Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці захавае кааліцыя дэмсілаў адзінства перад мясцовымі выбарамі?


Валер Каліноўскі, Менск Учора сустрэліся кіраўнікі выбарчых штабоў чатырох апазыцыйных партыяў — Партыі камуністаў Беларускай, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” і незарэгістраванай Партыі працы. Яны пастанавілі каардынаваць свае дзеяньні падчас падрыхтоўкі да мясцовых выбараў. На нарадзе не прысутнічалі прадстаўнікі Партыі БНФ, БСДГ і Партыі жанчын “Надзея”. Ці сьведчыць гэта пра раскол у шэрагах аб’яднаных дэмакратычных сілаў

Кіраўнікі перадвыбарчых штабоў дамовіліся пра першыя крокі ў межах “чацьверкі” — у тым ліку пра супольныя паездкі прадстаўнікоў гэтых партыяў у рэгіёны. Раней Палітрада аб’яднаных дэмакратычных сілаў вырашыла стварыць агульную групу для каардынацыі падрыхтоўкі да мясцовых выбараў. Ці не супярэчаць гэтаму дзеяньні “чацьверкі”? Лідэр ПКБ Сяргей Калякін кажа, што не, запрошаныя былі ўсе ўдзельнікі кааліцыі:

(Калякін: ) “Мы прапанавалі, што час ідзе, а нічога ня робіцца, і трэба хутка склікаць кіраўнікоў штабоў, каб яны пачалі каардынацыю гэтай працы. Чаму там было толькі чатыры, я ня ведаю. Можа, астатнія не зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, гэта ўжо іншая справа”.

Партыя БНФ плянуе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, заявіў яе лідэр Вінцук Вячорка, але яе прадстаўнікі ня трапілі на ўчорашнюю нараду:

(Вячорка: ) “Таму што там нас ня хочуць, таму што гэта сэпаратная структура, якая навязваецца кіраўнікамі гэтых партыяў сваім нізавым структурам, яны пачалі са стварэньня на месцах сваіх асобных міні-кааліцыяў: ПБК, АГП, “казулінцы”, дзе сьвядома адмяжоўваліся ад Фронту”.

Вінцук Вячорка лічыць, што трэба рыхтавацца да выбараў у межах структураў аб’яднаных дэмсілаў: палітрады, сакратарыяту. Сэпаратныя дзеяньні спадар Вячорка ацаніў наступным чынам:

(Вячорка: ) “Я разглядаю гэта як прамаскоўскую кааліцыю, задача яе — пазыцыянавацца асобна ад фронту і разбурыць цяперашнюю канфігурацыю аб’яднаных дэмакратычных сілаў”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька зазначае, што на мінулым паседжаньні Палітрады ён прапанаваў старыць аўтаномную групу для каардынацыі падрыхтоўкі да выбараў, але рашэньне не было прынятае. Тым часам да старту кампаніі засталіся лічаныя тыдні:

(Лябедзька: ) “Улічваючы тое, што гэтая прапанова не была прынятая, тыя, хто палічыў, што гэта неабходна і важна, утварылі такую групу. Фактычна гэта ёсьць рэалізацыяй таго пляну дзеяньняў, які быў намі супольна прыняты. Проста па-рознаму глядзяць на палітычную кампанію “мясцовыя выбары” суб’екты кааліцыі”.

Адрозна ад Анатоля Лябедзькі, сябар АГП Віктар Карняенка спробу стварэньня асобных групаў у межах кааліцыі расцэньвае як пагрозу расколу:

(Карняенка: ) “Лічу, што гэта небясьпечна, у гэтыя гульні гуляць ня трэба. Тым больш, што, як правіла, у рэгіёнах усе дастаткова добра дамаўляюцца, тут праблема, хутчэй за ўсё, у кіраўніцтва. Ёсьць нейкая палітычная матывацыя — стварыць такую вузкую кааліцыю і адмежавацца ад самага раскручанага апазыцыйнага палітыка Аляксандра Мілінкевіча. Я гэта ўспрымаю менавіта так”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG