Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і нашто стварае Зьвяз беларускіх работнікаў?


Радыё Свабода У Менску адбыўся сход, на якім вырашана стварыць Зьвяз беларускіх работнікаў. У сходзе ўзялі ўдзел 110 дэлегатаў з 80-ці прадпрыемстваў, у тым ліку прамысловых гігантаў – “Беларуськалія”, менскіх аўтамабільнага і трактарнага заводў, “Гомсельмашу”, “Хімвалакна”. Якія мэты і задачы новай арганізацыі? Расказвае Іна Студзінская.

Арганізатарам прадстаўнічага сходу работнікаў стаў Фонд садзейнічаньня інтэграцыі Беларусі і Расеі. Яго кіраўнік, сакратар Партыі камуністаў Беларускай Валер Ухналёў сьцьвярджае, што Фонд выступіў толькі ў ролі каардынатара. А кірункі дзеяньня будучага Зьвязу вызначаць самі работнікі.

(Ухналёў: ) “Гэта была размова работнікаў. Мы ні ў якім выпадку ніяк не ўплывалі на гэтую размову, мы проста дапамаглі людзям сабрацца. І тое, што яны вырашылі – гэта іх рашэньне, гэта не рашэньне Фонду інтэграцыі. Наступным разам мы зьбяром настаўнікаў, потым яшчэ кагосьці. Мы б хацелі пачуць менавіта іхнія ўражаньні, імкненьні – што б яны хацелі”.

Спадар Ухналёў распавёў, што на сходзе выступаў рабочы з рагачоўскага заводу “Дыяпраектар”, які атрымлівае 150 – 200 тысяч у месяц, і шахцёр з Салігорску з заробкам у 2 мільёны. І абодва не задаволеныя тым, колькі яны атрымліваюць, а яшчэ – кантрактнай сыстэмай. Такія людзі, лічыць Валер Ухналёў, павінны аб’яднацца у саюз, які можа ператварыцца ў магутны рабочы рух.

А што думаюць самі рабочыя? Гаворыць адзін з актывістаў новага руху:

(Рабочы: ) “Гэта не палітычная партыя, не грамадзкае аб’яднаньне – а для абароны сваіх правоў. На многіх прадпрыемствах, у тым ліку і прыватных, парушаюцца правы працоўных. І, канечне, гэта кантрактная сыстэма як кабала для працоўнага чалавека, ён робіцца бяспраўным, Вырашылі, што неабходны такі зьвяз, каб рабочы мог абараняць сябе сам”.

Сёньня пачалося фармаваньне ініцыятыўнай групы па стварэньні рабочага Зьвязу. Яна падрыхтуе неабходныя юрыдычныя дакумэнты. І потым павінен адбыцца Ўстаноўчы сход. Прозьвішчы меркаваных лідэраў пакуль трымаюцца ў сакрэце. Арганізатары сходу сказалі адно: гэта – цалкам новыя імёны, людзі, не заангажаваныя ў палітыцы.
XS
SM
MD
LG