Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алькаголікаў зьбіраюцца прымусова лячыць “на даму”


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства аховы здароўя зацьвердзіла пастанову “Аб парадку правядзеньня амбуляторнага прымусовага лячэньня ад алькагольнай залежнасьці”. Неабходнасьць гэтых захадаў мэдыкі тлумачаць далейшай алькагалізацыяй беларускага грамадзтва.

У Міністэрстве аховы здароўя кажуць, што існуюць захворваньні, з-за якіх алькаголіка нельга зьмясьціць у так званыя ЛТП. Таму мэдыкі вымушаныя лячыць такога чалавека амбуляторна і часта бяз згоды пацыента, кажа галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук:

(Максімчук: ) “Наркалёгія – гэта вельмі складаная дысцыпліна. Нават прывесьці хворага да лекара і тое складана. Раней гэтая практыка была меншай, а зараз стане прымяняцца больш. Проста гэта набыло юрыдычны характар”.

Паводле спадара Максімчука, п’янства і алькагалізм за апошнія дзесяць гадоў у Беларусі набылі масавы характар. Гэтак, зь 1995 па 2005 год спажываньне сьпіртовых напояў на душу насельніцтва павялічылася з 6 да 9 літраў абсалютнага алькаголю. Больш як утрая вырасла колькасьць падлеткаў, якія пастаўленыя на ўлік у наркадыспансэрах. Не выпіваюць толькі 15% моладзі. Чаму ў Беларусі пашыраецца п’янства, пытаюся ў мінакоў на вуліцах сталіцы.

(Юнак: ) “Для моладзі алькаголь – гэта яшчэ савецкае, калі ўсе сьвяты без застольляў, алькаголю не абходзіліся. А ўвогуле п’юць з-за таго, што ў людзей няма ніякага іншага адпачынку”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, што імі кіруе. Можа проста яшчэ не зразумелі што такое здароўе. Калі пытаньне здароўя паўстане, во, тады чалавек пачынае зусім па-іншаму думаць!”

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё гэта самы лёгкі спосаб адпачыць. Канечне, каб у чалавека былі грошы, то ён бы знайшоў сабе іншыя формы адпачынку: некуды зьезьдзіў ці схадзіў. А так, я думаю, гэта самы даступны сродак забыцца на свае праблемы”.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, за апошнія пяць гадоў колькасьць людзей, якія пакутуюць ад хранічнага алькагалізму, павялічылася з 122 да 172 тысяч. Агулам на наркалягічным уліку каля 260 тысяч чалавек, 35 тысяч зь іх – жанчыны. Алькаголікаў-жанчын у Беларусі становіцца больш на 5 тысяч асобаў кожны год. Магчымасьць прымусовага лекаваньня гэтых людзей у хатніх умовах камэнтуе лідэрка Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна:

(Пеціна: ) “Быццам бы дзяржава нешта робіць, але ж праблема алькагалізму не зьмяншаецца. Таму мне здаецца, што варта было б большую ўвагу зьвярнуць на вытокі праблемы. Бо людзі сьпіваюцца ня толькі таму, што няма працы, ня толькі таму, што ня могуць сябе рэалізаваць. Мне падаецца, многія сьпіваюцца таму, што ў нас абмежаваная свабода. У нас пра гэта не гавораць. А варта было бы адкрыта гаварыць аб вытоках, я б сказала, нацыянальнай трагедыі”.

Гаварыла сустаршыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна.
XS
SM
MD
LG