Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліку Борыс выклікалі на допыт 77-ы раз


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў аддзел дазнаньня Ленінскага раённага ўпраўленьня Горадні выклікалі Анжаліку Борыс. Яна ўзначальвае не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў. Сьледчую Натальлю Гайдаш цікавіла яе дзейнасьць на чале гэтай арганізацыі.

Анжаліка Борыс, атрымаўшы чарговую позву, наведвае кабінэты сьледчых — прычым, лічыць колькасьць выклікаў. Яна гаворыць:

(Борыс: ) “Сёньня мяне зноўку, ужо семдзесят сёмы раз, выклікалі на допыт. Я адмовілася даваць паказаньні. Пытаньне датычыла маёй цяперашняй дзейнасьці: чаму я арганізую мерапрыемствы Саюзу палякаў?”

Анжаліка Борыс гаворыць, што для яе гэта бессэнсоўнае пытаньне: паўтара году таму яе абралі кіраўніцай Саюзу палякаў дэлегаты зьезду, таму яна й займаецца гэтай дзейнасьцю. Спадарыня Борыс мяркуе, што ёй няма чаго тлумачыць міліцыянтам.

Сёньня ж у пастарунак выклікалі актывіста Саюзу палякаў Веслава Кеўляка, а напярэдадні — актывіста арганізацыі Мечыслава Яскевіча. У спадара Кеўляка, у прыватнасьці, цікавіліся выхадам газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie”.

Заўтра на 9 раніцы на допыт выклікалі заснавальніка Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна, ён ужо атрымаў позву.
XS
SM
MD
LG