Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сталінскія суды ў Беларусі?


Радыё Свабода Зараз у Сьветлагорску судзяць Сяргея Ярашэвіча, які параўнаў судзьдзяў рагачоўскага райсуду Ўладзімера Саламейчука і Мікалая Рубісава са сталінскімі судзьдзямі. А ці сапраўды цяперашнія суды падобныя на сталінскія? Адказы людзей ля будынку суду Цэнтральнага раёну Менску запісаў наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Я лічу, што сёньняшнія яшчэ горшыя, чым тыя. Пра тыя ўжо ўсе ведалі, што яны ўсіх пасадзяць. Цяпер спадзяюцца, што могуць адпусьціць на волю, а яны ўсё роўна садзяць. Я лічу, што цяпер горш, чым было”.

(Спадарыня: ) “У мяне былі моманты, калі мне трэба было б зьвярнуцца ў суд. Я працавала прадпрымальнікам. Але гэта нерэальна — выйграць у нас якую-небудзь справу. Наш суд — як загадае дзяржава, так і будзе. У мяне іншага меркаваньня няма”.

(Юнак: ) “Існуюць пэўныя паралелі, але пры сталінскіх судах было яшчэ горш”.

(Карэспандэнт: ) “Ці лічыце, што суды ў Беларусі можна параўнаць са сталінскімі?”

(Спадар: ) “У прынцыпе — так! Гэтак жа Лукашэнку аддалі ўсё ў ягоныя рукі. Пажадае — памілуе, а не — пакарае”.

(Дзяўчына: ) “Ну, я ня стала б параўноўваць. Таму што кожная зьява, якая сустракаецца, усё-такі індывідуальная. І тое, што тады адбывалася, усё ж было горшае”.

(Спадар: ) “Бяспраўе творыцца поўнае. Калі чалавек скраў мех бульбы — яму даюць тры гады. А калі хлопец зьбіў старога ці каго яшчэ — таксама даюць тры гады”.

(Дзяўчына: ) “Ну так, безумоўна. Мы бачым на прыкладзе таго ж Чыгіра з Бабруйску, што чалавек ня мае права выказваць сваю думку. І ня мае выйсьця. Я лічу, што суды патрабуюць зьменаў”.
XS
SM
MD
LG