Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці распачаў С.Скрабец галадоўку за ўмоўна-датэрміновае вызваленьне?


Любоў Лунёва, Менск Адміністрацыя папраўчай калёніі ў Віцьбе, дзе адбывае пакараньне былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, абвяргае зьвесткі пра тое, што вязень пачаў галадоўку.

Карэспандэнт БелаПАН Васіль Сямашка сьцьвярджае, што 25 верасьня падчас наведваньня калёніі апазыцыянэр заявіў, што абвяшчае галадоўку, каб дамагчыся ўмоўна-датэрміновага вызваленьня.

Кіраўнік папраўчай калёніі Віталь Агнісьцікаў паведаміў “Свабодзе” празь дзяжурнага, што Сяргей Скрабец не трымае галадоўкі.

(Дзяжурны: ) “Казаў: “Перадавайце, што ён не галадае”. Не галадае. Калі начальнік так казаў — значыць, не галадае”.

Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра нічога ня ведае пра галадоўку мужа. Яна паведаміла:

(Скрабец: ) “У нас ніякай інфармацыі пра тое, што Сяргей галадае, няма. Я сама даведалася пра гэта зь БелаПАН. Апошні ліст ад яго мы атрымалі ў панядзелак. На мінулым тыдні ён нам таксама нічога не казаў. Можа, гэта нейкае спантаннае рашэньне… Мы нічога пра гэта ня ведаем”.

Карэспандэнт БелаПАН Васіль Сямашка наведаў калёнію згодна з дазволам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Ён хацеў азнаёміцца з умовамі адбываньня пакараньня. Там у калёніі №3 журналіст меў магчымасьць сустрэцца і паразмаўляць зь Сяргеем Скрабцом. Васіль Сямашка паведаміў “Свабодзе”:

(Сямашка: ) “Казаў, што пратэстуе супраць таго, што яго не вызваляюць, бо надышоў час для ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Ну, і на знак пратэсту абвяшчае галадоўку. Казаў, што падрыхтаваў афіцыйную скаргу ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Аддаў скаргу адміністрацыі калёніі, а тыя яе прынялі. І ўсё”.

Сяргей Скрабец не аднойчы трымаў палітычныя галадоўкі. У 2004 годзе дэпутаты групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч і Валеры Фралоў 19 дзён трымалі галадоўку, патрабуючы дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства.

Летась 15 траўня Сяргея Скрабца затрымалі за тое, што ён нібыта падбухторваў даць хабар супрацоўніку пракуратуры. На наступны дзень ён абвясьціў галадоўку, патрабуючы зьняць зь яго беспадстаўныя абвінавачаньні.

На пачатку кастрычніка адміністрацыя калёніі накіруе ў суд неабходныя дакумэнты на датэрміновае вызваленьне Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG