Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрыян Сэвэрын просіць ААН павялічыць свае паўнамоцтвы


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ўвечары ў Жэнэве на другой сэсіі Рады правоў чалавека ААН спэцыяльны дакладчык па Беларусі Адрыян Сэвэрын прадставіў справаздачу аб беларускай сытуацыі. Ён адзначыў, што "за апошнія два гады становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршаецца".

Выступ вядомага дыплямата (нагадаю, спадар Сэвэрын працаваў міністрам замежных справаў Румыніі і ўзначальваў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ) стаў фактычна працягам яго дакладу на першай сэсіі. Падзеі сёлетняга году, на думку дакладчыка, сьведчаць: "у Беларусі па-ранейшаму існуюць адыход ад плюралізму, адмова ад дыялёгу, адмаўленьне грамадзянскіх правоў, падаўленьне палітычных свабодаў, а таксама перасьлед апазыцыі, незалежных журналістаў, праваабаронцаў з боку дзяржавы".

Адрыян Сэвэрын згадаў, што быў прызначаны спэцдакладчыкам ААН па Беларусі яшчэ ў 2004 годзе. Аднак беларускія афіцыйныя ўлады фактычна ігнаруюць яго -- не дапускаюць у краіну, не адказваюць на запыты. Таму спадар Сэвэрын папрасіў павялічыць свае паўнамоцтвы ў рамках дзейнага мандату.

Кіраўнік сталага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Сяргей Алейнік агучыў афіцыйную пазыцыю. Ён назваў пасаду спэцдакладчыка па Беларусі "рэліктам атмасфэры супрацьстаяньня і канфрантацыі, якая дзейнічала у ранейшым Камітэце правоў чалавека ААН і не павінна быць у трансфармаванай структуры -- Радзе ААН".

Дыскусія, якая пачалася пасьля выступу спадара Сэвэрына, зацягнулася. Калі папярэдне для ўдзелу ў ёй запісаліся прадстаўнікі пяці краін, дык затым на трыбуну выйшлі пасланцы аж дваццаці чатырох дзяржаваў і рэгіянальных груп.

Некаторыя зь іх, прынамсі, прадстаўнікі Расеі, Кітая, Індыі, афрыканскай групы і групы "Арганізацыя ісламскай канфэрэнцыі" крытыкавалі спэцдакладчыка за "яго спробы выйсьці за межы мандата і заклікалі адмовіцца ад палітызацыі і канфрантацыі ў Радзе правоў чалавека".

Спадар Алейнік сказаў нашаму Радыё, што ён застаўся вельмі задаволеным выступам прадстаўніка Расеі:

(Алейнік: ) "Ён падтрымаў нас і рэзка крытыкаваў спэцдакладчыка, як паводле зьместу яго выступу, так і паводле форм і мэтадаў яго працы".

У падтрымку Адрыяна Сэвэрына выступілі прадстаўнікі Эўразьвязу, ЗША, Канады ды некаторых іншых краін, якія выказалі "вялікую заклапочанасьць з становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі".

Вядомы беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч выказваецца за пашырэньне паўнамоцтваў спадара Сэвэрына:

(Стэфановіч: ) "Што тычыцца большых паўнамоцтваў, дык, мне падаецца, гэта было б нядрэнна. Тады магчыма зьявіўся б нейкі больш-менш рэальны мэханізм уплыву на ўрад з боку ААН. А тое, што мы назіраем, сёньня, гэта -- поўнае ігнараваньне з боку ўладаў усіх мэханізмаў ААН, у тым ліку і поўнае невыкананьне ўсіх абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь, калі ратыфікавала асноўныя дакумэнты ў галіне правоў чалавека сыстэмы ААН. Урад цалкам ігнаруе тыя рэзалюцыі, якія прымаюцца адносна Беларусі. Ён не тое, што іх не выконвае, ён нават не даводзіць іх да ведама сваіх грамадзянаў. Беларусь мусіла надрукаваць іх у дзяржаўных мэдыях, паводле сваіх абавязацельстваў".

Канчатковае рашэньне аб неабходнасьці спэцдакладчыка па Беларусі будзе прынятае, праўдападобна, не раней, як у лютым наступнага году.
XS
SM
MD
LG