Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Бог даў Віцы Мароз шанец жыць у краіне, дзе паважаецца чалавек, яго чалавечая годнасьць"


Радыё Свабода

(Марыя Бартось, в.Квасоўка Гарадзенскага р-ну: ) “Віка жыла ў краіне, дзе пануе страх. Правільна зрабіла дзіцё. Дзеці добра адчуваюць страх. Калі у нашай краіне кіравалі б Мілінкевіч, Казулін, Лябедзька, Вячорка, Клімаў, Віка ў Італіі не засталася... Мы ўсе чакаем пераменаў і думаем, што хтосьці за нас гэта зробіць. А дзеці пакутуюць, а нам сорамна перад імі, малымі”.

(Валянціна, Глыбокае: ) “Я ня слухаю беларускае радыё, каб не нахапацца атруты. Але выпадкова пачула: дыктар прыемным маладым голасам сказаў (размова ішла пра калгасы), што, канечне, у нас ёсьць перадавыя гаспадаркі, але супрацоўніцтва з дацкімі фэрмэрамі, досьвед дацкіх фэрмэраў нам не перашкодзіць. Уявіце сабе: “Не перашкодзіць!” Пры адпаведным настроі можна слухаць. Калі на дзяржаўным радыё і тэлевізіі працуюць клоўны, дык вельмі нахабныя і вельмі злыя. Нават паважаючы сябе клоўн за грошы знаходзіць пачуцьцё меры. Наконт Вікі Мароз. Трэба знайсьці нейкае юрыдычнае выйсьце, вяртаць яе сюды нельга. Бог даў ёй шанец мець блізкіх людзей, годнае выхаваньне, адукацыю, і, галоўнае, яна будзе жыць у краіне, дзе паважаецца чалавек, яго чалавечая годнасьць. Мой сын у эміграцыі ў параўнальна небагатай эўрапейскай краіне. Калі вяртаюся ад яго сюды дахаты, паверце, тыдні два цяжка прывыкаю. Вочы і вушы ня хочуць успрымаць. Аднойчы чула ад нашага кіраўніка, ён крычаў так: “Гэтая атлусьцеўшая Эўропа!” Няхай знойдзе сродкі, каб раніцай падаваць людзям чысты аўтобус, а то пыл з падлогі ўвесь дрынчыць, дзьверы ляскаюць, зімой у ім холадна. Што ж, пасьля Эўропы па гуманітарнай дапамозе трапіў у адпаведныя рукі. Добра, каб па гэтай дапамозе нам дасылалі лямпачкі асьвятляць вуліцы, мэдычнае абсталяваньне, каб не глытаць, прабачце, шлангі, здаючы аналізы. Ды ўсяго ня скажаш. Як гэта яшчэ нашы беларусачкі, купляючы на невялікі заробак тоненькія абцасы, прыгожа ходзяць на іх па змрочным асфальце?! Што ж, будзем жыць, калі так…”

(Спадарыня: ) “Уражвае тое, што ў Лукашэнкі ўвесь час нехта вінаваты ў тым дрэнным, на яго погляд, што адбываецца ў Беларусі. Цяпер ужо заходнія дыпляматы вінаватыя ў змове супраць Беларусі. Калі яму і блюзьніцца нейкая змова, то гэта ніяк не датычыцца Рэспублікі Беларусь, а, хутчэй за ўсё, супраць Лукашэнкі і ягонай палітыкі, якая накіраваная супраць простага беларускага народу, у якога ён адняў практычна ўсё. Крывадушшу гэтага чалавека няма межаў. Манія вялікасьці зьела ўсю яго сьвядомасьць. Гэты чалавек працуе толькі на сябе і тых, хто да яго ляяльны. Ён перад усім сьветам спрабуе зрабіць высакароднай сваю асобу. Чалавек, ня здатны прызнаць сваіх памылак, зьяўляецца дробнаю асобаю, але вялікім эгаістам. Час ужо Лукашэнку зразумець сваю сутнасьць і прыслухацца да таго, што сказала слухачка “Свабоды” пра яго адстаўку, то бок 19 верасьня скончыліся яго паўнамоцтвы. Усе прынятыя рашэньні ў дачыненьні лёсу Рэспублікі Беларусь гэтым чалавекам лічыць несапраўднымі і пры першай магчымасьці адмяніць, бо Лукашэнка парушыў канстытуцыю, застаўшыся ва ўладзе больш двух тэрмінаў.”

(Спадарыня: ) “Дзень добры, шаноўная “Свабода”! Я бяз Вас, як бяз сэрца”.

(Алена, Наваградак: ) “Дарагая “Свабода”! Дзякую за сустрэчу з Данчыкам, нашым беларускім салавейчыкам. Вельмі шкада, што верасень сканчваецца”.

(Аляксандр Яцкевіч, Віцебск: ) “Добры дзень, “Свабода”! Хачу адказаць на пытаньне тыдня. Што зробіш? Калі мая дачка паехала ў Турцыю, можна сказаць, як малпачка на вяроўцы, і тое даслала такое паведамленьне: “Калі мне ўдасца як-небудзь застацца, ніколі назад не вярнуся”. Пра што тут можна гаварыць?! Мы яшчэ толькі з дрэў пачынаем злазіць, а людзі жывуць нармалёвым жыцьцём. Дзякуй вялікі”.
XS
SM
MD
LG