Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімафея Дранчука перавялі ў менскую калёнію


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывіста “Партнэрства” Цімафея Дранчука перавялі ў менскую калёнію, дзе раней адбывалі пакараньне Андрэй Клімаў, Міхаіл Марыніч, Аляксандар Васільеў ды іншыя апазыцыянэры. Што вядома пра менскую калёнію?

Пра тое, што актывіста незарэгістраванай арганізацыі Цімафея Дранчука перавялі ў менскую калёнію №1, паведаміў 28 верасьня бацька актывіста Валер Дранчук. Пра гэта ён даведаўся сёньня раніцай ад супрацоўнікаў Менскага сьледчага ізалятару, дзе пасьля суду трымалі ягонага сына.

(Валер Дранчук: ) “Я ішоў на спатканьне, а мне на заяве напісалі, што сын накіраваны ў папраўчую калёнію №1. У выніку спатканьня не адбылося. Я пачаў адразу высьвятляць, бо папярэдне казалі, што накіруюць яго ў калёнію “Віцьба-3” пад Віцебскам. Гэта, відаць, зьмянілі проста ў апошнюю хвіліну”.

У менскай калёніі пацьвердзілі, што Цімафей Дранчук накіраваны да іх.

Нагадаю, Цімафей Дранчук быў асуджаны на 1 год пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Маладога актывіста арыштавалі сёлета ў лютым, і за кратамі яму яшчэ знаходзіцца паўгоду. Якія ўмовы чакаюць Цімафея Дранчука ў менскай калёніі?

Раней у гэтай калёніі адбывалі пакараньне актывіст моладзевага руху Аляксей Шыдлоўскі, дэпутаты Вярхоўнага Савету Мікалай Кудзінаў і Андрэй Клімаў, былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч. Нядаўна выйшаў зь менскай калёніі намесьнік старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў з Горадні. Паводле Аляксандра Васільева, менская калёнія лічыцца ўзорнай сярод падобных установаў.

(Васільеў: ) “У 1-й калёніі больш-менш нармальна. Прыкладам, там чыста ў сталоўцы. Калі параўнаць з калёніяй у Воршы, дзе я спачатку быў, там сталовая ўвогуле як сьвінарнік. Іншыя побытавыя ўмовы таксама нядрэнныя. Ёсьць, аднак, пытаньне з турэмнай крамай, у якой прадаюць розны, як мы лічым, левы тавар”.

Аляксандар Васільеў паведаміў, што ў 10-м атрадзе, дзе ён знаходзіўся, у пакоі быў тэлевізар. Вязьні атрымлівалі газэты, калі на іх падпісаліся. На турэмную ежу Аляксандар Васільеў ня скардзіўся, але казаў, што без харчовых пасылак з волі захаваць здароўе ў калёніі немагчыма.

Частка вязьняў менскай калёніі працуе: зьбіраюць мэблю і робяць іншыя вырабы з дрэва, ёсьць таксама ўчастак частковай зборкі кабінаў трактараў “Беларус”. Вядома, што на гэтым участку працуе былы гендырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў, якога ў 2003 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня за крадзеж некалькіх мільёнаў даляраў.

Былы вязень менскай калёніі, экс-міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч раней згадваў, што адміністрацыя і супрацоўнікі калёніі імкнуцца роўна ставіцца да ўсіх асуджаных — у тым ліку й тых, хто трапіў за краты з палітычных прычынаў. Што да саміх вязьняў, то, паводле Міхаіла Марыніча, іхнае стаўленьне да “палітычных” звычайна паважлівае.

Разам зь Цімафеем Дранчуком чакаў адпраўкі ў калёнію лідэр “Партнэрства” Мікола Астрэйка. Яго, паводле зьвестак бацькоў, накіруюць у калёнію ў Магілёве. Між тым, сёньня Мікола Астрэйка яшчэ знаходзіўся ў Менскім сьледчым ізалятары, паведаміла “Свабодзе” ягоная маці Яўгенія. Міколу Астрэйку асудзілі на 2 гады калёніі.
XS
SM
MD
LG