Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі ксёндз публічна назваў сьвятароў, якія даносілі на яго


Кастусь Бандарук, Прага Вядомы польскі ксёндз Генрык Янкоўскі ўчора публічна назваў імёны тайных агентаў, якія даносілі на яго за мінулым рэжымам. Шырокі розгалас у польскіх мэдыях яго крок выклікаў яшчэ і таму, што сярод названых – і блізкія сябры самога Янкоўскага, прадстаўнікі духавенства.

70-гадовы прэлат з Гданьска ў свой час быў ганаровым духоўнікам Яна Паўла Другога, капэлянам “Салідарнасьці”, сябрам Леха Валэнсы. У часы ваеннага становішча ягоны касьцёл сьвятой Брыгіты быў трыбунай для апазыцыянэраў. Янкоўскі прымаў ў сябе палітыкаў і прэзыдэнтаў.

Два гады таму пасьля скандалу з сэксуальным абцяжарваньнем і разбэшчваньнем непаўналетніх Янкоўскі ўсё ж быў пасланы ў адстаўку, але не дазволіў пра сябе забыць.

Пасьля сваёй адстаўкі кс. Янкоўскі заснаваў інстытут свайго імя, потым прадаваў віно і мінэральную ваду са сваёй выявай. Тыдзень таму ён атрымаў з Інстытуту Нацыянальнай Памяці 300 старонак дакумэнтаў датычных падрыхтоўкі да візыту Папы Яна Паўла Другога ў 1987 годзе і ягонай ўласнай асобы.

Учора ксёндз Янкоўскі склікаў прэс-канфэрэнцыю і зачытаў 37 прозьвішчаў і псэўданімаў агентаў камуністычнай службы бясьпекі, якія даносілі на яго ў 80-я гады. Сярод названых агентаў знайшліся прозьвішчы васьмі духоўных асобаў, у тым ліку біскупа Веслава Мэрынга і высокапастаўленага прэлата з Гданьска Веслава Лаўэра. У мінулым абодва яны былі блізкімі сябрамі Янкоўскага. “Хай прыйдуць да мяне і папросяць прабачэньня. Я ўсім ім прабачыў, а за нябожчыкаў малюся. Усе астатнія няхай успрымуць гэта як перасьцярогу і нагоду для самааналізу і пакаяньня", – заявіў Янкоўскі.

Публічнае выяўленьне прозьвішчаў з папак службы бясьпекі абурыла касьцельных герархаў. Ужо цягам двух гадоў раз-пораз публікуюцца прозьвішчы агентаў у сутанах, нават у блізкім атачэньні Папы Яна Паўла Другога, што кожны раз выклікае зьбянтэжанасьць і заклапочанасьць эпіскапату.

“Нельга так, ня маючы доказаў віны, са сьлязьмі ў вачох называць людзей агентамі. Гэта ўсё роўна, што застрэліць чалавека, а потым плакаць над сваім ўчынкам”, – заявіў гданьскі біскуп Тадэвуш Гацлоўскі. Ён наагул ставіць пад сумнеў аўтэнтычнасьць архіваў службы бясьпекі.

Гісторык з Нацыянальнага Інстытуту Памяці Ян Жарын таксама прызнае, што ў архівах побач сябе ёсьць папкі людзей, якія былі агентамі і тыя, на якіх даносілі. Раўняць адных і другіх – крыўдна і несправядліва. Паводле яго, ксёндз Янкоўскі павінен быць больш стрыманым, тым болей, што ён ня ўмее чытаць дакумэнты і аналізаваць іх.

Тым ня меней, Жарын прызнае, што, паводле архіўных дадзеных, кожны дзясяты польскі ксёндз быў болей ці меней актыўным супрацоўнікам службаў бясьпекі альбо кандыдатам у агенты. Каталіцкая царква прызнае, што люстрацыя духавенства непазьбежная, а ўся праблема ў тым, як умела яе правесьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG