Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гістарычны Верхні Горад ператвараецца ў выставу муляжоў (фота)


Ігар Карней, Менск Год таму ў Саюзе архітэктараў адбылося грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвага плянаваньня забудовы гістарычнага цэнтру Менску. У ім узялі ўдзел вядомыя архітэктары, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, чыноўнікі Менгарвыканкаму, міністэрстваў архітэктуры і культуры, прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Аднак, як цьвердзяць адмыслоўцы, разбурэньне старадаўняга цэнтру наадварот набыло яшчэ большыя маштабы. Толькі ў апошні месяц у старым цэнтры Менску зьнішчылі чатыры будынкі, якія былі пад аховай дзяржавы. Гэта два дамы на рагу вуліц Герцэна і Гандлёвай, і два дамы па вуліцы Рэвалюцыйнай – №№ 10 і 12. Між тым, само гэтае месца мае статус “гісторыка-культурнай запаветнай тэрыторыі”, зацьверджанага рашэньнем ураду яшчэ ў 1970-я.

“Гістарычны цэнтар Менску паступова ператвараецца ў муляж”, – канстатуе гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі і кажа, што на месца старадаўніх будынкаў, “выдраных” разам з падмуркамі, ставяцца нават ня копіі ранейшых архітэктурных ансамбляў, а прыблізныя імітацыі фасадаў. Тады як усё астатняе ні ў маштабе, ні ў плянаваньні, ні ў матэрыялах ня мае нічога агульнага з ужо зьнішчанымі бясцэннымі ўзорамі дойлідзтва.

(Харэўскі: ) “Паводле канцэпцыі цяперашніх забудоўшчыкаў, увесь пэрымэтар Верхняга Гораду і старой часткі кварталаў Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай і Рэвалюцыйнай мусіць быць узяты ў шчыльнае кола шматпавярховых бэтонных паркінгаў. Паркінгі будуць каля кінатэтару “Перамога”, плянуецца паставіць шэраг паркінгаў за Палацам рэспублікі, збоку “Журавінкі”. І, натуральна, будзе паркінг ля будынку былога ВДНГ. І калі па пэрымэтры гэтага Старога Горада некалькі помнікаў і ацалее, то яны ўсе апынуцца ў шчыльным коле бэтонных паркінгаў. Як на Камароўцы”.

Спробы пераўтварыць цэнтар сталіцы ў аўтастаянку выклікаюць абурэньне спэцыялістаў. Падчас леташняга грамадзкага абмеркаваньня нават адказныя за “аднаўленчыя працы” чыноўнікі крытыкавалі абраны да рэалізацыі праект архітэктара Дзьмітрыя Бубноўскага, называючы яго “горадабудаўнічай памылкай”. Аднак, як кажа Сяргей Харэўскі, улады паводле прыроды сваёй ня могуць мірыцца з крытыкай, таму маштабныя праекты пачалі рэалізоўваць таемна. Калі паркінг з фасаднымі надбудовамі на Нямізе ўжо набіў аскоміну, то “ціхай сапай” на рагу Гарадзкога валу і Інтэрнацыянальнай неўзабаве паўстане бізнэс-цэнтар з офісамі і шматузроўневым паркінгам. Цягам двух гадоў на месцы старасьвецкіх Старажоўскіх могілак ля гатэлю “Беларусь” будзе пабудаваны высотны “Дом Масквы”. Пад навабуды зьнесеныя дамы са сьпісу гісторыка-культурных аб’ектаў – №21 на плошчы Свабоды і №27 на вуліцы Гандлёвай. Працягваюць руйнаваць дамы ХІХ стагодзьдзя на скрыжаваньні Калектарнай і Нямігі. Аднак галоўны выканаўца праекту асваеньня гістарычнай часткі Менску Дзьмітрый Бубноўскі кажа пра іншае.

(Бубноўскі: ) “Цэлы шэраг прынцыповых момантаў дыскутуецца. Самая значная праблема для гістарычнага цэнтру Менску – гэта праблема транспарту. Уявіце сабе: пасьляваенная схема склалася так, што цэнтар падзелены на чатыры, дастаткова значныя, кавалкі. Пешаходных сувязяў практычна няма паміж, напрыклад, Траецкім прадмесьцем і Ракаўскім. Такая ж сытуацыя, хоць нібыта гэта ўсё побач, паміж Траецкім прадмесьцем і кварталамі, якія прымыкаюць да Верхняга горада. А Ракаўскае прадмесьце наогул аказалася загнанае ў двары буйнамаштабнай забудовы”.

Аднак клопат спадара Бубноўскага не стасуецца з рэальнымі дзеяньнямі. Ужо абвешчана, што на месцы зьнесенага “шкілету” кавярні “Рэчанька” на праспэкце Пераможцаў будзе пабудаваны 17-павярховы гмах, які канчаткова адрэжа Ракаўскае прадмесьце ад Траецкага. Дарэчы, будынак, які плянуецца прыклеіць да адной з высотак на месцы старадаўняга Замчышча, за акруглыя формы параўноўваюць з сіласнай вежай. Гаворыць Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “Трэба ў горадзе будаваць, патрэбныя гораду паркінгі – гэта безумоўна. Але калі размова пра 1% гарадзкой тэрыторыі, то гэты кавалачак старасьветчыны вымагаў бы ашчадных падыходаў. У Менску дастаткова плошчаў, якія забудоўваюцца надзвычай неэфэктыўна, не адпаведна каштоўнасьці раёнаў – напрыклад, вуліца Сурганава. Размова пра тое, што ў Менску трэба захаваць, груба кажучы, няшчасныя 50 дамкоў, што засталіся нам у спадчыну ад мінулых эпох. Але паводле людзей, якія займаюцца інтэнсіўным засваеньнем тэрыторыі, гэтых дамоў быць не павінна”.

Цяпер працы на бальшыні аб’ектаў у гістарычным цэнтры Менску не такія актыўныя: асноўныя сілы кінутыя на гатэль “Эўропа”, які мусіць быць здадзены напачатку 2007 году. “Эўропу”, гістарычны і геаграфічны адрас якой захаваны толькі ўмоўна, будуюць у тры зьмены, без выходных і перапынкаў на абед.



Няміга атрымае новае аблічча.



Будпляцоўка на вуліцы Гандлёвай пашыраецца.



Ракаўскае прадмесьце “асучасьнілі”.



Пад’ёмны кран акрэсьліў каардынаты “Дому Масквы”.



Усе – у “Эўропу”.



Аб дэкляраванай дзяржавай ахове сьведчыць толькі шыльда.
XS
SM
MD
LG