Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга Ўладзімера Коласа “Лёс ліцэя"


Радыё Свабода У санкт-пецярбурскім выдавецтве “Невский простор” накладам 1000 асобнікаў выйшла кніга “Лёс ліцэя”. Аўтар — Уладзімер Колас, пэдагог, дырэктар Нацыянальнага гуманiтарнага лiцэю імя Якуба Коласа, лiквiдаванага беларускiмi ўладамi. Менская прэзэнтацыя кнігі чакаецца ў кастрычніку.

Фактычна кніга пачалася з прапановы Ўладзімеру Коласу ад Радыё Свабода запісаць шэраг перадачаў у цыклі “Сучасныя мэмуары”. Гэта было ў час, калі ўлады закрывалі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Пазьней прыйшла ідэя перапрацаваць мэмуары і падрыхтаваць кнігу аўтабіяграфічных запісаў. Рэдактарам кнігі быў Сяргей Дубавец, апублікаваць яе дапамог брат Уладзімера Коласа, вядомы выдавец Зьміцер Колас. Сярод першых чытачоў кнігі — палітвязень Аляксандар Казулін. Спадар Колас праз родных перадаў яму кнігу ў турму.

(Колас: ) “Сапраўды, Казулін спрычыніўся да стварэньня ліцэю самым актыўным чынам, і гэта павінна яму залічыцца ў любым выпадку, як і ўсім астатнім, хто спрычыніўся да ліцэю”.

Распавядаючы пра 15-гадовую гісторыю гуманітарнага ліцэю, аўтар у апошнім разьдзеле піша пра галоўныя ўрокі ягонай дзейнасьці:

(Колас: ) “Самая важная выснова ўсёй гэтай справы, ліцэю — што беларусы могуць зьбірацца разам і рабіць нейкую станоўчую стваральную працу. Гэта галоўная падстава для аптымізму. І яшчэ, што для нас вельмі важна сёньня, — гэта выніковасьць нашых дзеяньняў”.

Нядаўна ліцэй пачаў новы навучальны год, у складаных паўпадпольных умовах:

(Колас: ) “Працягваем у меру магчымасьцяў займацца сваёй справай, дапамагаць нашым навучэнцам, якія ня хочуць адрывацца ад ліцэю, набываць веды, каб пасьпяхова здаваць экстэрнам іспыты на атэстат сталасьці і ўступныя іспыты ў ВНУ Беларусі, Эўропы і ЗША. І каб гэтыя гады жыцьця ў ліцэі не прайшлі для ліцэістаў марна, каб зь імі былі зьвязаныя самыя цудоўныя ўспаміны”.
XS
SM
MD
LG