Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Віка Мароз мусіць вярнуцца на Радзіму (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта заявіў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў. Паводле яго словаў, пазыцыя беларускага боку ў гэтым пытаньні не зьмянілася. Нагадаем, што Алесандра Джуста і Марыя Барначын зь мястэчка Кагалета, што пад Генуяй, апошнія гады прымалі ў сябе Віку. Сёлета яны адмовіліся вяртаць дзяўчынку, бо лічаць, што ў Вялейцы дзяўчынка церпіць фізычны і псыхалягічны гвалт.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў сёньня адзначыў, што пазыцыя афіцыйных уладаў застаецца нязьменнай:

(Папоў:) "З учорашняга вечару амбасадар Беларусі ў Італіі спадар Скрыпко шчыльна працуе з праваахоўнымі органамі гэтай краіны у справе арганізацыі працэдуры вяртаньня нашай грамадзянкі ў Рэспубліку Беларусь бяз усялякіх папярэдніх умоваў. Называць нейкія канкрэтныя тэрміны яе вяртаньня нам не хацелася б. Работа ў гэтым кірунку вядзецца".

Журналісты пацікавіліся, як будзе юрыдычна аформленае вяртаньне беларускай дзяўчынкі.

(Папоў: ) “Мы не варожым на каве наконт таго, як будзе працэсуальна вырашанае гэтае пытаньне. Амбасадар Скрыпко мае адпаведныя паўнамоцтвы ў рамках пазыцыі Рэспублікі Беларусь. Пра яе мы ўжо некалькі разоў гаварылі: дзяўчынку мусяць вярнуць у нашую краіну, каб выканаць рашэньні судовых органаў Італіі”.

Ці можа прэцэдэнт зь Вікай Мароз паўплываць на беларуска-італьянскія дачыненьні? Спадар Папоў адказвае:

(Папоў: ) “Я хацеў бы ўхіліцца ад якіх-небудзь высноваў. Мы чакаем вырашэньня гэтай сытуацыі ў існых прававых рамках”.
XS
SM
MD
LG