Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы з мужам круглыя сіраты, былыя выхаванцы спэцыяльнага дзіцячага дому..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 27 верасьня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку

(Спадар) “Адказваю на пытаньне тыдня. Калі недзе ў цывілізаванай краіне знайшлася сям’я, якая гатова прыняць дзіця ў якасьці сына ці дочкі, трэба ня толькі не перашкаджаць гэтаму, а максымальна садзейнічаць. Самае галоўнае максымальна ўлічыць інтарэсы дзіцяці. Ня верыцца, што ўмовы Вялейкага дзіцячага дому лепшыя за ўмовы жыцьця італьянскай сям’і. І яшчэ. Відавочна, што бюракратычная цяганіна ва ўдачарэньні настолькі стаміла, што італьянская сям’я адважылася на такі крок. Ня варта краіне, якая патрабуе павагі да сябе, раздуваць з дробязі міжнародны скандал. Дзякуй.”

(Ларыса зь Менску) “У нашага ўрада падвойныя стандарты. Калі пасьля выбараў яны не былі заклапочаныя лёсам моладзі, якая выказвала свае думкі, каб у краіне палепшылася жыцьцё нашых грамадзян і таксама дзяцей, то іх звальнялі з ВНУ, і гэтая моладзь была вымушаная ехаць на вучобу на Захад. Яны ў большасьці сваёй ня вернуцца на радзіму. Тут была поўная маўчанка. А калі Віка Мароз выказала жаданьне застацца ў Італіі ў прыёмных бацькоў, дык “разгарэўся сыр-бор.” Калі яна ня хоча вяртацца ў дзіцячы дом, дык яна мае на гэта падставу. Дзіцячы дом ніколі не заменіць бацькоў, а яна знайшла там тое, чаго ёй не хапае. Гэта ласка. І я ўпэўненая, што яна павінна там застацца, бо калі тут яе лічаць адсталай у сваім разьвіцьці, то там яна разаўецца, бо там зусім іншыя ўмовы жыцьця. Тым больш, што “прыёмныя бацькі” не ўпершыню бачаць дзяўчынку і хацелі яе ўдачарыць. І калі дзеці ня хочуць вяртацца, дык нашаму ўраду і прэзыдэнту ёсьць над чым падумаць. А дзеці, якія могуць паехаць на аздараўленьне ў Італію, павінны ехаць, ня гледзячы на тое, што Віка ня хоча вяртацца. У нашым заканадаўстве ёсьць такое, што, калі бацькі разводзяцца, дык у дзіцяці пытаюцца, зь кім яно хоча застацца: з бацькам ці з маці. Вось Віка і зрабіла свой выбар.”

(Спадарыня: ) “Апошнім часам мы ў сваіх тэлефанаваньнях, кажучы пра тыя ці іншыя падзеі альбо адказваючы на пытаньне тыдня, абвінавачваем прэзыдэнта. Але ёсьць цэлы шэраг кіраўнікоў пры прэзыдэнце, якія таксама павінны адказваць за падзеі ў краіне. Але іх не чуваць і не відаць. Якую справу яны робяць, каб палепшыць дабрабыт нашага народу? Свой дабрабыт яны паляпшаюць кожны дзень, будуючы катэджы, атрымліваючы добрыя грошы і ўладкоўваючы сваіх дзяцей за мяжой. Чаму не чуваць іх выступаў і меркаваньняў, калі Лукашэнка ўносіць тую ці іншую прапанову, каб зьмяніць закон? А яны толькі пагаджаюцца зь ім і падпісваюць дакумэнт. Мы павінны ў тым, што абіраем такіх дэпутатаў. Таму цяпер, калі будуць выбары ў мясцовыя саветы, усё залежыць ад нас,простага народу. Бо карупцыя за 15 гадоў не паменшылася, як нам абяцалі.”

(Анастас Семяновіч) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабоды! Добры дзень! На пытаньне тыдня што можна адказаць лукашыстам? Вельмі моцна закранула самалюбства. Бо якая там тая сірата малая, гэта значыць, унучка Віка Мароз, ня хоча вяртацца ў бедную Беларусь! Я такою унучкай толькі б ганарыўся. Вялікі ёй дзякуй за гераічны подзьвіг. Не ўсялякі дарослы “дзядзя” гатовы да такога подзьвігу, амаль што. А Вам, мама і бацька зь Італіі, вялікі дзякуй, што Вы вырашылі ўдачарыць такую дзяўчынку, гэта гонар будучай Італіі. Што можна параіць лукашыстам? Каб маленькія дзяўчынкі і хлопчыкі не прасілі ў іншых краінах, каб іх пакінулі ў сябе чужыя маці і бацькі. Для гэтага патрэбна вельмі мала. Трэба дзецям стварыць нармальныя ўмовы жыцьця, тым больш, што яны сіраты. Калі Вы ня можаце стварыць нармальныя ўмовы дзецям, то радуйцеся, што іх хочуць усынавіць іншыя маці і бацькі замежных дзяржаў. Дзякую за ўвагу.”

(Спадарыня) “Паважаная “Свабода”! Віцы Мароз выпала вялікае шчасьце вырасьці дастойным чалавекам у італьянскай сям’і. Мы з мужам круглыя сіраты, былыя выхаванцы спэцыяльнага дзіцячага дому з 1944 па 1959 год. Нашыя бацькі загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Нам добра вядомы казённа-казарменны рэжым гэтых устаноў, дзе адсутнічае любоў, свабода, сямейнае цяпло і хатняя ўтульнасьць. Колькі гора, пакутаў і зьняваг прыйшлося нам вынесьці на жыцьцёвым шляху, самастойна пераадольваючы ўсе цяжкасьці ў жыцьці бяз бацькоўскай падтрымкі і дзяржавы. Мы нікому не былі патрэбныя тады, а тым больш у старасьці. Такі ж лёс чакае Віку ў Беларусі. Горкі кубак сіроцтва нам давялося выпіць да дна. Да гэтага часу дзяржава не прызнае нас членамі сямей нашых загінуўшых бацькоў, якія аддалі сваё жыцьцё за свабоду і незалежнасьць сваёй краіны. Як жа можна патрабаваць вяртаньне ў рэспубліку дзіцяці, якое спазнала радасьць бацькоўскага клопату італьянскай мамы і таты, якія далі Віцы цяпло і ўпэўненасьць у шчасьлівым будучым? Бо ў нашай краіне не вырашаюцца сіроцкія праблемы, мы гэта ведаем на сабе. Шчасьця і ўсяго добрага табе, Віка, і тваім мужным і высакародным італьянскім маме і тату.”

(Спадар) “Нядаўна паглядзеў перадачу па беларускім тэлебачаньні пра тое, як быў адкрыты храм, дзе наш любімы прэзыдэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падараваў звон і як ён званіў. Цяпер бяды ня будзе. Калі Лукашэнка ня будзе прэзыдэнтам, то ён будзе тады добрым званаром. Напэўна, яго возьмуць, бо ён патрыярху падараваў званьне “Героя Беларусі.” Толькі за чые грошы ён зрабіў гэты звон?”

(Ніна Ермалінская з Салігорску) “Дарагая рэдакцыя Радыё Свабоды. Лічу, што за Віку Мароз нам трэба ўсім парадавацца. Нарэшце, сірата-дзяўчынка знайшла для сябе дом за мяжой. Калі мне споўнілася пяць гадоў, памерла мая мама. Бацька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў моцна паранены на фронце і часта хварэў. Зь сям’і ў мяне быў толькі брат і тата, і так хацелася, каб яшчэ была і мама. Таму я добра разумею Віку і яе жаданьне мець бацькоў і сям’ю. Нашыя ўлады не павінны ствараць дзяўчынцы ніякія перашкоды.”

(Спадар) “Вось ад пачатку вайны я трапіў адразу ў Віцебскі дзіцячы дом. Праз чатыры дні яго эвакуавалі ў паўночны Казахстан, і я там трапіў у дзіцячы дом у лесгас №2. Холад, сьцюжа, ад сьпёкі ў такое сьцюдзёнае надвор’е. І вось у гэтым холадзе што было?..Пацаны лавілі мышэй, напрыклад, іх смажылі…Я памятаю, мяне пасадзілі ў такі карцэр, кладоўку нейкую, за тое, што я паёк хацеў схапіць…Парадкі былі такія, што дзетдомаўцы былі зь Ліпецку, а былі і з Белай Царквы, з Украіны, дык яны ліхвярамі былі. Адзін хлопец павінен быў другому 124 пайкі другому. Давалі паўпайкі за пайку. У другім дзетдоме ў 5-й клясе там наагул “цёмныя” рабілі. А ў дзіцячым разьмеркавальніку на станцыі Шаркаш у Сьвярдлоўску дык там зусім палкамі гналі. Усе гэтыя крымінальныя, як кажуць, парадкі яны і цяпер існуюць. Ну, можа палак няма…Але і “цёмныя,” і што толькі ня робяць. Дык што ж Віку Мароз у гэтыя ўмовы зноў загнаць?! Няхай Ганна Соўсь ці Ганна Сурмач, жанчыны са “Свабоды,” прыедуць і паглядзяць на тую дзяўчынку. Мы ім верым.”

(Спадарыня) “Дзень добры, шаноўная “Свабода”! Я Вас толькі сёньня пачула якраз у 7 хвілін восьмай. А цяпер ізноў заглохла радыё, стала шыпець, і нічога ня чую. І я сама сабе падумала: “Пазваню я Вам.” Шаноўная “Свабода,” я веру ў Бога, бо веру ў Вас. Я веру, што Вы дапаможаце нашу краіну Беларусь вызваліць ад аўтарытарнага рэжыму, ад бальшавізму. Найлепшага Вам сёньняшняга дня, я Вам веру. Дзякую Вам за ўвагу.”

(Спадар) “Таварышы-карэспандэнты, прывадныя рамні лукашысцкай сыстэмы, не трэціруйце гэтую сіраціначку, Віку Мароз! Будзем удзячныя людзям, гэтай сям’і, якая ўзяла яе на ўдачарэньне і выхаваньне. Няхай беражэ яе Бог і гэтых добрых людзей.”
XS
SM
MD
LG