пошуках, бо даўно маю вялікую цікавасьць да ўсяго, што робіць Глобус. Інтрыга нашай выправы заключалася яшчэ ў тым, што вядомае было толькі месца нараджэньня маці пісьменьніка, Ніны Ўладзімераўны Глобус. Вёска Жыліхава.

Жыліхава нас сустрэла безьліччу старых закінутых хатаў, праваслаўным крыжом на ростанях ды купкаю бабулек на лавачцы. Было відаць, што аграгарадка бліжэйшым часам тут не прадбачыцца.

(Глобус: ) “Я зразумеў, што… Археолягі — усім здаецца, што яны выкопваюць мінулае. І мы цяпер едзем, быццам шукаем мінулае. Насамрэч мы шукаем будучыню. А будучыня палохае. Таму, што невядома, хто ён. Я ня ведаю пра яго нічога. А тыя людзі, якія яго бачылі й ведалі, яны пераказвалі не ў станоўчым варыянце. Сям’я ставілася крытычна да яго”.

Старым, як высьветлілася, прозьвішча Глобус было знаёмае.

(Старая: ) “Мо рабіў у Жыліхаве, а жыць… Не было Глобуса. Гэта на Гулевіцкім пасёлку. Там Глобусы былі”.

(Старая: ) “Адна хата ёсьць, а пяць пустых. Во якое Жыліхава. Было багата. У кожнай хаце па пяць ці па сем дзяцей было. А цяпер, ня ведаю, хто там Глобусы. А былі Глобусы”.

Мы вырашылі пайсьці на жыліхаўскія могілкі. А раптам там ёсьць магілы Глобусаў? Але натрапілі на зусім іншае, ня менш загадкавае беларускае прозьвішча.

(Карэспандэнт: ) “Пілат. Як табе прозьвішча?”

(Глобус: ) “Сьцяпан Пілат. А тут Ульляна Пілат. Ну, калі ёсьць Глобус, дык і Пілат павінен быць. Лацінскае таксама”.

Могілкі былі не нашмат прыгажэйшыя за жывую частку Жыліхава. Вельмі шмат зарослых, безыменных магілаў. Увагу прыцягнулі дагледжаныя грудкі бяз помнікаў, але з высаджанымі на іх кветкамі.



(Глобус: ) “Людзі даглядаюць, прыносяць яблыкі, кветкі. О, скочкі садзяць. Гэта традыцыйна ў Беларусі. Гэтымі скочкамі ўпрыгожваюць магілы нехрышчоных дзяцей, на якіх ня ставіцца крыж. Выкладаўся крыж з гэтых скочак. Таму, гэта можа быць магіла нехрышчонага дзіцяці”.

На нашых могілках, калі глядзець на мову эпітафіі, ляжаць збольшага палякі й расейцы. Таму кожная магіла, аформленая па-беларуску, вылучаецца з астатніх.

(Глобус: ) “О, Ліда Раманаўна Ваўчок”.

(Карэспандэнт: ) “Па-беларуску. Ня ўсё згублена ў нацыі”.

Так што беларускую мы знайшлі магілу.

Не адшукаўшы ў Жыліхаве Глобусаў, мы вырашылі ехаць у пасёлак Гулевічы. Гэта маленечкая вёсачка прытулілася ля самай трасы. Уздоўж адзінай гулевіцкай вуліцы стаялі маўклівыя дамы. Здавалася, што тут увогуле ніхто не жыве.

(Глобус: ) “Тут ужо краявід падобны на мяне. Траса, якая вядзе ў вялікія гарады, і закуток. Мне тут падабаецца. Тут нешта больш роднае. Яблыні, хаткі нашыя беларускія недагледжаныя, што ўжо выглядае экзотыкай крыху. Зараз знойдзем якога старога”.

Жывога чалавека мы знайшлі каля апошняй хаты. Прыгожы моцны стары з вусамі і ў бэйсболцы курыў каля весьніцаў. Былы конюх Павал Данілавіч.



(Карэспандэнт: ) “Вы ня ведаеце, Уладзімер Глобус жыў тут?”

(Стары: ) “Жыў. У тым канцы”.

(Карэспандэнт: ) “А цяпер хата пустая стаіць?”

(Стары: ) “Пустая”.

(Карэспандэнт: ) “А што за чалавек быў?”

(Стары: ) “Хітры”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе ён рабіў?”

(Стары: ) “Па гарадах цягаўся трохі, разоў пяць жаніўся. Тут ад яго першая дачка. Жонку пакінуў. Ён быў афіцэрам. Удзельнік фінскай вайны. А хто вы будзеце?”

(Глобус: ) “Я ўнук Глобуса”.

На гулевіцкіх могілках, куды нас павёў Павал Данілавіч, мы неўзабаве знайшлі не адну магілу з прозьвішчам Глобус.



(Карэспандэнт: ) “Уладзімер Рыгоравіч Глобус”.

(Глобус: ) “Во ён! Так доўга я ехаў. Доўга. Але ж галоўнае — даехаць. Праўда?”

(Карэспандэнт: ) “Што ты адчуваеш? Стоячы над магілай з тваім прозьвішчам родавым, дзе ляжыць чалавек, якога ты ніколі ня ведаў?”

(Глобус: ) “Не. Чалавека я ніколі ня бачыў. Гэта крышку іншае. Я ведаў гісторыі, якія зь ім зьвязаныя, сямейныя. Але я быў упэўнены, што раней ці пазьней я сюды прыеду. Калі гэта здарылася, то так і павінна быць. Павінен чалавек ведаць, дзе пахаваны яго дзед, дзе пахаваная яго прабаба. І калі ёсьць магчымасьць… Канечне, гэта трэба было рабіць хутчэй. Але прысьпешваць такія падзеі таксама ня варта”.

(Карэспандэнт: ) “Трэба высьпець?”

(Глобус: ) “Так. Таму, што гэта ж не паказушная зьява. Мы з табой зьбіраліся, мы гаварылі пра гэта гады тры. Ну вось прыехалі”.

Пакуль Уладзімер курыў каля магілы, я разгаварыўся са старым конюхам.

(Павал: ) “Тут жылі ўсе парабкі Вайніловічавы. Пана Вайніловіча. Землі пана Вайніловіча. Нядаўна, гады чатыры-пяць, сад выкарчавалі Вайніловічаў. А то і сад сядзеў яго”.

(Карэспандэнт: )“А што казалі старыя людзі пра Вайніловіча? Што за пан быў?”

(Павал: ) “Зь бізуном хадзіў. Калі правінісься — дасьць бізуна, а калі хораша робіш — не пакрыўдзіць ніхто. А так нічога. Даваў жытло. Былі баракі тамака. Гэта не за маёй памяцьцю, канечне. Гэта мой дзед расказваў, Навум. Ён яго фурманам быў. Вазіў на конях, па палетках. А на пагулянках ці на якія нарады быў спэцыяльны, другі”.

Гэтыя землі сапраўды належалі Эдварду Вайніловічу, сялянскаму асьветніку й фундатару “Нашай Нівы”. Большую частку жыцьця пан Вайніловіч правёў у Сьляпянцы пад Менскам. Калі хто і хадзіў тут зь бізуном, дык толькі ня ён, а які-небудзь мясцовы аканом. Сам стары Павал да гэтае пары трымае каня, які прыносіць прыбытак — большы за пэнсію. Зрэшты, астатнія жыхары Гулевічаў, спрэс пэнсіянэры, таксама працуюць на сваіх гаспадарках, не спадзеючыся на лепшае жыцьцё. Абы горшага не было.

Алене, першай жонцы Ўладзімера Глобуса, — 97 гадоў. І яна да гэтай пары жыве ў Гулевічах. Жвавая старая сама выйшла да гасьцей.



(Карэспандэнт: ) “Каб дажыць да 97 гадоў, што трэба рабіць?”

(Алена: ) “Ня ведаю. Больш за мяне ніхто не работаў. Работаю. А што я цяпер магу? І я што магу — не сяджу”.

У свае гады старая Алена мае жывыя вочы й даволі ясны розум. Прынамсі, пра даўнія падзеі распавядае як пра ўчорашнія.

(Алена: ) “Пагуляў. То з адной, то з другой. І я яго кінула. Сярэдняга росту. Не на вас падобны. Прыгожы хлопец быў. Быў вельмі разумны. Па жыцьці сапсаваўся. Я ўжо яго не захацела. Я абрала іншага сабе”.

(Карэспандэнт: ) “А што самае галоўнае ў жыцьці?”

(Алена: ) “Калі добра ажэнісься й добра з жонкай жывеш. Няма лепшага жыцьця”.

Наступным нашым суразмоўцам быў Аленін зяць, стары Зінкевіч. Ён ацаніў мэту нашай вандроўкі.



(Зінкевіч: ) “Калі нехта цікавіцца сваёй раднёй і даражыць — канечне, гэта вельмі важна. Гэта гаворыць аб памяці пакаленьня свайго, якое мы павінны паважаць. Якое б яно ні было — кепскае, нікчымнае... Але гэта радня. Вось што важна — калі нехта даражыць сваёй раднёй”.

Калі мы вярталіся ў Менск, неба цалкам ачысьцілася ад аблокаў. Надвор’е адпавядала настрою.

(Глобус: ) “Магу параіць кожнаму чалавеку — шукаць. Вельмі радасная падзея. Нечакана радуесься ня толькі ты. Калі мы гаворым пра Дзяды, мы іх успрымаем у мінорным кантэксьце. А гэта не заўсёды правільна. У традыцыі славянаў быў элемэнт радасьці. Сабраліся ўсе сваякі, абняліся, селі за адзін стол. Мы павінны ведаць, што радасьць не бязьмежная й нашы плачы не бязьмежныя. Усё павінна быць у межах”.
XS
SM
MD
LG