Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Летні альбом: поліэтыленавыя торбы


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Сёньня на поліэтыленавыя торбы, нават з самым забойным малюнкам, ніхто не зьвяртае ўвагі. А на пачатку 70-х варта было на вуліцы зьявіцца маладзёну з торбай, на якой чырвоніліся літары “Marlboro”, як аднагодкі зыркалі яму ўсьлед і са трыманай зайздрасьцю выдыхалі: “Фірма!”

“Фірмовыя” торбы набывалі ў фарцоўшчыкаў, і каштавалі яны 3 рублі. Самымі прэзэнтабэльнымі лічыліся тыя, у якіх у якасьці ручак меліся падаўгаватыя дзіркі. Дзіркі мелі відарыс банану, таму й самі торбы называліся “бананамі”. Іншы фасон менаваўся “майкай”. Калі торбу распластаць, яна й сапраўды нагадвала майку – з ручкамі-шлейкамі.

Апрача формы, бралася да ўвагі – што на торбе намалявана, а таксама якасьць самога малюнку. “Аэрапаліграфія!” – казаў звычайна фарцоўшчык, пераконваючы пакупнікоў, што такой насычанасьці колераў, як на ягоных торбах, папросту не існуе. Самымі папулярнымі малюнкамі была рэкляма вядомых цыгарэт, а таксама выявы абцягнутых джынсамі дзявочых азадкаў, пазначаных лейблам знакамітых фірмаў. На пэрыфэрыі торбы зь дзявочымі азадкамі “здавалі” па пяць рублёў. Між тым на Захадзе, на розных прэзэнтацыях, такія торбы раздавалі задарма. Мы пра гэта тады і ня чулі, а калі б і пачулі, не далі б веры.

Насілі ў торбах што-небудзь лёгкае, пляскатае, што раўнамерна поўніла аб’ём. Напрыклад, капэрту з кружэлкай. Бо калі насіць тыя ж яблыкі, ці яшчэ нешта такое, поліэтылен гафрыраваўся, і гэта перашкаджала візуальнаму ўспрыняцьцю малюнка. Каб падоўжыць тэрмін выкарыстаньня, вакол ручак падклейвалі слой поліэтылену. Праклейвалі і ўсю торбу, але яна пасьля таго рабілася цупкаю і губляла “фірмовы” выгляд.

Уадначас зь вялікімі торбамі ва ўжытку пачалі зьяўляцца і маленькія поліэтыленавыя торбачкі для пакаваньня прадуктаў. З гонарам магу паведаміць, што ў Беларусі першымі іх сталі шырока выкарыстоўваць жыхары Наваполацку. Яно й ня дзіва, калі ўлічыць, што менавіта ў нас, на мясцовым хімкамбінаце, атрымалі першы беларускі поліэтылен.

У продажы тых торбачак напачатку не было. Карысталіся тым, што выносілі з хімкамбінату. А выносілі даўжэзныя поліэтыленавыя рукавы. Іх разразалі і праводзілі па нізу поліэтыленавай калашыны краем гарачага прасу. Такім чынам, атрымлівалася торбачка. Маці аднойчы далі некалькі мэтраў такога паўфабрыкату. Мы яго разрэзалі, правялі пад лінейку гарачым прасам, але нічога з таго не атрымалася: поліэтылен прыліп да прасу і расплавіўся. Давялося склейваць клеем БФ. Торбачкамі тымі маці потым доўга карысталася. Час ад часу мыла, высушвала на гаўбцы і зноў пускала ў справу.
XS
SM
MD
LG