Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва супраць павышэньня коштаў на візы для беларусаў да 60 эўра


Тацяна Поклад, Вільня Паводле рашэньня Рады Эўразьвязу, ад 1 студзеня 2007 году маюць павялічыцца да 60 эўра кошты на візы ў краіны Эўразьвязу для гэтак званых "трэціх краінаў", у тым ліку для Беларусі. Сёньня ў літоўскім Сойме ў часе нарады з прадстаўнікамі ураду па ініцыятыве дэпутата Вацлава Станкевіча абмяркоўваліся захады Літвы з мэтай супрацьстаяць гэтаму рашэньню і не павялічваць кошты на візы для беларусаў.

Міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас заявіў сёньня, што Літва ўздымала і цяпер уздымае пытаньне пра тое, што Рада Эўразьвязу павінна перагледзець сваё рашэньне павысіць візавыя тарыфы сваім суседзям да 60 эўра.

(Вайцякунас: ) “Насамрэч, эўрапейская цывілізацыя дасылае гэткім чынам нэгатыўны сыгнал – ня толькі урадам, але й кожнаму чалавеку з краінаў па-за межамі Эўразьвязу. Гэта як бы паказвае, што Эўропа паварочваецца сьпіной да сваіх суседзяў, – хаця насамрэч гэта ж ня так.

Я прыкладаў і буду прыкладаць усе намаганьні, каб гэтае рашэньне адмяніць. У прынцыпе, няслушны падыход для Эўразьвязу – рабіць бізнэс на візах для суседзяў. Я лічу, што правільная пазыцыя Літвы – 5 эўра за візы ў Беларусь, альбо і зусім бясплатныя, што перадае ясны сыгнал нашым суседзям – мы вашы сябры, мы вас чакаем, мы працягваем вам нашу руку для супрацоўніцтва”.

Міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас сказаў таксама сёньня у літоўскім Сойме ў часе “ўрадавай гадзіны”, што абмяркоўваў пытаньне новых візавых тарыфаў і ў часе сустрэчаў з калегамі-міністрамі з Эўразьвязу, і ў часе двухбаковых перамоваў.

Прэм''ер-міністар Літвы Гедымінас Кіркілас паведаміў сёньня дэпутатам, што Літва не прымірыцца з гэтым рашэньнем Эўразьвязу.

(Кіркілас: ) “Ня толькі не прымірымся, але і паўсюдна цяпер ініцыюем і ўздымаем гэтае пытаньне. Я гаварыў пра гэта з прэм''ерам Фінляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, таксама і на нядаўняй канфэрэнцыі Бэрліне. Мы кажам пра тое, што ёсьць шэраг краінаў – не сябраў Эўразьвязу, якія карыстаюцца нават палёгкамі ў Шэнгенскай зоне, – прэцэдэнты ёсьць. І Беларусь, і Ўкраіна – эўрапейскія краіны. А калі мы закрыем мяжу зь Беларусьсю – мы толькі закансэрвуем тамтэйшы рэжым”.

Літоўскі прэм''ер заклікаў парлямэнтароў праводзіць актыўную працу на міжнародным узроўні, каб не дапусьціць увядзеньня павышаных візавых тарыфаў на візы для Беларусі.

Адпаведны запыт у Сойме ў часе нарады з прадстаўнікамі ураду зрабіў сябра парлямэнцкага камітэту замежных справаў Літвы Вацлаў Станкевіч, які заявіў, што кошты на візы у памеры 60 эўра будуць ударам па беларускай дэмакратычнай апазыцыі, гэта прынясе вялікую шкоду звычайным грамадзянам абедзьвюх краінаў.

Вацлаў Станкевіч падкрэсьлівае, што гэта не адпавядае ні інтарэсам Беларусі, ні нацыянальным інтарэсам Літвы і яе эканомікі. В.Станкевіч сказаў нашаму радыё пасьля абмеркаваньня ў Сойме:

(Станкевіч:) “І таму нашыя ўрадавыя інстытуцыі актыўна працуюць, але ім патрэбная нашая дапамога – ад парлямэнтароў. Таму сёньня ў пісьмовай форме я прапаную старшыні камітэту замежных справаў у бліжэйшыя дні арганізаваць дыскусію па гэтым пытаньні ў Сойме Літвы. Мы павінны будзем прыняць рэзалюцыю і заклікаць нашых калегаў з парлямэнта Эўразьвязу, каб яны зразумелі, што такія высокія тарыфы на візы для нашых суседзяў зь Беларусі не адпавядаюць нашым інтарэсам. Магчыма, прымем яшчэ і іншыя пастановы, такая дыскусія вельмі патрэбная, каб наш камітэт парлямэнцкі таксама ўлучыўся ў гэтую супольную працу”.

Паведаміў нашаму радыё дэпутат літоўскага Сойму, сябра парлямэнцкага камітэту замежных справаў Вацлаў Станкевіч.
XS
SM
MD
LG