Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэра аштрафавалі за акцыю супраць Лукашэнкі (абноўлены)


Радыё Свабода Пінскі гарсуд аштрафаваў на 620 тысяч рублёў (20 базавых велічыняў) жыхара вёскі Пінкавічы Леаніда Караля. Яго прызналі вінаватым у правядзеньні акцыі 2 верасьня на пінскім стадыёне “Хваля”. Днём раней на стадыёне, які ўрачыста адкрывалі пасьля рэканструкцыі, прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка.

У інтэрвію Радыё Свабода 66-гадовы пэнсіянэр Леанід Кароль паведаміў, за што яго пакаралі. Ён прывёз на фурманцы драўляныя ночвы, высыпаў у іх памідоры і ўваткнуў туды тры самаробныя плякаты.

(Кароль: ) “Я не памылюся, вядома. На адным было напісана “Кармушка”. На другім: “Лукашэнка — жары і падавіся”. А на трэцім — “Рабаўнік”.

(Карэспандэнт: ) “Лёзунгі знаходзяцца ў міліцыі?”

(Кароль: ) “Так!”

Са словаў Леаніда Караля, яго змучыла цяперашняя бюракратыя. Ён кажа, што зьвяртаўся са скаргамі ў Пінкавіцкі сельсавет, запытваў, хто вінаваты ў праблемах, зь якімі ён сутыкаецца амаль штодня.

(Кароль: ) “Куды пайдзі, усе на Лукашэнку звальваюць! Я ж быў у сельсавеце, запытваю: “Што вы зь мяне дзераце? Гэта ж рабаўніцтва!” Адказваюць: “Гэта ня мы, а Лукашэнка!” Ну вось я ім і даказаў. Улада дала волю — купі-прадай. Пойдзе ў сельсавет, за права гандляваць заплаціць тры тысячы ці пяць, і ўсё — ён гаспадар! Кажа: “Бяру гэтыя памідоры за 200 рублёў за кіляграм”. Завязе ў Менск. Мяне тут абадраў, а там — рабочага. Вось што мяне шакуе!”

Спадар Кароль згадвае, што колісь быў прыхільнікам перабудовы. Нагадвае, што выкрываў крадзяжы мясцовых начальнікаў:

(Кароль: ) “Я аднаго інжынэрыка падлавіў, ён незаконна скасіў траву на сена і забраў. Перабудова — трэба было нешта рабіць”. Я інжынэрыка злавіў, пайшоў да пракурора. Гарбачоў жа прасіў гайдануць кола перабудовы. Вось я й гайдануў. І крыху ў Гарадзішча не патрапіў”.

У вёсцы Гарадзішча на Піншчыне і цяпер месьціцца шпіталь для псыхічна нездаровых людзей. Леанід Кароль даводзіць, што празь яе прайшлі вядомыя яму палітычныя іншадумцы. Наконт прычынаў, што ўратавалі яго, кажа наступнае:

(Кароль: ) “Сэнс жыцьця ў чым можа быць? Каб кожны мяне таптаў? Навошта жыць без сумленьня!?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG