Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менчукі ставяцца да ўсынаўленьня беларускіх сіротаў замежнікамі?


Радыё Свабода Як вы ставіцеся да ўсынаўленьня беларускіх дзяцей замежнымі грамадзянамі? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Я — адмоўна. Бо свае дзеці павінны быць у сваёй краіне. Яны тут акліматызаваныя, яны тут дома. Дзеці-сіроты бываюць і добрымі дзецьмі. А за мяжой яны добрымі быць ня могуць. Тым больш з такімі чужымі бацькамі”.

(Спадар: ) “У цяперашняй сытуацыі няхай яны лепш за мяжу едуць, пакуль Лукашэнка пры ўладзе. Бо мы коцімся ў прорву”.

(Спадарыня: ) “Калі нашыя бяруць сабе дзяцей, то таксама ёсьць і станоўчыя, і адмоўныя моманты. Таму трэба ўсё ўзважваць і не гандляваць дзецьмі. Самае галоўнае, каб яны былі шчасьлівыя, здаровыя і знайшлі новую сям’ю. Гэта вельмі шмат значыць”.

(Юнак: ) “Калі нашыя родныя беларусы ня могуць гэтага зрабіць альбо ня хочуць, то няхай усынаўляюць. Але каб гэта не набыло вялікага маштабу. Бо ня вельмі добра, калі дзеці ў масавым парадку пакідаюць краіну. Хоць нейкая абарона павінна быць у нашых дзяцей тут, у Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як ставіцеся да ўсынаўленьня беларускіх сіротаў замежнымі грамадзянамі?”

(Спадар: ) “Ну, калі тут ня могуць забясьпечыць, то чаму і не? Зь іншага боку, калі не вяртаюць дзіця, то спачатку вярніце, а пасьля законным шляхам неяк дамагайцеся. А зь іншага боку, калі дзіцяці там лепш, то спытайцеся ў яго пра гэта, пагаварыце зь ім. Тым больш, што дзіця гэтае — сірата, у яго тут нікога няма, то няхай застанецца там, дзе яму лепш”.

(Юначка: ) “Хацелася б, каб нашыя дзеці заставаліся ў нашай краіне. Бо гэта нашая спадчына, нашае пакаленьне, нашыя людзі. Зь іншага боку, вельмі здорава, калі дзеці становяцца шчасьлівымі. Калі бацькі для дзіцяці сапраўды становяцца бацькамі, то гэта тое, што патрэбна кожнаму чалавеку”.

(Спадарыня: ) “Я так думаю, што калі трапіць у добрую сям’ю, то няхай усынаўляюць. Бо іншы раз бачыш, як нашыя беларусы ўсынаўляюць, і бачыш, як яны кепска абыходзяцца з гэтымі дзецьмі. Робяць гэта для таго, каб ім выплачвалі за гэта грошы, а пасьля зьдзекуюцца зь дзяцей. Калі ў добрую сям’ю, то чаму б і не?”

(Юнак: ) “Калі знойдуцца тыя з нашых суайчыньнікаў, хто пажадае ўсынавіць гэтых сіротаў, то гэта было б вельмі добра. Але ж, на жаль, ня вельмі шмат такіх людзей. А таму лепей няхай будуць за мяжой, чым яны ўвогуле застануцца без бацькоў. Таму да замежнага ўсынаўленьня я стаўлюся добра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG