Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менску будуць судзіць польскага ксяндза


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Менску адбудзецца суд над каталіцкім сьвятаром Антоніем Кочкам. 78-гадовы ксёндз правёў набажэнства ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены без дазволу дзяржаўных уладаў. Яго абвінавацілі ў парушэньні закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”.

Антоній Кочка – грамадзянін Польшчы, але нарадзіўся ў Беларусі і апошнія 15 гадоў служыў у вёсцы Замосьце Слуцкага раёну. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, людзі ў цывільным затрымалі сьвятара і склалі на яго пратакол адразу ж пасьля імшы. Бо на правядзеньне набажэнства грамадзянін іншай краіны мусіў мець дазвол Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. У кіраўніцтве камітэту заяўляюць, што да інцыдэнту ня маюць ніякага дачыненьня. Гаворыць намесьнік старшыні камітэту Ўладзімер Ламека.

(Ламека: ) “Каб у нас былі афіцыйныя паперы, то яны б ішлі праз кіраўніцтва. Я не валодаю гэтай сытуацыяй, а таму не магу даць вам ніякі камэнтар”.

Гаварыў намесьнік старшыні Камітэту ў справах рэлігіяў Уладзімер Ламека. Але парафіяне ў Чырвоным касьцёле кажуць, што падчас затрыманьня сьвятара прысутнічалі прадстаўнікі розных галінаў улады. Гаворыць адна з супрацоўніцаў касьцёлу, якая не пажадала называць сваё імя.

(Супрацоўніца: ) “Тут і міліцыя была, і з гэтага Камітэту ў справах рэлігіяў”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, што ён нешта парушыў?”

(Супрацоўніца: ) “Мы лічым, што не. Пэўна, не зарэгістраваўся. Дык што ён тут парушыў гэтакае?”

У Чырвоным касьцёле таксама паведамілі, што Антоній Кочка хварэе на цукровы дыябэт і моцна ўсхваляваны здарэньнем. Але ў кіраўніцтве каталіцкага касьцёлу нейкія падрабязнасьці ў справе сьвятара паведаміць адмаўляюцца. Ксяндзы, на якіх ускладзены абавязак кантактаў з журналістамі, гаварыць на гэтую тэму таксама не жадаюць. Камэнтуе намесьнік кіраўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

(Гулак: ) “Сытуацыя такая, што чыноўнікі ня хочуць браць ня сябе адказнасьць нават за тое, каб пракамэнтаваць тую ці іншую праблему. А рэлігійная арганізацыя, у гэтым выпадку, ня хоча нічога камэнтаваць, я так разумею, каб не псаваць адносіны з уладамі. Бо, да прыкладу, пратэстанцкія суполкі, якія ўжо ня маюць спадзяваньняў на супрацоўніцтва з уладамі, яны адкрыта выказваюцца і крытыкуюць дзеяньні ўладаў. А тыя рэлігійныя супольнасьці, якія яшчэ на нешта спадзяюцца, яны выбралі тактыку маўчаньня. На маю думку, гэта ні да чаго добрага ўсё роўна не прывядзе. Гэта не нармалёвае жыцьцё краіны, а гэта проста спосаб выжыць у сёньняшняй складанай сытуацыі”.



Паводле існуючай традыцыі, каталіцкі сьвятар павінен адслужыць службу кожны дзень. Сьвятары маюць спэцыяльныя пасьведчаньні, і, вандруючы па сьвеце, могуць у любой краіне зайсьці ў любы каталіцкі храм любога абраду і адслужыць там імшу. У апошнія месяцы Менскі гаспадарчы суд прыняў рашэньне аб прымусовым продажы будынку пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, ліквідаваў пратэстанцкую суполку “Запавет Хрыста”, а пастар царквы “Ратаваньне” у Баранавічах Сяргей Пазьняковіч быў аштрафаваны на чатыры мільёны рублёў за масавае хрышчэньне. Сёлета Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў справаздачу “Усясьветная свабода рэлігій 2006”. У дакумэнце канстатуецца, што ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца права на свабоду веравызнаньня.

XS
SM
MD
LG