Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сёньня пішуць беларускія газэты?


Юлія Шарова, Менск Расьсьледваньнямі нядаўніх забойстваў двух беларускіх студэнтаў у Злучаных Штатах увогуле ніхто не займацца, лічаць сваякі ахвяраў. “Народная воля” прысьвячае гэтай тэме асобны артыкул.

Студэнт Беларускага навукова-тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксей Васілеўскі загінуў ў чэрвені гэтага году ў горадзе Ўэлс штату Мэн, яго забілі ўдарам нажа ў шыю. А 7 верасьня ў Чыкага была забітая 21-гадовая Марыя Ўдавічэнка. За тры месяцы зь дня забойства Аляксея бацькі гэтак і не даведаліся пра афіцыйнымі вынікі расьсьледаваньня. Спачатку паліцэйскія штату Мэн лічылі найбольш верагоднай вэрсію самазабойства. Аднак тыя, хто ведаў хлопца, цьвердзяць, што ён ня меў на гэта прычынаў.

У шэрагу школаў Берасьцейскай вобласьці вучні ўсё яшчэ не атрымалі падручнікі, паведамляе “Вечерний Брест”. Новыя тэмы па матэматыцы, фізыцы, хіміі, біялёгіі, інфарматыцы выкладчыкі тлумачаць толькі на кляснай дошцы, і добра, калі на кожную парту ўдаецца пакласьці хаця б адзін падручнік. Яго па чарзе носяць дадому аднаклясьнікі. Сёлета ў сьпіс падручнікаў, якіх бракуе, трапілі й хрэстаматыі па беларускай літаратуры. Сярод прычынаў дэфіцыту – недастатковыя наклады кніжак. Падручнікі друкуюць амаль дакладна ў разьліку на чаканую колькасьць вучняў, ня ўлічваючы, што нехта пераяжджае, а нехта папросту губляе кніжкі.

У Воршы адновяць адзіны ў Беларусі пячорны храм, паведамляе “Наша ніва”. Рэшткі пячорнага храму былі знойдзеныя яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя пад падмуркам Багаяўленскага сабору. Знайшлі іх манахі Куцеінскага Багаяўленскага манастыра. Маленечкая, плошчай каля 11 квадратных мэтраў, пячорная падземная царква сьвятога Лазара ня мае аналягаў у Беларусі, затое ў драбніцах падобная да храмаў, знойдзеных археолягамі ў Чарнігаве.

Таксама ў “Нашай ніве” можна прачытаць пра сёлетнія прыгоды бульбы. У Беларусі яна прамокла – ураджайнасьць вагаецца ад 149 да 226 цэнтнэраў з гектару. Аднак праблемы з бульбай будуць ня толькі ў беларусаў. У Эстоніі недабор ураджаю складае каля 50 адсоткаў. У Латвіі бульба згарэла ад надзвычайнай сьпёкі. А вось у Азербайджане бульба пацярпела ад нашэсьця палёвак.
XS
SM
MD
LG