Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч працуе ад восьмай да восьмай


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевічу адміністрацыя спэцкамэндатуры крыху паменшыла працягласьць працоўнага дня, але ці зможа ён наведваць сям’ю ў Менску, невядома.

Лідэр пазбаўленай рэгістрацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” асуджаны за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Ён ужо чатырнаццаць месяцаў адбывае пакараньне на “хіміі”. Спачатку палітык знаходзіўся ў Баранавіцкай спэцкамэндатуры, а зь верасьня — у вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну.

Кіраўнік спэцкамэндатуры паведаміў Міколу Статкевічу, што накіраваў запыт у менскую міліцыю, каб даведацца, ці можна апазыцыянэру наведаць сям’ю ў выходныя. Падчас адбыцьця пакараньня Міколу Статкевічу толькі аднойчы дазволілі паездку ў Менск. Менскія міліцыянты прасілі не адпускаць апазыцыянэра на выходныя, матывуючы гэта тым, што ягоны прыезд можа дэстабілізаваць сытуацыю ў сталіцы.

Калі надышоў час разгледзець пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, Міколу Статкевіча перавялі з Баранавіцкай камэндатуры ў Пухавіцкі раён. Ад 7 верасьня ён працуе сьлесарам у калгаснай майстэрні, што ў вёсцы Блонь. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Безумоўна, пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пытаньне стаіць, бо я адбыў згодна з законам належны тэрмін пакараньня — нават болей: тры гады мне далі, год зьнялі па амністыі, дванаццаць месяцаў скончыліся ў канцы ліпеня. Начальнік камэндатуры сказаў, што “Я ж ня здолею вас атэставаць на ўмоўна-датэрміновае раней за паўгоду, бо трэба ж характарыстыкі зь месца працы”. Дык, гэта ж так проста й лёгка — запатрабаваць іх з папярэдняй камэндатуры. Але ён папросту прамаўчаў”.

Працоўны дзень палітвязьня складаў 14 гадзінаў, а працоўны тыдзень — амаль 100 гадзінаў. Але заканадаўства патрабуе, каб працоўны тыдзень быў ня большы за 40 гадзінаў. Праца звыш вызначаных гадзінаў магчымая толькі са згоды працаўніка.

Кіраўнік адміністрацыі Аляксандар Ганчарык так патлумачыў гэта “Свабодзе”:

(Ганчарык: ) “Калі ў яго ёсьць нейкія пратэсты, няхай скажа. Я падыду да старшыні: так і так. Ну, ён, напрыклад, падаў бы скаргу, альбо мне сказаў бы: “Аляксандар Генадзевіч, так і так, тут незаконна”. А я яму: “Давай, добра — разгледзім гэтую самую справу”. Што яго — адміністрацыя прымушае працаваць? Так, ці не?”

Мікола Статкевіч паведаміў, што пасьля тэлефанаваньня спадару Ганчарыку зрабілі палёгку:

(Статкевіч: ) “Выйшла палёгка. Я працую на паўтары гадзіны меней. Цяпер мой працоўны дзень не трынаццаць з паловай гадзінаў, а толькі дванаццаць. Здарылася гэта, дарэчы, дзякуючы тэлефанаваньням журналістаў вашай радыёстанцыі. Вельмі гэта напалохала начальства. Адвялі мне хоць выходныя на тыдзень. Працую цяпер усё роўна без выходных, але не ад 6.30 раніцы, а ад восьмай да восьмай”.

На пачатку кастрычніка адміністрацыя камэндатуры паведаміць, ці зможа апазыцыянэр наведаць сям’ю.

Мікола Статкевіч з іроніяй апавядае пра сваю працу:

(Статкевіч: ) “Вакол майстэрні некалі ў савецкі час ляжаў асфальт. Потым, безумоўна, на яго нанеслася зямля і вырасла трава. Цяпер мы з дапамогай рыдлёвак капаем гэтую зямлю, дзёран і дакопваемся да асфальту — каб быў асфальт. Грошай пакласьці нармальны асфальт няма, дык спрабуюць адкапаць савецкі. Які гэты асфальт будзе, які ён ужо зрабіўся?.. Тое, што на гэтым месцы будзе яма, у якой замест бруду будзе вада стаяць — так далёка прагноз не ідзе. Вось цяпер і шукаем асфальт… Пайду далей шукаць”.
XS
SM
MD
LG