Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч займаўся прэтэнзіямі студэнтаў праграмы Каліноўскага


Альгерд Невяроўскі, Менск Учора лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч наведаў Варшаву. Ён сустрэўся са студэнтамі-ўдзельнікамі праграмы польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага й супрацоўнікамі польскага стыпэндыяльнага бюро. Нагодай для сустрэчы сталі прэтэнзіі многіх студэнтаў з прычыны разьмеркаваньня ня ў тыя ВНУ, у якія яны хацелі.

Скандал з-за разьмеркаваньня ўдзельнікаў стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага пачаўся некалькі дзён таму. Пра яго прычыны гаворыць удзельнік праграмы Барыс Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “Асноўная праблема ў тым, што існавала шмат тэхнічных памылак, калі людзей накіроўвалі не на тыя спэцыяльнасьці, на якіх яны навучаліся ў Беларусі. І шмат у каго не супадалі пажаданьні з тым, куды іх разьмеркавалі”.

Некаторыя студэнты абурыліся, што іх разьмеркавалі ня ў тыя польскія гарады, якія яны абіралі ў сваіх заявах на вучобу. Студэнты гавораць, што спачатку ім дазволілі выбраць тры гарады, у якіх яны хацелі вучыцца, а таксама навучальную ўстанову і спэцыяльнасьць.

Студэнтка чацьвёртага курсу псыхалёгіі Анастасія Шымко месцам навучаньня ў Польшчы абрала Ўроцлаў, а яе накіравалі ў Люблін. Насьця гаворыць, што там у яе няма сяброў і знаёмых. Аліну Жызьнеўскую спачатку накіравалі вывучаць паліталёгію ў невялічкі гарадок Пултуск у цэнтральнай Польшчы.

Каля васьмідзесяці студэнтаў напісалі заявы, у якіх адмовіліся ехаць па разьмеркаваньні. Як вынік, кіраўніцтва Бюро вывучэньня Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту, якое апякуецца беларускімі студэнтамі, перагледзела вынікі разьмеркаваньня. Адбылося гэта пасьля сустрэчы дырэктара бюро Яна Маліцкага зь лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, які адмыслова прыяжджаў у Варшаву. Гаворыць Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Я бачыўся са студэнтамі сёньня і ўчора ўвечары, калі ўжо былі вывешаныя новыя сьпісы разьмеркаваньня. І не было ніводнага незадаволенага твару. Я думаю, што тут не хапіла інфармацыйнага абмену, не хапіла камунікацыі паміж бюро і студэнтамі. Яны занадта мала ведалі пра тое, як будзе праходзіць разьмеркаваньне і на якіх прынцыпах. Мала мелі інфармацыі пра тое, што ў Польшчы і ў невялікіх гарадах ёсьць цудоўныя ўнівэрсытэты. Хаця былі і відавочныя памылкі. Напрыклад, шэраг людзей атрымалі накіраваньне на спэцыяльнасьці, якія ня маюць дачыненьня да іх жаданьня”.

А вось супрацоўніца Бюро праграмы імя Кастуся Каліноўскага ў Варшаве Ірына Лаўроўская інакш глядзіць на гэты скандал:

(Лаўроўская: ) “Я абураная. Абураная хамствам, абураная крыкамі, абураная тым нахабствам, зь якім некаторыя студэнты сябе паводзілі, зь якім яны давалі інтэрвію газэтам. Баюся, што такія неабгрунтаваныя звышамбіцыі студэнтаў, каб яны не атрымалі вялікі ляп пасьля першай сэсіі”.

Цягам сёньняшняга дня павінна вырашыцца пытаньне апошніх трыццаці беларускіх студэнтаў, якія былі не задаволеныя вынікамі разьмеркаваньня.
XS
SM
MD
LG