Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэра аштрафавалі за акцыю супраць Лукашэнкі на 620000 рублёў


Радыё Свабода Пінскі гарадзкі суд пакараў штрафам 620 тысяч рублёў (20 базавых велічыняў) жыхара вёскі Пінкавічы Леаніда Караля. Ён прызнаны вінаватым у правядзеньні публічнай акцыі 2-га верасьня на пінскім стадыёне “Хваля”. Днём раней на ўрачыстым адкрыцьці гэтага спартовага збудаваньня пасьля рэканструкцыі прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле міліцэйскага пратаколу, 66-гадовы пэнсіянэр прывёз на коннай павозцы драўлянае карыта, высыпаў у яго чырвоныя памідоры і ўваткнуў тры самаробныя плякаты, абразьлівыя для А. Лукашэнкі.

Са словаў Леаніда Караля, яго дапякла цяперашняя бюракратыя. Ён кажа, што зьвяртаўся са сваімі скаргамі ў Пінкавіцкі сельсавет, запытваў, хто вінаваты ў праблемах, зь якімі ён сутыкаецца амаль штодня. Мясцовыя чыноўнікі, нібыта, спаслаліся на Лукашэнку. Гэта, даводзіць пэнсіянэр, і стала апошняй кропляй на ягоную цярплівасьць.
XS
SM
MD
LG