Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Янка Запруднік, Уладзімер Дамашэвіч, “Пружанскі блюз”


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 23 верасьня). Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка.

EXLIBRIS

ЯНКА ЗАПРУДНІК: “НАШ СЛОЎНІК — РАТАВАЛЬНАЕ КОЛА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ, ЯКАЯ ТОПІЦЦА”

Так ацаніў значэньне толькі што выдадзенага “Ангельска-беларускага слоўніка” старшыня ягонай рэдакцыйнай калегіі, знаны дзеяч беларускае эміграцыі доктар Янка Запруднік, які адмыслова прыляцеў зь Нью-Ёрку ў Менск на прэзэнтацыю выданьня. Яна адбылася ўвечары 21 верасьня ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна, дзе пабывала нашая карэспандэнткаВалянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Спадар Янка, вы сказалі: “Гэтым слоўнікам мы кідаем ратавальнае кола беларускай мове, якая топіцца і якая з дапамогай найбольш уплывовай мовы сьвету выплыве”. Скажыце, калі ласка, ці такую мэту напраўду ставілі ўкладальнікі слоўніка, пачынаючы сваю працу больш за дваццаць гадоў таму?”

(Янка Запруднік: ) “Не, тады такой мэты мы ня ставілі. Мэту гэтую мы сёньня асэнсавалі. Рэч у тым, што тады, калі пачынаўся слоўнік, то, можа, і думка такая яшчэ ня высьпела, ды гэта й не галоўная мэта, але гэта — адна з важных мэтаў. Галоўная мэта была — зафіксаваць беларускую мову ў спалучэньні з ангельскай мовай, сёньня найшырэй ужыванай. Сёньня на плянэце карыстаецца ангельскай мовай каля аднаго мільярда чалавек, на 2020 год прадказваецца два мільярды. Гэтая мова – дынамічная, уплывовая, найбольш патрэбная ў інфарматыцы, у міжнароднай камунікацыі. І пры сёньняшнім стане, калі ідзе наступ русыфікацыі ў Беларусі, вось мне такая думка і прыйшла, што наш слоўнік можа быць таксама — у дадатак да ўсяго — і ратавальным колам для беларускай мовы.

Таму што ў спалучэньні з ангельскай мовай, найбольш распрацаванай, якую нават самы высокапастаўлены чалавек у Беларусі назваў адной з самых перадавых, беларуская мова будзе мець большыя шанцы выжыць, выплысьці з мора расейшчыны і стаць на свой нацыянальны грунт”.

(Аксак: ) “Вы назвалі проста фантастычныя лічбы карыстальнікаў ангельскай мовы ў параўнаньні з колькасьцю карыстальнікаў мовы беларускай, а гэта прыкладна адзін мільён. Але наклад слоўніка — усяго дзьве тысячы. Вас не бянтэжыць той факт, што шырокага карыстаньня пры такім накладзе слоўнік не набудзе?”

(Запруднік: ) “Нас наклад не бянтэжыць. Як ведаеце, выданьне кніжак дорага каштуе, на яго мы здабыліся і выдалі слоўнік дзьвюхтысячным накладам з думкаю, што гэты першы варыянт будзе патрабаваць дапрацоўкі, будуць крытычныя заўвагі, мы хацелі б іх пачуць і ужо пачулі, і гэта вельмі пазытыўная зьява. Мы крытыкі не баімося, жадаем, каб беларускі ўрад таксама крытыкі не баяўся, каб беларускі рэжым крытыкі не баяўся, бо крытыка — гэта элемэнт прагрэсу. Мы перакананыя, што хутка будзе патрэба другога выданьня слоўніка, трэцяга, чацьвертага. Мы зрабілі добры пачатак, добрую закваску. Апрача ўсяго іншага, гэта паслужыць добрым прыкладам тым, хто хацеў бы бачыць выдадзенымі нямецка-беларускі слоўнік, французка-беларускі слоўнік, італьянска-беларускі слоўнік і гэтак далей”.

(Аксак: ) “Ці мяркуюць укладальнікі слоўніка, якія ўсе жывуць на эміграцыі і якія ёсьць людзьмі паважнага веку, далучыць да далейшае працы маладых інтэлектуалаў, якія жывуць у Беларусі?”

(Запруднік: ) “Заўважу, што Сяргей Шупа не зусім паважнага веку, а ў самым творчым узросьце…”

(Аксак: ) “Выбачайце, але ён таксама даўно не жыве ў Беларусі…”

(Запруднік: ) “Сёньня, пры глябалізацыі, мы ўсе жывем на адной плянэце, і камунікацыя ігнаруе дзяржаўна-палітычныя межы. Сёньня мы на сябе не глядзім як на нейкую адлучаную частку беларускае нацыі, мы чуемся разам і працуем разам, і дынаміка разьвіцьця камунікацыйных тэхналёгій паказвае на тое, што чым далей, тым цясьней будзем супрацоўнічаць. Так што ў гэтым сэнсе страху няма, што мы застанемся адзінымі ці адзінотнымі. Маладыя з часам далучацца да гэтай працы, і мы, старэйшыя, будзем перадаваць ім сваё дазнаньне, дасьведчаньне, практыку”.

(Аксак: ) “Ваш слоўнік арыентаваны не на клясычную брытанскую мову, якую звычайна выкладаюць у інстытутах замежных моваў на тэрыторыі былога СССР, а на так званы амэрыканскі варыянт ангельскай мовы, якім паслугоўваецца ўвесь глябалізаваны сьвет. Беларуская ўлада ня хоча, каб моладзь, вывучыўшы мову міжнародных камунікацыяў, стала вольнай у вольным сьвеце. Ці ёсьць афіцыйная рэакцыя на вашу працу?”

(Запруднік: ) “Афіцыйнай рэакцыяй з боку беларускай улады можна лічыць той факт, што мы зь вялікай цяжкасьцю знайшлі памяшканьне для прэзэнтацыі слоўніка. Афіцыйнай рэакцыяй можна лічыць і тое, што на прэзэнтацыю не прыйшоў ніводзін прадстаўнік ні ад міністэрства культуры, ні ад міністэрства інфармацыі, ні ад міністэрства адукацыі. Вось вам афіцыйная рэакцыя — адвярнуліся ў другі бок, ня хочуць бачыць факту рэальнага”.

(Аксак: ) “І на заканчэньне практычнае пытаньне. Як усё-ткі правільна па-ангельску гучыць назва Беларускай Народнай Рэспублікі?”

(Запруднік: ) “Беларускую Народную Рэспубліку перакладаюць пераважна як “Беларуская Дэмакратычная Рэспубліка”, таму што слова “народная” ў перакладзе гучыць “national”, што для некаторых людзей пахне нацыяналізмам. А панятак нацыяналізму наагул перакручаны, спачвараны, ідэалягізаваны стаў. Два гэтыя варыянты ў назьве існуюць, але мы ў Нью-Ёрку і ў Радзе БНР карыстаемся перакладам Belarusian Democratic Republic”.

(Аксак: ) “Будзем спадзявацца, што вашая праца паспрыяе ўсталяваньню ў сьвеце краіны пад назовам Belarusian Democratic Republic”.

АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР ДАМАШЭВІЧ: “ЖОРСТКАСЬЦЬ – ЗЛО, І ЯНА НАРАДЖАЕ ТОЛЬКІ ЗЛО”

Паўстагодзьдзя працуе ў беларускай літаратуры Ўладзімер Дамашэвіч. Яшчэ ў 1960-я гады ён разам з Васілём Быкавым выступаў у абарону беларускай мовы на розных пісьменьніцкіх форумах. У 1980-я і 1990-я гады яго можна было ўбачыць на апазыцыйных мітынгах зь нязьменнай “Пагоняй” на бэрэтцы. Яго творы гадамі ляжалі ў выдавецтвах, заблякаваныя да выхаду цэнзурай... З адным з найстарэйшых беларускіх пісьменьнікаў сустрэўся Міхась Скобла.

(Міхась Скобла: ) “Уладзімер Максімавіч, сёньня ў нас “празаічная” размова, але я пачну яе паэтычнымі радкамі Валянціна Таўлая: “Маякоўскі па-сяброўску радзіў / не збываць адразу твора з рук. / Напісаў — замкні яго ў шуфлядзе. / Як адлежыцца — судзі, здавай у друк”. Ваш раман “Камень з гары” дваццаць гадоў ляжаў у выдавецкай шуфлядзе. Гэткае адлежваньне шкодзіць твору?”

(Уладзімер Дамашэвіч: ) “Відаць, усё-ткі шкодзіць. За час такога ляжаньня яго маглі б прачытаць многія людзі, і нешта для сябе ў ім знайшлі б. Я тут маю на ўвазе ня толькі свой раман “Камень з гары”, які сапраўды вельмі цяжка ішоў да чытача, а ўсе творы, якія ляжаць па шуфлядах (выдавецкіх ці аўтарскіх) і не чытаюцца. Яны ляжаць мёртвым грузам і ня робіць тае працы, эстэтычнай, асьветніцкай і г.д., якую павінны рабіць з моманту свайго зьяўленьня на сьвет”.

(Скобла: ) “У свой час вы заснавалі Фонд падтрымкі маладых літаратараў імя Ўладзімера Караткевіча. Што перашкодзіла яго дзейнасьці?”

(Дамашэвіч: ) “А неяк усё спусьцілі на тармазах, і фонд, які быў заснаваны пры Літфондзе, прапаў. Ён ствараўся з адзінай мэтай — аказваць матэрыяльную дапамогу маладым пісьменьнікам. На жаль, Фонд праіснаваў нядоўга, недзе каля пяці гадоў. І ўсё ж за гэты час мы камусьці змаглі дапамагчы”.

(Скобла: ) “Вы гаворыце пра матэрыяльную падтрымку… Раней сталыя пісьменьнікі стараліся апекавацца пачаткоўцамі. Скажам, Янка Брыль спрыяў Караткевічу, Ян Скрыган — Хрысьціне Лялько і Ўладзімеру Ягоўдзіку. Цяпер гэтага няма. Няма літаратурнага настаўніцтва. Чаму?”

(Дамашэвіч: ) “Ва ўсім вінаватае тое становішча, у якім мы апынуліся. Пісьменьнікі цяпер як ніколі разьяднаныя. Мы адзін другога рэдка бачым, мы адзін другога амаль не чытаем і, тым больш, не ўнікаем у жыцьцё другога чалавека. Кожны сам па сабе. Нас мала цікавіць тое, што робіцца вакол нас”.

(Скобла: ) “Яшчэ ў 1960-я гады мінулага стагодзьдзя вы вельмі востра выступалі на пісьменьніцкіх зьездах у абарону беларускай мовы. Сорак гадоў прайшло, і ўсё вярнулася назад. Ня крыўдна, што пачынаць трэба спачатку?”

(Дамашэвіч: ) “Безумоўна, крыўдна, але што зробіш… Калісьці мой дзядзька пры паляках сядзеў у турме за беларускую мову. І я ніколі ня думаў, што пройдзе трыццаць гадоў, і я буду выступаць у абарону той самай мовы. Здавалася, гэтае пытаньне вырашана і закрытае назаўсёды. Аказваецца — адкрытае, і будзе яшчэ невядома колькі адкрытае”.

(Скобла: ) “Вы, у адрозьненьне ад многіх вашых калегаў, друкуецеся ў дзяржаўным холдынгу “Літаратура і мастацтва”. Скажыце, пасьля ўсяго, што там адбылося, вы не адчуваеце пэўнай няёмкасьці, калі заходзіце туды?”

(Дамашэвіч: ) “Нешта ня вельмі я тую няёмкасьць адчуваю. У будынку на Захарава, 19 я бачу людзей, якіх я там бачыў і пяць, і дзесяць гадоў назад. Я іх паважаю і нават люблю, як ні дзіўна. Гэта фактычна мае вучні. І яны сядзяць там і працуюць. Безумоўна, нейкая агульная танальнасьць у адносінах трохі зьмянілася, але каб нешта радыкальна, то не. Я пішу так, як пісаў і раней, не стараюся прыстасавацца да палітычных павеваў”.

(Скобла: ) “Вашы творы там не цэнзуруюць?”

(Дамашэвіч: ) “Здаецца, не. Калі слова ці два заменяць, то я не лічу, што гэта ўціск на аўтара. Я ж сам рэдактар, і я ведаю, чым адрозьніваецца рэдактура ад цэнзуры”.

(Скобла: ) “Вы сорак пяць гадоў адпрацавалі рэдактарам: у выдавецтвах, у часопісах, на радыё. Ці сустракаліся ў вашай практыцы творцы. якім рэдактура і не патрэбная была?”

(Дамашэвіч: ) “Не. Рэдактар патрэбен усім – нават самаму пісьменнаму і знакамітаму пісьменьніку. Рэдактар — гэта вока збоку, якое бачыць тое, што не відно аўтару. Аўтар захапляецца, перажывае эмоцыі, яму цяжка дапільнаваць самога сябе. Недагляды ці промахі бываюць ва ўсіх, і сьвежае рэдактарскае вока абавязкова патрэбнае”.

УЛАДЗІМЕР ДАМАШЭВІЧ. ЗАПІСЫ РОЗНЫХ ГАДОЎ

* * * З тых, хто перажыў вайну і застаўся жыць, шмат хто гатоў яшчэ ваяваць, забіваць і г. д. А вось з тых, хто памёр, хто загінуў на вайне, каб іх уваскрасілі, ніхто ніколі не згадзіўся б на новую вайну! Вось у чым сакрэт. Той, хто ўспрымае вайну як сваю сьмерць, той яе ніколі не захоча.

* * * Жорсткасьць ніколі нікога не ўпрыгожвала — ні нацыю, ні чалавека. Яна толькі адштурхоўвала. Толькі дабрыня і ласка прыцягваюць, лечаць душу. Жорсткасьць — зло, яна і нараджае толькі зло. А як выкараніць зло? Жорсткасьцю? Мусіць не, яго толькі загоніш у глыбіню. І яно там будзе жыць да зручнага моманту. І сябе пакажа.

* * *

Усе мы ў душы гады, толькі стараемся не паказаць гэтага перад людзьмі, баімся іх суду, баімся сумленьня свайго таксама. І ў каго воля слабая, у каго сумленьне сьпіць, той і відзён увесь, да глыбіні свае натуры, што гэта гад печаны. Ня ўмее ён схаваць сваё хворае нутро, ня можа задушыць усё зло ў душы, і яно ім камандуе, як хоча. А зусім чыстых ад зла людзей няма, што ні кажыце. У чалавеку перамешана ўсё — і чорнае, і белае, усе фарбы жыцьця.

* * * Трэба ставіць цяпер такія пытаньні: дакуль мора літаратуры на расейскай мове будзе заліваць нас па самае горла? У нас усё наша, беларускае, патанае ў ім і губляецца. Трэба ставіць плаціну. Дакуль Расейская праваслаўная царква ў Беларусі будзе прапаведаваць свае вялікадзяржаўныя ідэі ды ігнараваць народ, на зямлі якога жыве? Трэба ёй мяняць ня толькі тон сваіх вялікадзяржаўных пропаведзяў, але і іх мову, гэта значыць — пераходзіць на мову таго народу, сярод якога пасялілася. Інакш мы вымушаны будзем прымаць нейкія меры. Хопіць, што расейская царква праводзіла абрусеньне пры цары.

* * * Думаючы пра 1937 год, пра ўсе рэпрэсіі, пачынаеш пытацца сам у сябе: чаму людзі маўчалі, чаму не супраціўляліся, не бунтавалі? Мне здаецца, прычынаў тут шмат, але галоўная ў тым, што яны былі невінаватыя і лічылі, што іх выпусьцяць. Патрымаюць, разьбяруцца і — абавязкова выпусьцяць. Няўжо можа быць такое, каб судзілі ці стралялі невінаватага? Дасюль такога не было, значыць, ня будзе і цяпер. Трэба трохі пацярпець, усё высьветліцца — і мяне выпусьцяць. Ажно не — амаль нікога не выпускалі, “знаходзілі” віну — і садзілі, і стралялі, і адпраўлялі на Калыму. А людзі ўсё думалі, што гэта часовыя памылкі. Што родны ўрад разьбярэцца. І вось у гэтым недарэчным чаканьні справядлівасьці чалавек і паміраў. Паміраў з пракляцьцем на вуснах свайму “роднаму” ўраду. А некаторыя, як Тухачэўскі, паміралі са словамі “Хай жыве Сталін!”. А ён пасьля з гэтага сьмяяўся. Праўду ведаў ён адзін і яго халуі.

* * * Як родзіцца нявер’е да чалавека? Са зла! Калі ты робіш чалавеку дабро, ты ўпэўнены, што гэты чалавек адплаціць табе (і ўсім) тым жа дабром. А як робіш зло, то перакананы, што і табе будуць плаціць той жа манэтай. Вось чаму Сталін так баяўся людзей і ня верыў ім. Ён меў для гэтага ўсе падставы.

* * * Як глыбока ні закопвай бэтонны слуп у зямлю, ён ня пусьціць каранёў. Мігранты на чужой зямлі – гэта тыя ж слупы. Гэта ня дрэвы, яны без каранёў. І ў гэтым іх адрозьненьне ад карэнных жыхароў, якія маюць жывыя карані, у гэтым іх бяда.

* * * Капіталізм забірае ў чалавека ўсё, пакідае толькі Бога — і чалавек застаецца чалавекам. Сацыялізм дае, дапусьцім, чалавеку ўсё, забірае ў яго толькі Бога — і чалавек перастае быць чалавекам. Бог — гэта сумленьне. А без сумленьня мы нічога ня зробім, як бы мы ні стараліся.

НОТНЫ СШЫТАК

Здаўна лічылася, што галоўнымі цэнтрамі джазавага жыцьця ў Беларусі зьяўляюцца Менск ды Віцебск. Вось чаму сам факт правядзеньня фэстывалю “Пружанскі блюз” у раённым цэнтры на Берасьцейшчыне сьмела цягне на сэнсацыю. Наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэскі наведаў у мінулыя выходныя Пружаны.

(Падбярэскі: ) “Ужо на месцы я даведаўся, што фэстываль, які адбываецца раз на два гады, мае пэўны стаж. Сёлета “Пружанскі блюз” у трэці раз сабраў прафэсійных музыкаў, аматараў бэндавай музыкі з чатырох абласьцей краіны, усяго 10 калектываў. Аднак, калі ўлічыць, што ў аркамітэт прыйшлі заяўкі ад 36 ансамбляў, можна ўявіць, колькі ж маецца ў Беларусі выканаўцаў, якія жадалі прыехаць у Пружаны і сябе паказаць, і іншых паслухаць. Аднак ні фізычна, ні фінансава прыняць больш за 180 чалавек арганізатары фэсту проста не маглі.

Варта згадаць, што ў суседніх Літве, Польшчы шматлікія джазавыя фэсты й конкурсы адбываюцца менавіта ў невялічкіх гарадах, дзе яны насамрэч робяцца падзеяй. Што да Пружанаў, дык факт існаваньня тут джазавага фэстывалю можна патлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, у горадзе і вакол за савецкім часам стаяла шмат вайсковых частак, у якіх, натуральна, былі духавыя аркестры, і многія музыканты аселі ў Пружанах. Па-другое, кіраўніцтва гораду лічыць, што праз джаз Пружаны таксама робяць сабе рэкляму. Па-трэцяе, маецца добрая тэхнічная база ды энтузіязм мясцовых музыкантаў: гаспадары былі прадстаўленыя на фэсьце біг-бэндам Юрыя Казея. Як жа гэта цудоўна гучыць: пружанскі біг-бэнд!

Такім чынам, у конкурснай частцы “Пружанскага блюзу” ўдзельнічалі калектывы з Горадні, Салігорску, Ліды, Берасьця, Пінску і нават зь Веткі. Згадзіцеся, дастаткова сур’ёзнае прадстаўніцтва. Тым ня менш, фэстываль дагэтуль мае статус раённага і праводзіцца выключна за мясцовыя сродкі.

Сёлета журы конкурсу ўзначальваў дацэнт Беларускага ўнівэрсытэту культуры Аляксандар Карацееў. Вось як ён ацэньвае значэньне фэсту:

(Карацееў: ) “Тое, што ў нас музычнае мастацтва пачало культывавацца ў малых гарадах, гэта, безумоўна, паказчык таго, што культура пачынае запаўняць усе куточкі нашай краіны. Некаторыя, відаць, былі зьдзіўленыя, што ў Пружанах загучаў джаз і сабраў такія цікавыя аркестры. На наш музычны форум сабралася столькі музыкаў, што сталіца, прабачце, можа проста пазайздросьціць. Будзем спадзявацца, што ва ўсіх маленькіх гарадах будуць зьяўляцца новыя, няхай і невялікія, аркестры, малыя ансамблі. І гэта таксама будзе якасным паказчыкам нашай культуры — і джазавай, і харавой, і духавой”.

(Падбярэскі: ) “Безумоўна, выканальніцкі ўзровень удзельнікаў конкурсу быў розны. З аднаго боку, гэта цалкам аматарскі бэнд “Экспромт” зь Веткі, у складзе якога, што цікава, выступаюць “легіянэры” з суседняй Чарнігаўшчыны, з другога — гэта сапраўды высокапрафэсійны бэнд філярмоніі ў Горадні пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова, які ня сорамна паказваць і па-за межамі краіны. А вось Салігорск быў прадстаўлены аж трыма аркестрамі, у тым ліку й адзіным у Беларусі дзіцячым біг-бэндам. Вось што сказаў Валянцін Мацьвееў, кіраўнік салігорскага бэнда “Юнацтва Палесься”.

(Мацьвееў: ) “Усё ж такі мы маем у Беларусі джаз. Як бы там ні разьвіваліся іншыя жанры, джаз у нас таксама разьвіваецца. І хачу сказаць, што ў нас маюцца вельмі добрыя аркестры. У Пружанах я пачуў проста выдатны аркестар Гарадзенскай філярмоніі. Гэта тое, што трэба!”

(Падбярэскі: ) “Практычна ўсе ўдзельнікі фэстывалю былі адзначаны падарункамі, фундаванымі мясцовымі прадпрыемствамі. Індывідуальны прыз атрымаў і саліст біг-бэнда Салігорскага цэнтру дзіцячай творчасьці трубач Ягор Сушчэня, які бліскуча, як на ягоны ўзрост, саліраваў у славутай п’есе Гершвіна “Summertime”. Варта згадаць і аркестар зь Пінску пад кіраўніцтвам Валерыя Лінко, які вызначаўся добрай экспрэсіяй, сапраўдным джазавым драйвам.

І ўсё ж цягам двух дзён у Пружанах мяне не пакідала думка: а што далей? Ці зьвернуць увагу на фэстываль хоць бы абласныя ўладныя структуры? Наогул, ці надоўга хопіць энтузіязму ў арганізатараў? Паслухаўшы намесьніка старшыні Пружанскага гарвыканкаму Віктара Макарэвіча, я пераканаўся: джаз у Пружанах пасяліўся, відаць, надоўга.

(Макарэвіч: ) “Адназначна, фэстываль — гонар для Пружанаў, пружанцаў. Падыходзілі да мяне і кіраўнікі аркестраў, і сябры журы, дзякавалі за тое, што прыгожа, што акуратна. Нават нягледзячы на тое, што былі нейкія шурпатасьці, нейкія збоі ў праграме, — усё добра! Вось “Лад” быў, нашае тэлебачаньне берасьцейскае. Яно выйдзе на краіну. Ну дык гэта ж прапаганда! Прапаганда нашага гораду, нашых людзей”.

(Падбярэскі: ) “Вы будзеце нешта рабіць, каб гэты фэстываль займеў статус рэспубліканскага?”

(Макарэвіч: ) “А як жа! Адназначна! Такая мэта ў нас ёсьць, і мы, думаю, ужо на наступны год дойдзем да гэтага ўзроўню. Цяжка было спачатку. Я думаў: ай, ну джаз, джаз, ня ўсе яго разумеюць. Можа, ня так ён успрымаецца, як клясычная музыка ці эстрада… Я таксама ў маладосьці, юнацтве крыху музыкантам быў. Добра, калі музыка гучыць, жывая музыка!”
XS
SM
MD
LG