Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недатыкальных стане больш?


Іна Студзінская, Менск На многіх Інтэрнэт-сайтах зьявілася інфармацыя пра чарговы ўказ прэзыдэнта, які быццам бы карэнным чынам мяняе ўсю крымінальна-працэсуальную сыстэму краіны. Гаворка ідзе аб новым парадку прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці цэлага шэрагу службовых асобаў, у дачыненьні якіх можна распачаць крымінальны перасьлед толькі з дазволу кіраўніка дзяржавы. Ці сапраўды ёсьць такі дакумэнт?

Паводле інфармацыі сайтаў Tut.by, “Партызан”, “Хартыя-97” ды іншых, у сьпіс недатыкальных асобаў трапляюць прэм’ер-міністар і віцэ-прэм’еры, старшыні рай- і аблвыканкамаў, Менгарвыканкаму, кіраўнікі пракуратуры (пачынаючы ад абласнога ўзроўню), міністры і дзяржслужачыя, прыроўненыя да рангу міністра, усе кіраўнікі сілавых структур і іх намесьнікі (уключна з мытняй, дзяржкантролем, адміністрацыяй прэзыдэнта). Нагадаю, раней толькі дэпутаты мелі недатыкальнасьць, і пазбавіць яе маглі выключна самі ж парлямэнтары. Цяпер гэта можа зрабіць прэзыдэнт.

У Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь мяне накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта: маўляў, усе указы і дэкрэты кіраўніка дзяржавы распрацоўваюцца менавіта ў адміністрацыі. І нават не праходзяць экспэртызы ў НЦПІ.

Прэсавы сакратар адміністрацыі прэзыдэнта Павал Лёгкі заявіў: пра такі ўказ нічога ня чуў. Тэлефаную намесьніку начальніка Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі Вадзіму Іпатаву. Спачатку ён тлумачыць, што ўсе прававыя акты, якія маюць адкрыты характар, публікуюцца ў Нацыянальным рэестры. Спадар Іпатаў:

(Іпатаў: ) “Таму калі там няма такога прававога акту, значыць, яго няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ёсьць шмат дакумэнтаў, якія носяць закрыты характар, ці для службовага карыстаньня…”

(Іпатаў: ) “Дык што, вы хочаце, каб я камэнтаваў ўказы, якія носяць закрыты характар?”

(Карэспандэнтка: ) “Я проста хачу даведацца, ці сапраўды ёсьць такі ўказ?”

(Іпатава: ) “Я ж вам адказаў: калі вы не знайшлі яго ў прававым рэестры, яго няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Яго няма ў прыродзе?”

(Іпатаў: ) “Я ня ведаю”.

На маю заўвагу, што на сайце прэзыдэнта і ў дзяржаўным рэестры ёсьць, да прыкладу, толькі дэкрэты № 3, 6, 9, 13, 16 – астатніх няма, ці апошнія указы 570, 573, 578, спадар Іпатаў адказаў так:

(Іпатаў: ) “У любой дзяржаве павінны быць прававыя акты, якія павінны насіць закрыты характар і тычацца тых зьвестак, якія ўтрымліваюць дзяржсакрэты. Пералік дзяржаўных сакрэтаў ёсьць у Законе аб дзярсжакрэтах. Таму што я вам яшчэ магу сказаць? Усё…”

Паводле дасьведчанай крыніцы, указ прэзыдэнта носіць менавіта закрыты характар, таму ў Нацыянальным рэестры яго ня будзе. Юрысты ў галіне міжнароднага права кажуць, што такіх прэцэдэнтаў няма ні ў адной краіне сьвету, каб столькі чыноўнікаў мелі недатыкальнасьць.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў выказаў такое меркаваньне:

(Фадзееў: ) “На самой справе, ёсьць асобы, у дачыненьні якіх існуе асобы парадак прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. Напрыклад, гэта дэпутаты, якія абраныя народам, і таму, каб прыцягнуць іх да адказнасьці, патрэбна нейкае рашэньне. А што тычыцца ўсіх астатніх асобаў, калі насамрэч існуе такі сьпіс, пра які ўжо пісалі ў прэсе, то, на мой погляд, тут парушаецца адзін з асноўных прынцыпаў, якія закладзеныя ў Канстытуцыі – прынцып роўнасьці перад законам”.
XS
SM
MD
LG