Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледчыца выявіла, як выглядала Берасьце часоў Рэчы Паспалітай


Валер Каліноўскі, Менск Берасьцейскі навуковец Ірына Лаўроўская гэтымі днямі прымае віншаваньні ад сяброў і калег. Яе 15-гадовая праца па дасьледаваньні архітэктурнага аблічча старажытнага Берасьця да разбурэньня горада ў 19-м стагодзьдзі атрымала прызнаньне. На аснове сваіх дасьледаваньняў спадарыня Лаўроўская падрыхтавала доктарскую дысэртацыю, якую днямі абараніла ў Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук, а таксама напісала кнігу. Кніга можа стаць асновай для будучага аднаўленьня страчанай спадчыны, мяркуе дасьледчыца.

Ірына Лаўроўская жыве ў сучасным Берасьці, дзе няма ніводнага будынка, старэйшага за 200 гадоў. Берасьце да 1830-х гадоў, па архітэктурнаму выгляду не саступаў найбольшым прыгожым эўрапейскім гарадам. Паводле загаду расейскага цара Мікалая І, горад быў зьнішчаны, а на яго месцы пабудаваная крэпасьць. Гараджане вымушаныя былі ўзводзіць новыя дамы ў полі.

У савецкі час гэты гістарычны факт замоўчвалі. На пачатку 90-х пра гэта стала шырока вядома. Тады ў Берасьці ўзьнікла грамадзкае аб’яднаньне “Стары горад”, якое ўзначаліла архітэктар Ірына Лаўроўская. Гадамі ў розных архівах яна шукала зьвесткі пра тое, як выглядала Берасьце да захопу Расейскай імпэрыяй. К канцу 90-х гэтая праца стала нявыгаднай уладам. У 1999 годзе Ірына Лаўроўскую прымусілі звольніцца з Берасьцейскага дзяржаўнага унівэрсытэту – за палітычную і грамадзкую актыўнасьць, сяброўства ў БНФ, удзел у апазыцыйных акцыях, назіраньні за выбарамі. Але ў складаны дасьледчыца знайшла матэрыяльную і навуковую падтрымку ў Польшчы.

(Лаўроўская: ) “У 2001 годзе я атрымала падтрымку ўрада Польшчы і 2 гады мела стыпэндыю. Тады я і закончыла свае дасьледаваньні”.

Доктарскую працу па дасьледаваньні пляніроўкі і гістарычнага аблічча старога Берасьця спадарыні Лаўроўскай давялося перакладаць з беларускай мовы на польскую. На гэтай мове напісаная і кніга, якая мае выйсьці ў Польшчы. Але Ірына Лаўроўская рыхтуе і беларускі варыянт, спадзеючыся апублікаваць яго на радзіме.

(Лаўроўская: ) “Гэта такое прадстаўленьне, як бы адкрыцьцё выгляду таго горада, ягонага характару, яго прыгажосьці. Тое, што было проста выкрэсьлена з нашага ўжываньня, з нашага ўяўленьня аб сваёй культуры, гістарычных набытках”.

Ірына Лаўроўская ганарыцца тым, што ёй удалося выявіць і аднавіць цэлую сыстэму забудовы старажытнага Берасьця, і мяркуе, што гэта можа быць карысна для будучых архітэктараў, якія захочуць аднавіць дамінанты горада пачатку 19 ст.:

(Лаўроўская: ) “Што гэта дае? Вось уявіце сабе тэрыторыю Брэсцкай крэпасьці, на якую накладваецца гэтая модульная сетка, і згодна з ёю можна з памылкай да аднаго мэтра выявіць, дзе стаяў напрыклад, палац Чартарыйскіх, як была разьмешчаная ратуша. Для далейшых дасьледаваньняў гэта вельмі важнае адкрыцьцё”.
XS
SM
MD
LG